Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не хапала яшчэ з Малдовай сапсаваць адносіны» — экспэрт пра беларускую падтрымку прэзыдэнта Дадона


Прэзыдэнт Малдовы Ігар Дадон
Прэзыдэнт Малдовы Ігар Дадон

Беларусь падтрымае рашэньне прэзыдэнта Малдовы Ігара Дадона, які зьвярнуўся ў Эўразійскі эканамічны саюз з просьбай надаць ягонай краіне статус назіральніка ў гэтай інтэграцыйнай структуры.

Пра гэта паведаміў сёньня на брыфінгу прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык, адказваючы на пытаньне, як Беларусь ставіцца да гэтай ініцыятывы і ці будзе яе падтрымліваць.

«Гэтае пытаньне ўключанае ў парадак паседжаньня Вышэйшай Рады ЭАЭС у Бішкеку і будзе там разгледжанае. У адпаведнасьці з артыкулам 109 Дамовы аб Эўразійскім эканамічным саюзе рашэньне аб наданьні статусу дзяржавы-назіральніка прымаецца Вышэйшай радай з улікам інтарэсаў разьвіцьця інтэграцыі.

Гэта першы зварот аб атрыманьні статусу назіральніка пры Эўразійскім эканамічным саюзе. Адпаведна, досьведу іх адпрацоўкі пакуль няма. Але вы ведаеце, што Беларусь падтрымлівае цесныя сяброўскія адносіны з Малдовай, мы зацікаўленыя ў далейшым пашырэньні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з гэтай краінай і гатовыя рабіць гэта з выкарыстаньнем усіх мэханізмаў — ад рамак СНД да статусу назіральніка ў ЭАЭС», — сказаў афіцыйны прадстаўнік зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі.

«У мяне складаецца ўражаньне, што некаторыя беларускія чыноўнікі, мабыць, ня ведаюць, што Малдова — парлямэнцкая, а не прэзыдэнцкая рэспубліка, — сказаў Свабодзе міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі. — Яны думаюць, што прэзыдэнт Малдовы мае тыя ж паўнамоцтвы, што і Аляксандар Лукашэнка. Але насамрэч у Дадона іх нашмат меней.

Раман Якаўлеўскі
Раман Якаўлеўскі

Няма сумневу, у Бішкеку падтрымаюць просьбу прарасейскага прэзыдэнта Малдовы. Ну і што? Пасьля гэтае рашэньне паставяць на ратыфікацыю ў парлямэнце Малдовы. А ён апазыцыйны прэзыдэнту. Згадаю, што зусім нядаўна спадар Дадон зьбіраўся праводзіць рэфэрэндум аб пашырэньні паўнамоцтваў прэзыдэнта. І чым гэта скончылася? Парлямэнт сказаў, што няма сэнсу траціць на гэта бюджэтныя грошы. І ня выдзеліў сродкі.

Малдова, як, дарэчы і Грузія, — парлямэнцкая рэспубліка. Прыяжджаў у Менск нядаўна прэзыдэнт Грузіі. Але і яго паўнамоцтвы, пра што слушна адзначала Свабода, невялікія. У Беларусі былі і пакуль ёсьць больш-менш нармальныя двухбаковыя дачыненьні з Малдовай. Ну і разьвівайце іх далей. Але ж хочацца камусьці праслыць за вялікага інтэгратара. Вось і стараюцца — і дзе трэба, і дзе ня трэба».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG