Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы старшыня «Беллегпраму» заступіўся за сэканд-хэнды


Ілюстрацыйнае фота

Ідэю новай кіраўніцы дзяржаўнага канцэрну «Беллегпрам» аб урэгуляваньні крамаў ужыванага адзеньня пракамэнтаваў Tut.by былы кіраўнік арганізацыі Мікалай Яфімчык.

Мікалай Яфімчык, які кіраваў канцэрнам чатыры гады, зьвязвае папулярнасьць сэканд-хэндаў з памерамі заробкаў беларусаў. Ён заяўляе, што «сэканд-хэнд — гэта ня вельмі добра» (асабліва турбуецца за продаж апрацаванага немаведама чым дзіцячага адзеньня), але заступаецца за крамы, бо «выбар у пакупніка мае быць». Ён перакананы, што закрываць крамы ня варта, бо «Чаго можна дамагчыся аднымі забаронамі?»

«Сэканд-хэнд нараджаецца не спантанна. Як толькі падае ўзровень даходаў, усе бягуць у сэканд-хэнд. Гэта індыкатар заработнай платы насельніцтва, — разважае ён. — Сур'ёзныя задачы стаяць у павелічэньні заробкаў. Калі людзі будуць атрымліваць, як патрабуе прэзыдэнт, больш за 1000 рублёў, то, я думаю, у сэканд-хэнд ніхто ня пойдзе».

Яфімчык тлумачыць, што цяпер толькі сярэдні заробак роўны тысячы рублёў, а, напрыклад, у калгасах заробкі далёкія ад таго, «таму там папулярныя танныя пункты» і «людзі пайшлі па таннае, каб купіць невядома што».

Але ён перакананы, што нават большыя праблемы для лёгкай прамысловасьці зыходзяць ад крамаў таннага адзеньня сумнеўнай якасьці, якія ў Беларусі цяпер адкрываюць выхадцы з Цэнтральнай Азіі.

«І гэта ж ня значыць, што заўтра ж кіраўнік „Беллегпраму“ будзе ініцыяваць прававы акт, які будзе забараняць ці тое, ці тое нешта рабіць, — запэўнівае былы старшыня канцэрну. — Вядома ж, зьбяруцца і будуць абмяркоўваць, ня будзе гэта цішком. Ва ўрадзе разумныя людзі сядзяць, яны ж ня будуць адным росчыркам пяра забараняць гэтыя крамы».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG