Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі не змаглі вырабляць паўнавартасныя джынсы


Анансаваны летась у чэрвені праект вырабу беларускіх джынсаў і джынсавых пінжакоў пакуль не рэалізаваны, але і ня згорнуты, перадае tut.by заяву першага намесьніка канцэрну «Беллегпрам» Вячаслава Мірусіна.

Раней на Аршанскім ільнокамбінаце спрабавалі вырабіць ільняную тканіну накшталт джынсавай, але падабенства выйшла толькі зьнешняе — структура адрозьнівалася.

«Сказаць, што гэта паўнавартасны джынс, нельга», — сказаў Мірусін пра аршанскую спробу. Але падкрэсьліў, што праца над бізнэс-ідэяй «ільняных джынсаў» працягваецца.

«Беллегпрам» абяцае беларускія джынсы з «удобоваримой» тканіны. Саша Варламаў: «Гэта сьмешна»

Паводле словаў Мірусіна, цяпер ніці, падобныя па характарыстыках да джынсавых, вырабляюць на гарадзенскім «Гронітэксе» супольна з «Камволем» і галіновым інстытутам «Беллегпраму». Калі цяпер якасьць прадукту задаволіць пакупніка, то «чаму б і не», — разважае Мірусін. І тады «трэба глядзець каньюнктуру рынку, супаставіць суадносіны цаны і якасьці і на замову пакупнікоў рабіць гэта».

Раней Мірусін казаў, што ільняныя джынсы будуць каштаваць каля 100 рублёў, але сумняваўся, ці шмат людзей купяць джынсы за такія грошы. Лён — гэта «эксклюзіў для гурманаў», таму рабіць іх будуць «паціху, не фарсуючы падзеі». Ён зьдзіўляўся: ёсьць кантракт з Індыяй на «льняную джынсавую» тканіну на 1 млн даляраў — «ім нядорага, а нам чамусьці дорага».

Пры гэтым Мірусін не баіцца чаканага ў жніўні прыходу ў Беларусь модных крамаў Zara, Bershka і іншых: маўляў, тут беларускія тавары маюць перавагу па суадносінах цана-якасьць, а таксама па бясьпецы для спажыўца. Ён пераконвае, што з прыходам «моцных канкурэнтаў» «нічога ня рухне».

На сёньняшняй прэс-канфэрэнцыі Мірусін таксама прызнаў, што канцэрну не ўдалося выйсьці на заробак па 500 даляраў — пакуль сярэдні заробак склаў толькі 579 рублёў. Але ў канцы году, кажа Мірусін, ён павінен дайсьці да 828 рублёў. Што да прынятага Эўрапарлямэнтам скасаваньня квотаў на беларускі тэкстыль, Мірусін ня раіць чакаць імгненнага выніку і кажа пра карпатлівую працу па пазыцыянаваньні прадпрыемстваў дзеля павелічэньня паставак.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG