Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расейскі рынак у мінулым, варта выходзіць на эўрапейскі», — экспэрт пра адмену Эўразьвязам квотаў на беларускі тэкстыль


Ілюстрацыйнае фота

Эўрапарлямэнт ухваліў адмену сыстэмы квотаў на пастаўкі беларускага тэкстылю на эўрапейскі рынак. За такое рашэньне на мінулым тыдні прагаласавалі 549 парлямэнтароў.

Пра гэта піша літоўскае выданьне vz.lt са спасылкай на афіцыйнае паведамленьне Эўрапарлямэнту. 7 лютага рашэньне будзе зацьверджана Радай ЭЗ на заканадаўчым узроўні.

Дакладчык па пытаньні адмены квотаў Хану Такула заявіў, што гэты крок «зробіцца станоўчым сыгналам для Беларусі і яе бізнэсу, што будзе спрыяць больш шчыльным дзелавым сувязям і падвысіць давер інвэстараў».

Па выніках паседжаньня было адзначана, што квоты могуць быць адноўленыя ў выпадку парушэньня беларускімі ўладамі правоў чалавека.

Барыс Жаліба
Барыс Жаліба

«Відавочна, скасаваньне тэкстыльных квотаў — гэта чарговы этап у лібэралізацыі адносінаў з Захадам. Клімат пацяплеў, а значыць, Беларусі самы час скарыстацца магчымасьцю наладзіць экспарт тэкстылю ў Эўропу», — сказаў прафэсар, доктар эканамічных навук Барыс Жаліба ў камэнтары Свабодзе.

«Раней Лукашэнка заяўляў, што наша краіна не пацерпіць моцных наступстваў ад санкцыяў і нічога не губляе. Але тады былі іншыя цэны на нафту і іншая сытуацыя ўвогуле. Сёньня Беларусь перажывае эканамічны крызіс, і тыя 100–200 млн даляраў, якія мы гублялі праз санкцыі раней, цяпер уяўляюць значную суму для беларускай эканомікі», — падкрэсьліў экспэрт.

На думку Жалібы, Беларусі «варта выходзіць на эўрапейскі рынак як мага хутчэй і браць якасьцю, а ня колькасьцю».

«Сапраўды, рынак краін Эўразьвязу насычаны, ёсьць вельмі шырокі выбар тэкстылю. Але Беларусь можа прапанаваць якасныя тавары па ўмераных коштах. Усё больш паступае сыгналаў таго, што расейскі рынак застаецца для нас у мінулым», — кажа Барыс Жаліба.

Квоты на экспарт беларускага тэкстылю дзейнічалі з 1993 году. Пасьля далучэньня да Эўразьвязу дзесяці новых краін у 2004 годзе агульная квота дасягнула 10% ад аб’ёму экспарту тэкстыльнай прадукцыі. Беларускі бок, у сваю чаргу, паніжаў стаўкі мыта на ўвоз у краіну эўрапейскага тэкстылю.

«Пытаньне ссунулася зь мёртвага пункту ў сувязі з тым, што за мінулы год адбылося пацяпленьне адносін паміж ЭЗ і Беларусьсю. Менск стаў міжнароднай пляцоўкай для мірных перамоваў па ўкраінскім пытаньні, былі адмененыя санкцыі ня толькі з боку ЭЗ, але і ЗША, Канады і іншых дзяржаваў», — заявіла начальнік упраўленьня зьнешнеэканамічных сувязяў канцэрну «Беллегпрам» Ганна Дашкова, якую цытуе БелаПАН.

Паводле Дашковай, адмена квотаў стане «сыгналам таго, што зь Беларусьсю можна працаваць».

Летась канцэрн «Беллегпрам» уступіў ва ўплывовую тэкстыльную канфэдэрацыю Euratex, якая прадстаўляе інтарэсы 174 тысяч прадпрыемстваў па ўсёй Эўропе.

XS
SM
MD
LG