Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як карнавалілі менскія гіпі?


Дзяўчына ў вобразе хіпі 70-х, фота ©Shutterstock
Дзяўчына ў вобразе хіпі 70-х, фота ©Shutterstock

Ідэі і субкультуру руху гіпі, які нарадзіўся ў ЗША ў сярэдзіне 1960-х гадоў і пашырыўся на бальшыню заходніх краін, з энтузіязмам падхапіла і пэўная частка савецкай моладзі. А менавіта тая, якая не жадала жыць як усе. Пратэст супраць заведзенага парадку рэчаў, аднастайнасьці жыцьця, прымусовай гэтак званай камуністычнай маралі і нават супраць паноўных палітычных лёзунгаў і ўстановак выяўляўся ў іх ня толькі ў поглядах, а і ў зьнешніх прыкметах — ад слуханьня рок-н-ролу да джынсаў-клёшаў, доўгіх валасоў, слэнгу. Такая была тэрыторыя свабоды непаслухмяных маладых людзей у краіне за калючым дротам. Мы працягваем размову пра беларускіх гіпі з маладым дасьледчыкам гісторыі і культуры савецкай эпохі, экскурсаводам Раманам Абрамчуком.

Рух гіпі — гэта рух свабодных людзей, ці тых, хто прагнуў свабоды. Рух расфарбаваны яркімі мазкамі. Аж да карнавальнасьці. Наколькі гэта было ўласьціва менскім гіпі?

— Што да паўсядзённага жыцьця, то яно, акрамя рызыкі сутычак, было насамрэч напоўненае яркім зьместам, часам нават настолькі яркім, што здароўя не хапала.

Гэта «флэты» — вечаровыя і начныя тусоўкі на кватэрах (аднак пра канцэрты-кватэрнікі ў Менску чамусьці няма сьведчаньняў, адрозна ад таго ж Піцера, дзе гэта стала неад’емнай часткай субкультуры), супольныя вандроўкі аўтаспынам, звычайна — да сяброў у Рыгу, Піцер, у Крым на лета, дзе менскія музыкі таксама гралі канцэрты.

Але і ў менскіх гіпі быў «свой» Гурзуф — пляж № 5 на Менскім моры, дзе гіпі бавіліся групамі падоўгу і ледзь ня круглыя суткі гучала «правільная» музыка.

Вячаслаў Ракіцкі і Раман Абрамчук
Вячаслаў Ракіцкі і Раман Абрамчук

— А ці шанавалі менскія гіпі алькаголь? Мо нават траўку курылі? І ці былі ў іхным асяродзьдзі нейкія свае нормы паводзінаў? Ці лёгка было трапіць у гэтае асяродзьдзе?

— Не сакрэт, што ў гіпанскім асяродзьдзі быў у пашане алькаголь, лёгкія наркотыкі, вольныя сэксуальныя зносіны. У той жа час гіпанская моладзь была ўсё ж пераважна адукаваная, начытаная, зь нестандартным мысьленьнем, зь цікавасьцю да рэлігіяў, з павагай да беларускай мовы, а часам і зь яе выкарыстаньнем у штодзённым ужытку.

Гэта быў свой космас, які называлі «сыстэмай».

Пропускам на ўваход было — насьпяваць тую ці іншую мэлёдыю, або проста мець адпаведны зьнешні выгляд: джынсы, «патлы», «фенькі», або размаўляць на слэнгу. «Герла», «шузы», «хайр» — некаторыя з ключавых словаў гіпанскага кантэксту. Гэты космас меў канкрэтную лякалізацыю, прычым часта са сваёй спэцыфічнай тапанімікай.

— Раман, вы экскурсавод. Які маршрут менскіх гіпі вы прэзэнтуеце?

— Што да Менску, дык галоўным месцам шпацыраў быў адрэзак сёньняшняга праспэкта Незалежнасьці ад Дому афіцэраў да плошчы Незалежнасьці, які называлі «Брадвэем». Ідэя была ў тым, каб самавыявіцца: прайсьці ў «прыкідзе» (яркіх гіпанскіх апранахах) па галоўнай вуліцы, з магнітафонамі на плячах, слухаючы ўлюбёныя песьні.

Узгадваюць, што наведвальнікі ГУМу ў гэтыя хвіліны «прыліпалі» да вокнаў унівэрмагу, каб пабачыць такое шоў.

Памятаюць былыя гіпаны «Лакомку» — краму, якую любілі наведваць, каб пабавіць час за кавай і філязофскімі гутаркамі.

Крама «Лакомка» не губляе папулярнасьці і цяпер
Крама «Лакомка» не губляе папулярнасьці і цяпер

Падчас маіх роварных экскурсіяў па гэтым маршруце мы з групай сьпешваемся і шпацыруем па невялікім кавалку «Брадвэя», каля ГУМу. Я наўмысна ўключаю гучней музыку (звычайна — «All уou need is love» Джона Ленана, своеасаблівы гімн гіпі), каб прыцягнуць увагу мінакоў, каб група адчула на сабе позіркі, адчула сябе на хвілінку ў скуры менскіх гіпаноў.

Таксама сярод тусовачных месцаў узгадваюць «Ратушу» — так з іроніяй гіпаны называлі тусовачнае месца на плошчы Леніна непадалёк ад гарвыканкаму.

Папулярнасьцю карыстаўся «Зялёны пад’езд» у канцы сквэру, які сёньня называецца сквэрам Грыцаўца, бліжэй да будынку з музэем Петруся Броўкі, бо менавіта яго дзьверы былі пафарбаваныя ў зялёны колер. Чаму там? Бо праз дарогу (вуліца Леніна, 16) была, як успамінаюць, валютная крама «Бярозка» — там часта атаварваліся замежнікі, у якіх можна было набыць кружэлкі, джынсы.

— А нелегальных гандляроў называлі «фарцоўшчыкамі». Зноў вяртаемся да таго слэнгу... Мы іх добра ведалі ў твар, ведалі і месцы, дзе яны «фарцавалі».

— Нелегальным месцам продажу джынсаў і кружэлак была пляцоўка перад ГУМам, а прымяральняй — знакамітая прыбіральня пачатку ХХ стагодзьдзя. Тая самая прыбіральня, якая нядаўна ператварылася ў касы Купалаўскага тэатру. То бок Менск пакрысе апранаўся ў джынсы і тым самым падрываў падмуркі ідэалёгіі акурат пад носам у ЦК КПБ.

Яшчэ з папулярных мясьцін быў Дом масонаў (у завулку Музычным, 5) — закінуты стары дом, які меў ва ўяўленьнях гіпі выразна містычную афарбоўку. Паводле іхных слоў, там можна было праваліцца ў дзіру ў часе.

Яшчэ адно месца — «памыйка»: бар пад сучасным «Макдональдзам» на скрыжаваньні вуліцы Леніна і праспэкта Леніна, як тады называўся праспэкт Незалежнасьці.

Зьбіраліся і каля ўваходу ў кавярню «Бярозка» на плошчы Перамогі — там звычайна адбываўся абмен кружэлкамі.

Дарэчы, пазнаць «свайго» можна было і па кружэлцы пад пахай, бо як ты яе ні запакоўвай — фармат нестандартны, усё адно ўсе бачаць, з чым ідзеш.

— Якія месцы ў Менску былі найбольш тусовачнымі?

— Тусовачнымі былі і месцы, дзе праводзіліся рэгулярныя танцы з удзелам біг-біт ансамбляў: славутая пляцоўка РТІ — фае на другім паверсе, дзе «Альгарытмы» адыгралі больш за 50 канцэртаў (мая маці ўзгадвае, што тыя танцы былі вельмі папулярныя), сцэны ў бакавых «крылах» Палаца спорту, Дамы культуры менскіх мікрараёнаў. Там можна было разьняволіцца і граць тое, што пажадае душа.

А калі раптам якая-небудзь ідэалягічная праверка і завітвала нечакана ў залю, то музыкі тут жа мянялі мову сьпеваў — з ангельскай на расейскую, каб песьня для ідэолягаў гучала больш «прыстойна».

З тых вечарын, як узгадваюць, дамы культуры мелі добрыя прыбыткі.

— А мо і камсамольцы спрыялі ўзьнікненьню такіх асяродкаў?

— Трэба сказаць, што ў станаўленьні гэтых асяродкаў выконвалі важную ролю і бацькі некаторых гіпаноў — высокапастаўленыя чыноўнікі, і таемныя прыхільнікі біг-біт рытмаў у камсамольскім асяродзьдзі.

Вядома, што менскія калектывы часта выступалі на прыватных вечарынах менскіх «босаў».

А ў другой палове 1970-х пад «дахам» камсамолу ўзьнікла нават «рок-кавярня», якая называлася «Сузор’е» (захавалася на сваім месцы — на вуліцы Якуба Коласа, 28), дзе амаль без абмежаваньняў і даволі пасьпяхова граў гурт з такой самай назвай.

Пускалі туды толькі студэнтаў-выдатнікаў — і замежных гасьцей, каб прадэманстраваць ім, што ў СССР таксама ёсьць рок-музыка.

Адным словам, і тут выявілася славутая «партызанка» беларусаў: не было ў нас такога радыкальнага андэграўнду, як у Піцеры, але гіпанскае асяродзьдзе было разьвітае і няблага пачувалася, у тым ліку дзякуючы пэўнай інтэграванасьці ў афіцыйныя структуры, відавочна ці прыхавана.

— Як склаліся далейшыя лёсы менскіх гіпі?

— Па-рознаму. Вельмі нямногія выйшлі на сьцяжыну прафэсійнага занятку музыкай, хоць прэцэдэнты і шанцы былі: гурт «Зодчие» з Політэхнічнага інстытуту, «Шпакі», «Сузор’е» атрымалі прызнаньне, афіцыйны статус, добрыя прапановы, мелі гастрольныя туры, канцэрты на галоўных менскіх сцэнах.

Але найчасьцей гісторыя такіх гуртоў абрывалася, калі музыкі сканчалі ўнівэрсытэты.

Тыя ж, хто адпачатку меў прафэсійныя пляны, засталіся ў музыцы — і, мабыць жа, невыпадкова сталі яркімі асобамі на сцэне: Уладзімер Мулявін, Юры Антонаў, Аляксандар Ціхановіч, Уладзімер Кандрусевіч, Уладзімер Вугольнік, Генадзь Старыкаў і іншыя.

Ня ўсе зь іх гіпавалі ў поўнай меры, але былі так ці інакш зьвязаныя з гіпанскім асяродзьдзем, гралі там, набіралі адтуль музыкаў для сваіх гуртоў. Шлях некаторых абарваўся трагічна — нездаровы лад жыцьця даваўся ў знакі і прыводзіў да раньніх сьмерцяў, самагубстваў.

Але большасьць усё-ткі сталі яскравымі асобамі, яркімі прафэсіяналамі ў сваёй галіне. Гэта, мяркую, вынікала зь іх нестандартнага мысьленьня, уменьня ісьці насуперак грамадзкім чаканьням, нормам савецкай пурытанскай прыстойнасьці.

Сярод сучасных вядомых дызайнэраў, мастакоў — даволі шмат былых гіпі: мастак Дзьмітры Масьлій, які зьбірае фотаархіў пра тыя часы, мастак Сяргей Філіпаў, адзін зь піянэраў рэклямнай індустрыі ў Беларусі, знакаміты мастак Уладзімер Цэсьлер.

Больш за тое, гіпанства было і своеасаблівай прыступкай у духоўным узрастаньні. Некаторыя з сучасных знакамітых сьвятароў — айцец Ігар Карастылёў (настаяцель храму абраза Маці Божай «Усіх тужлівых Радасьць»), айцец Андрэй Лемяшонак (духоўнік Лізавецінскага жаночага манастыра ў Менску) — гіпаны ў мінулым, якія з сымпатыяй узгадваюць той час.

— Як контракультура, перадусім музыка, тых гіпі паўплывала на наступныя пакаленьні?

— Гэта дзіўна, але мы сёньня ня слухаем музыку тых гуртоў, хоць запісы засталіся, часам неблагой якасьці, і песьні часам сапраўды цікавыя. Але самабытны беларускі рок, цікавы для шырокай публікі, пачынае фармавацца ў 1980-х — «Мроя», «Бонда», «Уліс» ды іншыя — безь відавочнай пераемнай сувязі паміж пакаленьнямі.

На мой погляд, 1960–70-я сталі своеасаблівай падрыхтоўкай да гэтага, фармаваньнем глебы, на якой пазьней прарасьлі парасткі ўжо ў поўным сэнсе беларускай рок-музыкі.

Перакананы, што менскі біг-біт і рок-н-рол тых часоў былі адпраўным пунктам для разьвіцьця менскай альтэрнатыўнай музычнай сцэны, якая ўжо ў наш час здолела дарасьці да такіх «кітоў», як Вольскі, «Брутто» ды іншыя, творчасьць якіх цікавая ўжо ня толькі менчукам ці беларусам, але і ў іншых краінах. Усё было недарма.

Я хацеў бы, каб у Менску — ці на сьцяне РТІ, ці дзесьці на галоўным праспэкце — зьявіўся помнік або памятная шыльда ў гонар герояў гэтай гутаркі.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG