Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якая яна — беларуская школа? Якой мы хочам яе бачыць? Што мы зрабілі, каб яна была іншай? Надышоў час спытаць у адукацыі, чаму яна такая, як ёсьць. І што зрабілі мы, каб яна стала іншай? Задаем гэтыя пытаньні і абмяркоўваем разам з экспэрткай у разьвіцьці бізнэсу і маці гімназіста Крысьцінай Вітушкай у новай аўтарскай рубрыцы «Школа».

На сайтах устаноў адукацыі замест асьвятленьня адукацыйных працэсаў, знаёмства з новымі тэхналёгіямі, адкрыцьцямі навукі і дасягненьнямі культуры адбываецца непрыхаваны гандаль.

Мы ў дзяцінстве захапляліся чорна-белым Штырліцам і маталі касэты алоўкам, а пакаленьне цяперашніх вучняў, часткова народжаных «з прабіркі», скроліць кніжную старонку і носіць энцыкляпэдыю ў смартфоне. Нават тыя зь іх, хто сыдзе некалі ў даўншыфтэры, каб працаваць у сельскай гаспадарцы, не даведаюцца, як канём сена з поплаву вазіць і гной раскідаць віламі — накосіць ім робат, а праграмнае кіраваньне дазволіць задаць неабходны рэжым чысьціні ў стайні.

Фэстываль "RoboFest" у Менску, 2016
Фэстываль "RoboFest" у Менску, 2016

Мы ня мелі матывацыі вучыць замежныя мовы, бо да замежжа было далей, чым да космасу, а нашы дзеці ня лічаць дзівам ці экзотыкай адпачынак, вучобу і сям’ю за акіянам. Інтэрнэт у пушчы сёньня ўспрымаецца натуральна, як вада ў кране.

Сьвет зьмяніўся, і прагрэс не спыніць. У 2020–2050-х чалавецтву будзе падуладна значна больш, чым мы можам сабе ўявіць. Гэта выклік.

Ці вырошчваць клонаў для перасадкі органаў, застанецца пытаньнем ужо не навукі, а маралі. Віртуальная рэальнасьць пакажа Антарктыду, сьвітанак на Сатурне ці Грунвальдзкую бітву кожнаму ахвотнаму. Надрукаваць на ЗD-прынтары патрэбную рэч стане прасьцей, чым замовіць яе ў краме.

Ня будзе вялікай цяжкасьцю дасягнуць пастаўленай мэты — будзе задача тую мэту вызначыць і зразумець, якія са шматлікіх шляхоў прымальныя з пункту гледжаньня этыкі і эстэтыкі.

На чым трэба засяродзіцца сучаснай школе?

Лягічны адказ — на падрыхтоўцы чалавека да жыцьця ў новым інфармацыйным, лічбавым грамадзтве, у глябальным і хуткасным сьвеце.

Да самастойнасьці і глыбокай асабістай адказнасьці.

Да крэатыўнасьці і здольнасьці арыентавацца ў неймаверна вялікіх аб’ёмах інфармацыі.

Да разнастайнасьці, шматаблічнасьці і зьменлівасьці асяродзьдзя.

Да непахіснасьці маралі і каштоўнасьцяў.

Школа будучыні павінна ня проста даць набор ведаў, уменьняў і навыкаў, а навучыць і матываваць чалавека здабываць веды, уменьні і навыкі самастойна на працягу ўсяго жыцьця, быць генэратарам новых падыходаў і канцэпцыяў.

Прагрэс зьвёў на пшык вартасьць дысцыпліны, распарадку, уменьня сьпісваць ды круціць хвасты з гайкамі. Задача сучаснай школы — рыхтаваць нашых дзяцей да жыцьця ў іхнай будучыні.

Як уяўляе будучыню наша школа?

На сайце Міністэрства адукацыі яшчэ нядаўна можна было знайсьці нацыянальны праект з аднайменнай назвай — «Школа будучыні». Аднак пасьля папярэдняй публікацыі, дзе была анансаваная падрабязная размова пра гэты праект, ён чамусьці з сайта зьнік. І цяпер даведацца пра беларускую «Школу будучыні» мы можам толькі з афіцыйных СМІ, ад партнэраў Мінадукацыі і непасрэдна ў школах.

«Праект «Школа будучыні» пачынаўся як пілётны ў канкрэтных школах і гімназіях. Хацелася б азнаёміцца з вынікамі: як увядзеньне формы паспрыяла павышэньню пасьпяховасьці вучняў і дапамагло палепшыць адукацыйны працэс? Пажадана з канкрэтнымі лічбамі.

«Школа будучыні» — гэта не пра зьмест адукацыі. «Школа будучыні» — гэта пра форму, якую дзяржаўны канцэрн «Беллегпрам» прадае праз структуру Мінадукацыі.

Наколькі законны і этычны такі альянс?

Галоўны спэцыяліст упраўленьня агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Булаўкіна ў жніўні 2017-га заявіла, што школы ўдзельнічаюць у праекце толькі па жаданьні вучняў і са згоды бацькоў. Як здабываюцца такія «жаданьне» і «згода»? Напрыклад, маніпулятыўнымі анкетамі з прапановай выбраць: «дзелавы стыль» ці «школьная форма».

Такія анкеты раздаюць бацькам у беларускіх школах
Такія анкеты раздаюць бацькам у беларускіх школах

Адзін зь лідэраў па навязваньні (ва ўсіх сэнсах) сваёй прадукцыі ў якасьці дзелавога стылю — пінская трыкатажная фабрыка «Палесьсе». Паказальнае апытаньне можна ўбачыць на галоўнай старонцы афіцыйнага сайта polesie.by. «Што вам падабаецца ў прадукцыі «Палесься»? — «Анічога», — адказалі амаль 64%. Дзіўна: дзе ж галасы тых, хто «добраахвотна» пажадаў набыць камізэлькі «Палесьсе» ў школу?

Апытаньне наведнікаў сайта фабрыкі "Палесьсе". Скрыншот з карпаратыўнага сайта
Апытаньне наведнікаў сайта фабрыкі "Палесьсе". Скрыншот з карпаратыўнага сайта

Ня здолеўшы выйсьці на сусьветныя рынкі, прайграўшы канкурэнтную барацьбу за айчыннага спажыўца, «Беллегпрам» накінуўся на дзяцей.

Навязваньне тавараў адбываецца наўпрост праз сайты адукацыйных устаноў, праз адміністрацыю, праз настаўнікаў і бацькоў. Цікава, напрыклад, ці заплаціла ЗАТ «Калінка» Ўзьдзенскай сярэдняй школе № 2 за разьмяшчэньне рэклямы ў адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам? А ці дазваляе статут установы адукацыі аказваць рэклямныя паслугі камэрцыйнаму прадпрыемству?

На сайтах устаноў адукацыі замест асьвятленьня адукацыйных працэсаў, знаёмства з новымі тэхналёгіямі, адкрыцьцямі навукі і дасягненьнямі культуры адбываецца непрыхаваны гандаль.

Бацькам як ня дубчыкам, то бізунчыкам дыктуюць канкрэтных вытворцаў і крамы, дзе трэба апранаць дзіця. Хоць інструктыўна-мэтадычны ліст Мінадукацыі і зьмяшчае згадку, што «патрабаваць ад законных прадстаўнікоў вучняў набыцьця адзеньня пэўных гандлёвых марак і вытворцаў адміністрацыі ўстаноў адукацыі ня маюць падстаў». Але далей гаворыцца, што гэтых самых вытворцаў і асартымэнт абіраюць і ўзгадняюць паміж сабой Мінадукацыі, Мінгандлю і Беллегпрам. Гешэфт на траіх.

А як жа працэдура дзяржзакупак? Элегантная схема расьпілу бацькоўскіх грошай дазваляе яе абысьці! Выгоды гандлю і вытворцаў відавочныя. Міжволі ўзьнікае пытаньне: няўжо Мінадукацыі абсалютна бясплатна прадстаўляе свае рэклямныя і дылерскія паслугі? Няўжо чыноўнікі дабрачынна ў вольны ад асноўнай працы час шчыруюць над тым, каб камэрцыйныя прадпрыемствы атрымалі прыбытак?

Чаму ўвогуле праект са школьнай формай атрымаў такую назву — «Школа будучыні»? Навошта маскіроўка? Ці ня ў тым справа, што Палажэньне аб Міністэрстве адукацыі, зацьверджанае Саветам міністраў, утрымлівае вычарпальны пералік задач і правоў міністэрства, і гандаль вопраткай, газэтамі ці білетамі туды не ўваходзіць? Аргумэнты на карысьць школьнай формы (ці дзелавога стылю) сьмеху вартыя. Самы пашыраны зь іх — «савецкія школьнікі насілі форму». Так было ў мінулым, факт. Але пры чым тут школа будучыні? Або дзяцей рыхтуюць да мінулага?

Мы працягнем адкрытую размову пра адукацыю.

Барацьба супраць гімназій: каму не даюць спакою посьпехі таленавітых дзяцей? Мэта савецкага троечніка — замачыць выдатніка. Апрануць усіх у аднолькавую форму і адправіць у аднолькавыя школы без складаных задач і экзамэнаў, з узмоцненай фізычнай, працоўнай і ідэалягічнай падрыхтоўкай. Дзе, як ня ў Печах, спатрэбяцца выпускнікі падобных устаноў?

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.

  • 16x9 Image

    Крысьціна Вітушка

    Экспэрт па разьвіцьці бізнэсу, магістар бізнэс-адміністраваньня і дзяржаўнага кіраваньня, маці гімназіста Скончыла спэцклясу з паглыбленым вывучэньнем матэматыкі і інфарматыкі і атрымала залаты мэдаль з выявай Пагоні

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG