Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму мы плацім за бясплатную адукацыю, а яна ўсё адно бедная?


Крысьціна Вітушка

Якая яна - беларуская школа? Якой мы хочам яе бачыць? Што мы зрабілі, каб яна была іншай? Надышоў час спытаць у адукацыі, чаму яна такая, як ёсьць. І што зрабілі мы, каб яна стала іншай? Задаем гэтыя пытаньні і абмяркоўваем разам з экспэрткай у разьвіцьці бізнэсу і маці гімназіста Крысьцінай Вітушкай у новай аўтарскай рубрыцы «Школа».

Як вы думаеце, што атрымліваюць бацькі будучага вучня пасьля першага візыту да дырэктара?

  • Інфармацыю пра мэтодыкі выкладаньня?
  • Адрас сайта школы?
  • Статут школы з Кодэксам аб адукацыі?

Не!

Бацькі выходзяць з кабінэта з нумарам разьліковага рахунку, на які прапануецца добраахвотна пералічыць першую суму. Першую з шэрагу.

Беларусы для дзяцей гатовыя на ўсё. Мы купляем пясок у пясочніцы, майструем стэнды, друкуем пляны, мяняем лямпачкі, вокны, люстэркі, набываем сурвэткі, пітную ваду і парты, робім рамонты.

На просьбу Радыё Свабода маці дзьвюх гімназістак падлічыла, колькі сям'я выдаткавала на адукацыю ў верасьні
На просьбу Радыё Свабода маці дзьвюх гімназістак падлічыла, колькі сям'я выдаткавала на адукацыю ў верасьні

А потым цэнтральныя каналы ТВ паведамляюць, што падрыхтоўка ўстановаў адукацыі да навучальнага году прайшла за бюджэтныя грошы. Што набылі за іх? Самае неабходнае — напрыклад, партрэты прэзыдэнта. Напярэдадні 1 верасьня высокая камісія ацэньвае, як дырэктар з мух кулічыкі зьляпіў — пры адсутнасьці фінансаваньня навёў марафет і зрабіў ляндшафтны дызайн тэрыторыі.

Матэрыяльнае забесьпячэньне школы — гэта клопат бацькоў, шэфаў і спонсараў, якіх адміністрацыя школы павінна знайсьці і матываваць. Калі матывацыя не спрацоўвае — настаўнікі самі фарбуюць падлогу, а ў прыбіральнях няма мыла і паперы.

За што мы плацім

Дапусьцім, мы аскеты і патрабуем ад школы толькі перадачы ведаў. Тады нас чакаюць некалькі сюрпрызаў.

Мы плацім за карыстаньне падручнікамі са школьнай бібліятэкі

І працэдура адмовы ад гэтага тавару (паслугі?) не прадугледжаная. Нават калі вы іх набылі, спампавалі ў электронным выглядзе, раздрукавалі самастойна або проста ня хочаце браць — ня важна.

Аплаціўшы поўны камплект, вы можаце яго не атрымаць. Некаторых падручнікаў па-беларуску так і не распрацавалі. Кніг часам не хапае на ўсю клясу, яны могуць дастацца ў непрыдатным для выкарыстаньня выглядзе (парваныя, размаляваныя). А сёлета ўвогуле новыя абяцалі ды не пасьпелі. Мэтодыкі пераразьліку на гэтыя выпадкі не існуе.

Вы плаціце 50% ад поўнага кошту. Але гэта ня значыць, што кожныя 2 гады дзецям даюць сьвежавыдрукаваныя кнігі — падручнікі пераходзяць з рук у рукі і па 7, і па 8 год, а прыбытак ад іх выкарыстаньня для бясплатнай адукацыі максымізуецца.

Мы плацім за друк контурных карт і працоўных сшыткаў

​Падручнікі спрошчаныя так, што вучыць і вучыцца па іх цяжка. Таму настаўнікі падбіраюць дадатковыя матэрыялы: працоўныя сшыткі, атлясы, контурныя карты.

Па-беларуску многіх зь іх не выдаюць. І бацькі дзяцей зь беларускіх школ перакладаюць, макетуюць і замаўляюць друк самастойна па камэрцыйным кошце. На расейскай мове іх можна набыць у краме, але настаўнікі часта просяць ня проста па-расейску, але і выдадзеныя ў Расеі купляць.

Мы плацім за факультатывы

На ўроках нудна як таленавітым, так і ня надта здольным дзецям. Адным паглыбляць, другім даганяць веды па ўсіх прадметах прапануецца платна.

Для прыкладу: ангельская мова ў 1 клясе. Падручнік разьлічаны на два ўрокі на тыдзень, але расклад прадугледжвае толькі адзін (нібыта санітарныя нормы такія). А вось платна — колькі хочаш, на платныя заняткі санітарныя рамкі ўжо не ўплываюць. І таму, каб дзеці за год прайшлі ўвесь падручнік, а не палову, бацькі плацяць. А школам загадваюць нарошчваць аб’ёмы аказаньня платных паслуг.

Мы плацім за алімпіяды

Конкурсы і спаборніцтвы з платным удзелам, здавалася б, справа добраахвотная. Але ад іх вынікаў залежаць рэйтынгі школ і гімназій, таму настаўнікам трэба забясьпечваць прысутнасьць вучняў.​

Мы плацім за піянэрыю

​Яшчэ адна грашовая пастка — быць піянэрам: гальштук за кукіш ня купіш.

Мы плацім за «дзелавы стыль»

Беллегпрам штогод пастаўляе ў крамы мноства маркотнага адзеньня ў стылі клеркаў, афіцыянтаў, вышыбалаў ці домработніц. Яно называецца дзелавым стылем. У некаторых гімназіях і школах усім прапануюцца аднолькавыя элемэнты: камізэлькі, эмблемы, а недзе цэлыя гарнітуры ці нават форма з фартухом савецкага ўзору (шыецца на замову).

І яшчэ за «Юный спасатель», тэатар, хакей...

Рэгулярна дзецям паведамляюць, што замест урокаў усе ідуць у кіно, у масоўку нейкага афіцыёзу, на хакей ці, у лепшым выпадку, на выставу або ў тэатар. Бацькоў спрабуюць абавязаць браць квіткі ў ТЮГ, таму што тэатар дамовіўся з аддзеламі адукацыі пра запаўненьне залі.

Мінінфармацыі дамовілася пра штучнае павелічэньне накладаў незапатрабаваных выданьняў. Агентамі па падпісцы выступаюць настаўнікі, а тыя, хто ім загадаў, сядзяць у кустах.

Мы плацім за абавязковае харчаваньне

Вы ведаеце, хто пастаўляе прадукты ў школьную сталоўку? Якія гэта прадукты, хто і як іх гатуе? Як замяніць аплачаную халодную ежу на ядомую? Якую адказнасьць і хто панясе, калі дзіця, крый божа, атруціцца?

Адмовіцца плаціць за харчаваньне можна толькі пісьмова і з рызыкай трапіць у сьпіс «праблемных». Заплацілі вы ці не — калі дзіця не жадае, яно есьці ня будзе. Дык пра што насамрэч клопат: пра здароўе дзяцей ці пра рэгулярныя плацяжы?

Мы плацім за спосаб аплаты!

У межах праекту «Электронная школа» ў многіх навучальных установах зьявіліся турнікеты і карткі вучняў. Яны ж — плацёжныя карткі «Беларусбанку». Самастойную карту могуць мець толькі дзеці з 14 год, таму гэтыя карткі выпускаюцца як дадатковыя да бацькоўскіх.

І нікога не хвалюе, што вы абслугоўваецеся ў іншым банку: вы абавязаныя адкрыць рахунак і атрымаць картку ў канкрэтнай філіі Беларусбанку. Усё б нічога, але некаторыя школы патрабуюць, каб перадаплата харчаваньня ішла толькі праз гэтыя банкаўскія карткі.

Чаму гэта выгодна банку — зразумела. Але пры чым тут адукацыя?

Заканадаўства нібы забараняе навязваць тавары і паслугі. Але сыстэма адукацыі жыве на «полі цудаў», якое не жадае перасякацца з прававым полем. Ад настаўнікаў патрабуюць прадаваць то флікеры, то вопратку, то сьняданкі, то газэты, то квіткі, то банкаўскія карткі... І практычна ніколі не даюць выбару і не заключаюць ніякай дамовы — проста выстаўляюць рахунак і называюць скрайні тэрмін аплаты. Без абгрунтаваньня і абмеркаваньня. У настаўнікаў пытаць бессэнсоўна — яны ня ведаюць. Вы плаціце грошы, але ня маеце на руках ніякага дакумэнта, дзе пералічаныя вашы правы і абавязкі ці хаця б кантакты таго, хто аказвае вам паслугі ці прадае тавар, ніякіх гарантыяў.

А дзе грошы ад здачы макулятуры?

Штогод школам даводзяць нейкія разнарадкі па здачы макулятуры — па 15, па 20 кг з кожнага дзіцяці. І паперай не абмяжоўваюцца — установы адукацыі сіламі настаўнікаў і вучняў «добраахвотна» зьбіраюць палімэры, мэтал, шкло, батарэйкі і г.д.

Думаеце, гэта пра экалёгію? Не, ізноў пра эканоміку! Колькі каштуюць плошчы пад складаваньне сыравіны ў час нарыхтоўкі (і наколькі гэта бясьпечна — трымаць у будынку школы тоны старой паперы)? На які рахунак перапрацоўчыя заводы пералічваюць грошы за атрыманую сыравіну і хто імі карыстаецца?

Ці не лягічна было б выключыць школу як пасярэдніка паміж «Качелями», «Юным спасателем» і Белрэсурсамі — і скіроўваць наклады адразу на перапрацоўку?

Чым стала наша школа?

Сетка ўстаноў адукацыі ператварылася ў сетку рэалізацыі неліквіду, у выбарчыя ўчасткі з шашлыком і гарэлкай, а ў міжсэзон — у прыёмнікі другаснай сыравіны.

Канцэрны праз школы збываюць заляжалы тавар і загружаюць вытворчыя магутнасьці (дай бог, каб да выкарыстаньня дзяцей як працоўнай сілы зноў не вярнуліся). Настаўнікі зьбіраюць замовы, кантралююць аплату, здымаюць меркі, прымаюць рэклямацыі. Вытворцы не пытаюць у школаў, што ім трэба: якія канцтавары, тканіну, мэблю, будматэрыялы, аксэсуары выпусьціць — яны патрабуюць, каб мы выкуплялі названую намэнклятуру.

Часам высьвятляецца, што ніводзін з айчынных вытворцаў, напрыклад, дываноў, фіранак, лінолеуму ці камэр відэаназіраньня ня можа прадставіць сэртыфікат, які адначасова задаволіў бы МНС, санстанцыю ды іншыя правяраючыя структуры. І гэта яшчэ адна грашовая плынь — школы плацяць штрафы. Хто фінансуе аплату — бюджэт, пазабюджэт, пэдагогі з уласнай кішэні? Ці ёсьць прымальны для здаровага сэнсу адказ на гэтае пытаньне? Прыйшоў час адкрыта прызнаць і замацаваць у законах: адукацыя платная. І як спажыўцы платных паслуг мы маем права выбіраць іх, патрабаваць якасьці і абараняць свае правы ў выпадку нядобрасумленнага вядзеньня бізнэсу.

Мы працягнем адкрытую размову пра адукацыю.

«Школа будучыні: форма ці зьмест?» — тэма, якую мы абмяркуем наступны раз. Як вы думаеце (можна выбраць некалькі варыянтаў), зь якім партнэрам Міністэрства адукацыі рэалізуе праект «Школа будучыні»?

1. Тэхнапарк
2. СЭЗ
3. Эўразьвяз
4. Акадэмія навук
5. Міністэрства культуры
6. Міністэрства абароны
7. Нацбанк
8. Канцэрн «Беллегпрам»
9. Міністэрства сельскай гаспадаркі
10. Канцэрн «Белмэдпрэпараты»
11. Міністэрства аховы здароўя

Пакідайце меркаваньні ў камэнтарах. Задавайце пытаньні, далучайцеся да дыскусіі. Усе публікацыі Крысьціны Вітушкі на гэтую тэму можна знайсьці тут.

  • 16x9 Image

    Крысьціна Вітушка

    Экспэрт па разьвіцьці бізнэсу, магістар бізнэс-адміністраваньня і дзяржаўнага кіраваньня, маці гімназіста Скончыла спэцклясу з паглыбленым вывучэньнем матэматыкі і інфарматыкі і атрымала залаты мэдаль з выявай Пагоні

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG