Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта Лукашэнка гаворыць пра зьмены ў Канстытуцыю


Інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі, Менск, 6 лістапада 2015

Сьцісла :

  • Найлепшы ход у няпэўнай пазыцыі – той, які пакідае найбольш магчымасьцяў
  • Няпэўнасьці для Лукашэнкі – ціск Расеі, стан яго здароўя, стома грамадзтва і ўладнай эліты ад яго
  • Ходам зьяўляюцца самыя размовы пра зьмены Канстытуцыі, а ня ўласна зьмены
  • У стасунках з Расеяй Лукашэнка не адкідае, але і не ўхваляе варыянт з прыняцьцём канстытуцыйнага акту саюзу

Які найлепшы ход у шахматнай партыі? Той, які вядзе да мэты. Але гэта ў вызначанай, пэўнай пазыцыі. А ў нявызначанай? Той, які пакідае максымум магчымасьцяў. Заявы Аляксандра Лукашэнкі пра зьмены ў Канстытуцыі – менавіта такі ход.

Падкрэсьлю – менавіта заявы, апроч іх пакуль нічога няма. І невядома, ці будзе наагул. У чым жа няпэўнасьць сытуацыі для яго? З наступным, шостым прэзыдэнцкім тэрмінам для яго сытуацыя ясная. А вось з тым, якім будзе пасьля, у 2025 годзе? Яму тады будзе 71 год. Не глыбокая старасьць, але дакладна не маладосьць. Якім будзе тады стан яго здароўя, ня скажуць ніякія дактары.

Ва ўладзе ён тады будзе 31 год – таксама мнагавата. У Эўропе такіх доўгажыхароў няшмат прыгадаеш. Народ стамляецца ад аднаго твару. І часам гэтая стома праяўляецца раптоўна і нечакана, нават у краінах па-за межамі Эўропы.

Чаму страцілі ўладу Робэрт Мугабэ ў Зімбабвэ і Абдэль Азіз Бутэфліка ў Альжыры, што яны такое ўтварылі, за што іх зрынулі? Перад зрынаньнем – нічога такога, чаго б не рабілі раней. Проста, як кажуць, «па сукупнасьці заслугаў», назапасілася. Яны сталі старымі і хворымі.

Яшчэ адзін фактар, які робіць сытуацыю для Лукашэнкі няпэўнай – гэта Расея. Свае інтэграцыйныя прапановы яна прасоўвае настойліва, як ніколі раней. Гэта не азначае, што Менску няма чаго гэтаму інтэграцыйнаму «наступу» супрацьпаставіць. Але пэўную нявызначанасьць гэтая актыўнасьць стварае, і можна меркаваць, што яна можа нават абвастрыцца празь некалькі гадоў, бліжэй да завяршэньня тэрміну прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

Чым больш няпэўнасьці чакае наперадзе, тым шырэйшае поле магчымасьцяў варта захаваць і стварыць.

У Расеі прынамсі на экспэртным узроўні абмяркоўваецца варыянт інтэграцыі празь прыняцьцё канстытуцыйнага акту саюзу. Расейскі прэм'ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў летась прапанаваў паглыбленую інтэграцыю, грунтаваную на дамове 1999 году аб саюзнай дзяржаве. І прыняцьцё канстытуцыйнага акту гэтая дамова і прадугледжвала.

Ну дык Лукашэнка і заводзіць гаворку пра зьмены ў Канстытуцыю. Якія? А магчыма і тыя, што прапаноўваюць расейцы. Ён жа не адмаўляецца, наадварот. Але і не згаджаецца. Вось пройдуць парлямэнцкія выбары сёлета, у наступным годзе – прэзыдэнцкія. А зьмены ў Канстытуцыю – пазьней. Там бачна будзе, якія.

Ідэальным для Лукашэнкі было б, каб расейцы пайшлі насустрач у эканамічных пытаньнях зараз у абмен адно на намёкі наконт канстытуцыйных зьменаў у будучыні.

Як яно было ў 2015 годзе наконт вайсковай авіябазы: доўга абмяркоўвалі, сустракаліся, а потым Лукашэнка сказаў – якая база, я нічога ня ведаю, мы нічога пэўна не абяцалі.

Тое самае – і з унутранымі выклікамі. Якім будзе стан здароўя і яго прагноз, якім будзе расклад настрояў у народзе і ўладнай эліты – вось на выпадак, калі для Лукашэнкі гэтыя фактары складуцца неспрыяльным чынам, ён і кажа пра зьмену Канстытуцыі.

Ня ў тым рэч, што ён ведае, як хоча памяняць Канстытуцыю і калі, але хавае гэта ў сакрэце. Ён цямніць, таму што ня ведае, які будзе расклад праз пару гадоў. Лёс Мугабэ і Бутэфлікі яму не падабаецца. Размовамі пра зьмену Канстытуцыі ён дэманструе гатоўнасьць прадухіліць такое разьвіцьцё падзеяў, перадаць уладу вызначанаму пераемніку раней, чым яе адбяруць нявызначаныя.

Ходам зьяўляюцца размовы пра канстытуцыйныя зьмены, а ня ўласна гэтыя зьмены.

Стане сытуацыя больш пэўнай, дык магчыма ніякіх зьменаў у Канстытуцыю і ня будзе.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG