Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісія: Чэхія праз прэм’ера павінна вярнуць мільёны эўра


6 траўня 2019. Дэманстрацыя ў Празе супраць Бабіша

Эўрапейская камісія сьцьвярджае, што Чэхія павінна вярнуць у бюджэт ЭЗ больш за 17 мільёнаў эўра, атрыманых у выглядзе датацый фірмамі, зьвязанымі з цяперашнім прэмʼер-міністрам краіны, адным з найбагацейшых прадпрымальнікаў Чэхіі Андрэем Бабішам.

Да такой высновы прыйшлі аўдытары ЭЗ, абвінаваціўшы Бабіша ў канфлікце інтарэсаў. Па іх дадзеных, Бабіш мае наўпроставы ўплыў на разьмеркаваньне датацый, якія Чэхія атрымлівае ад ЭЗ, і пры гэтым — праз траставыя фонды — па-ранейшаму кантралюе прадпрыемствы групы Agrofert, якім дасталася частка гэтых датацый. Такім чынам, Бабіш прымаў палітычныя рашэньні, якія мелі наўпроставае дачыненьне да фінансавага дабрабыту яго прадпрыемстваў.

Цалкам дакумэнт публікуе чэскае выданьне Hospodářské noviny. Эўракамісія пакуль не пракамэнтавала гэтую публікацыю. Рашэньне аб вяртаньні грошай у бюджэт яшчэ не зацьверджана, Чэхія можа дамагацца яго перагляду. Бабіш заявіў, што няма ніякіх падставаў для вяртаньня грошай, і абвінаваціў сваіх апанэнтаў у хлусьні.

Бабіш знаходзіцца ў Чэхіі пад сьледзтвам з прычыны іншай справы, таксама зьвязанай з атрыманьнем эўрапейскіх датацый для сваёй сямейнай фірмы — як сьцьвярджаюць сьледчыя, незаконнага.

У краіне праходзяць масавыя дэманстрацыі за адстаўку Бабіша, нагодай для якіх раней стала прызначэньне міністра юстыцыі, які, як асьцерагаюцца дэманстранты, можа закрыць справу супраць прэмʼера. Апазыцыя заклікае да адстаўкі Бабіша, аднак у яе недастаткова галасоў для вынясеньня яму вотуму недаверу. Партыя Бабіша ANO заняла першае месца на выбарах у Эўрапарлямэнт, якія прайшлі ў Чэхіі на мінулым тыдні, хоць і атрымала меншую долю галасоў, чым на парлямэнцкіх выбарах раней.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG