Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнт Чэхіі выказаў давер ураду Бабіша


6 чэрвеня прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман паўторна прызначыў прэм’ерам Андрэя Бабіша (на фота)

Парлямэнт Чэхіі ў ноч на 12 ліпеня выказаў давер ураду меншасьці Андрэя Бабіша, у які ўваходзяць узначалены ім папулісцкі рух АNО ( «Акцыя незадаволеных грамадзян») і сацыял-дэмакраты.

Пасяджэньне працягвалася больш за 16 гадзін, галасаваньне адбылося каля 1-ай гадзіны ўночы. За ўрад Бабіша прагаласавалі 105 дэпутатаў, 91 быў супраць. Кааліцыю ANO і сацыял-дэмакратаў пры галасаваньні ў парлямэнце падтрымалі камуністы.

Дэпутаты ад апазыцыі зьвярнулі ўвагу на тое, што ўпершыню ад 1989 году да фармаваньня ўлады прычыніліся камуністы, а на чале яе стаіць чалавек, які знаходзіцца пад сьледзтвам у крымінальнай справе..

Паседжаньне парлямэнту на працягу ўсяго дня суправаджалася пратэстамі — спачатку на Маластранскай плошчы, а пасьля перад будынкам Палаты дэпутатаў. Скандаваньні і сьвіст пратэстоўцаў былі чуваць і ў залі пасяджэньня.

На фармаваньне ўраду ў Чэхіі спатрэбілася каля дзевяці месяцаў. Рух ANO на чале з Бабішам стаў пераможцам на парлямэнцкіх выбарах у кастрычніку 2017 году, аднак не атрымаў абсалютнай большасьці галасоў.

У студзені парлямэнт Чэхіі адмовіў у вотуме даверу ўраду, які сфармаваў Бабіш. Аднак у чэрвені прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман зноў даручыў лідэру ANO сфармаваць кабінэт.

Андрэй Бабіш — прадпрымальнік і мільярдэр. Паліцыя Чэхіі падазрае яго ў махлярстве пры атрыманьні субсыдыі ад Эўразьвязу памерам два мільёны эўра. Факт парушэньняў пацьвердзіла Эўрапейскае бюро ў пытаньнях барацьбы з махлярствам. Бабіш ўсе абвінавачаньні абвяргае і называе іх палітычна матываванымі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG