Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не дапусьцім камуністаў да ўлады»: у Празе пратэставалі супраць палітыкі прэм’ера Бабіша


Некалькі тысяч чалавек пратэставалі 5 чэрвеня ў Празе: прысутныя патрабавалі адстаўкі прэмʼер-міністра Андрэя Бабіша.

«Хочам моцны ўрад», «Мы — не твая фірма», «Не дапусьцім камуністаў да ўлады», «Не жадаем ва ўрадзе памагатых StB» (чэхаславацкі аналяг КДБ — РС): усе гэтыя плякаты — зварот да прэмʼер-міністра краіны мільярдэру Андрэю Бабішу.

Пратэстоўцы асьцерагаюцца, што дзякуючы Бабішу і яго палітыцы да ўлады ў краіне зноў могуць прыйсьці камуністы.

У кастрычніку 2017 года рух Бабіша ANO ( «Акцыя незадаволеных грамадзян» — РС) упэўнена выйграў парлямэнцкія выбары. Пасьля чаго прэзыдэнт краіны Мілаш Зэман прызначыў Бабіша прэмʼер-міністрам і даручыў сфарміраваць урад.

Але лідэры астатніх партыяў, якія ўвайшлі ў парлямэнт, адмовіліся весьці перамовы аб уваходжаньні ў кабінэт міністраў. Яны заявілі, што не жадаюць працаваць пад кіраўніцтвам чалавека, у дачыненьні да якога ідзе расьсьледаваньне: мільярдэра Бабіша падазраюць у незаконным атрыманьні на адну з сваіх фірмаў 2 млн эўра ў якасьці субсыдыі ад Эўразьвязу.

У выніку створаны новым прэмʼерам урад меншасьці не атрымаў вотум даверу ў парлямэнце.

Пасьля працяглых перамоваў лідэры Чэскай сацыял-дэмакратычнай партыі — яшчэ адной буйной партыі Чэхіі — падпісалі з ANO папярэдняе пагадненьне аб стварэньні кіруючай кааліцыі. Канчатковае рашэньне па ёй будзе прынятае 15 чэрвеня на ўнутрыпартыйным рэфэрэндуме.

У мясцовых СМІ зьявілася інфармацыя аб тым, што рух ANO і сацыял-дэмакраты мяркуюць абапірацца ў парлямэнце на падтрымку камуністаў. Многія палітыкі і грамадзкія дзеячы краіны ўгледзелі ў гэтым першы крок да вяртаньня камуністаў да ўлады.

Пратэсты супраць Андрэя Бабіша і ягонага аднапартыйца дэпутата-камуніста Здэнэка Андрачэка праходзілі ў Чэхіі ў сакавіку і красавіку. Сёньня ўдзельнікі акцыі кажуць, што будуць выходзіць на вуліцы, пакуль Бабіш ня сыдзе са сваёй пасады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG