Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельніка пратэстаў у Інгушэтыі Ісмаіла Нальгіева высылаюць зь Беларусі


© Shutterstock
© Shutterstock

Грамадзкага актывіста з Інгушэтыі Ісмаіла Нальгіева вырашылі выслаць зь Беларусі. Адпаведнае рашэньне прынялі ў аддзеле грамадзянства і міграцыі Кастрычніцкага РУУС Менску.

Пра гэта раніцай 10 траўня паведамілі адвакату Ісмаіла Нальгіева ў ізалятары на Акрэсьціна, куды той прыйшоў для азнаямленьня з адміністрацыйнай справай падабароннага.

Рашэньне прымаў намесьнік начальніка аддзелу міграцыі, яно прадугледжвае таксама забарону на ўезд у краіну на 10 гадоў. Актывіст прыехаў у Беларусь на машыне, зьбіраўся ляцець у Прагу.

«Цяпер адвакат складае скаргу на рашэньне аддзелу грамадзянства і міграцыі Кастрычніцкага РУУС, каб прыпыніць высылку Нальгіева ў Расею, — расказаў Свабодзе юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў, які дапамагае актывісту з Інгушэціі. — Праваабаронцам відавочна, што там яму могуць пагражаць катаваньні, а ў такім выпадку беларускі закон не дазваляе экстрадыцыю. Шэраг праваабарончых арганізацыяў Беларусі ўжо зрабілі супольную заяву ў абарону Ісмаіла Нальгіева».

Актывіст з Інгушэціі Ісмаіл Нальгіеў быў затрыманы 8 траўня ў аэрапорце Менск-2 за гадзіну да вылету ў Эўропу. Паводле «Вясны», беларускія міліцыянты зьвязалася з ініцыятарамі вышуку ў Інгушэтыі, якія папрасілі прывезьці Нальгіева ў Смаленск і перадаць інгускім паліцыянтам.

Ісмаіл Нальгіеў — кіраўнік расейскай грамадзкай арганізацыі «Выбар Інгушэтыі». Паводле расейскіх СМІ, Ізмаіл Нальгіеў браў удзел у нядаўніх пратэставых акцыях у Інгушэтыі. Тыя пратэсты трываюць з восені 2018 году. Актывісты лічаць абмен тэрыторыямі нераўназначным, вінавацяць Чачэнскую Рэспубліку ў захопе тэрыторыі Інгушэтыі, на якой знаходзяцца радавыя вежы і фамільныя могілкі інгускіх радоў. Мітынг актывістаў у мястэчку Магас 26–27 сакавіка быў жорстка разагнаны сілавікамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG