Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перад вылетам зь Менску затрымалі інгушскага актывіста Ісмаіла Нальгіева


Нацыянальны аэрапорт «Менск», ©Shutterstock
Нацыянальны аэрапорт «Менск», ©Shutterstock

Кіраўнік расейскай грамадзкай арганізацыі «Выбар Інгушэтыі» Ісмаіл Нальгіеў затрыманы 8 траўня ў нацыянальным аэрапорце «Менск». Пра гэта паведаміў актывіст расейскай партыі «Яблоко» Руслан Муцольгаў, затрыманьне пацьвердзілі ў памежным камітэце тэлеканалу «Настоящее время».

Адвакат Ісмаіла Нальгіева зьвязвае ягонае затрыманьне з удзелам у пратэстах у Інгушэтыі супраць дамовы аб мяжы з Чачэніяй. Афіцыйная прычына затрыманьня не называецца, але паводле зьвестак Муцольгава, затрыманьне матывавалі тым, што Нальгіеў нібыта знаходзіцца ў вышуку ў Расеі.

Дзяжурны міліцыі аэрапорту запэўніў Беларускую асацыяцыю журналістаў, што без працэсуальнага афармленьня выдаваць затрыманага Расеі ня будуць.

Атрымаць апэратыўны камэнтар у прэс-службе Міністэрства ўнутраных справаў не ўдалося.

Пратэсты ў Інгушэтыі трываюць з восені 2018 году. Актывісты лічаць абмен тэрыторыямі нераўназначным, вінавацяць Чачэнскую рэспубліку ў захопе тэрыторыі Інгушэтыі, на якой знаходзяцца радавыя вежы і фамільныя могілкі інгушскіх радоў. Мітынг актывістаў у мястэчку Магас 26–27 сакавіка быў жорстка разагнаны сілавікамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG