Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чамадан, вакзал, Расея. А таксама Ўкраіна, Літва, Азэрбайджан і высылка «ў нікуды»


Ілюстрацыйная выява
Ілюстрацыйная выява

Каго, за што, куды і як высылаюць зь Беларусі. Расьсьледаваньне Свабоды.

Тры самагубствы грамадзянаў Расеі ў Гомельскай вобласьці з прычыны ануляваньня віду на жыхарства і высылкі на гістарычную радзіму.

Грамадзянін Украіны ў Гомельскім абласным судзе аспрэчвае сваю высылку. Азэрбайджанца, які 29 гадоў жыве ў Лідзе, высылаюць у «нікуды». Іранскага ўцекача, які мае жонку-беларуску і траіх дзяцей, 8 месяцаў трымаюць у ізалятары і пагражаюць высылкай.

Свабода даведалася, каго і за што высылаюць зь Беларусі.

Два суіцыды і пагроза пакінуць шматдзетную сям’ю бяз сродкаў для існаваньня

У Гомельскай вобласьці цягам месяца двое грамадзянаў Расеі скончылі жыцьцё самагубствам праз пагрозу высылкі зь Беларусі. 35-гадовы Сяргей Барысаў з Лоева, які пражыў у Беларусі 17 гадоў і атрымаў рашэньне аб высылцы на 4 гады, пакінуў запіску: «Я ня ведаю, куды ехаць. Для іх гэта проста, а для мяне — у нікуды».

У Барысава засталіся брат-інвалід, маці-пэнсіянэрка.

У Буда-Кашалёве ў бацькі шасьцярых дзяцей Віталя анулявалі від на жыхарства і пагражалі выслаць на 10 гадоў. Сяргея звольнілі зь мясакамбінату, ён ня меў 100 рублёў, каб аплаціць афармленьне часовага дазволу на пражываньне. Ад безвыходнасьці Віталь учыніў самагубства.

У «падвешаным стане» знаходзіцца і грамадзянін Украіны Сяргей Працэнка з Буда-Кашалёва, які 10 гадоў жыве ў Беларусі. У Працэнкі трое дзяцей і жонка ў дэкрэтным водпуску.

Раённая міграцыйная служба і суд прынялі рашэньне аб яго высылцы. Даведаўшыся пра суіцыд земляка Кузьмянкова, Працэнка зьвярнуўся да праваабаронцаў, цяпер яму дапамагаюць «Вясна» і РЭП. 7 лютага апэляцыю Працэнкі разгледзяць у Гомельскім абласным судзе.

Фармальныя падставы для высылкі ўсіх траіх — адміністрацыйныя правапарушэньні: ад адсутнасьці флікера да знаходжаньня ў стане алькагольнага ап’яненьня і дробнага крадзяжу ў краме.

У кожнага свая праўда

Высокапастаўлены прадстаўнік Міністэрства ўнутраных спраў на пытаньне Свабоды, ці ведае ён пра гэтыя выпадкі самагубстваў, адказаў, што якраз у гэты момант чытае камэнтары пад артыкулам.

«Чаму ніхто з журналістаў не разабраўся, за што раённыя міграцыйныя службы прымаюць рашэньне аб высылцы неграмадзянаў Беларусі? Чаму не пацікавіліся, колькі разоў участковыя міліцыянты папярэджваюць іх, просяць, каб зьмянілі асацыяльны лад жыцьця, не пілі кожны дзень, не дэбашырылі?» — задае рытарычныя пытаньні раздражнёны палкоўнік міліцыі.

У той жа час ні дэпартамэнт грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі, ні ўпраўленьне Сьледчага камітэту Гомельскай вобласьці не даюць ніякіх камэнтароў журналістам. Ня кажуць і пра статыстыку. «Зьвяртайцеся зь пісьмовым афіцыйным запытам», — вось і ўвесь адказ.

Натуральна, у міліцыянтаў свая праўда, у праваабаронцаў — свая.

Сябра рады РЭП, праваабаронца Андрэй Стрыжак, які будзе прадстаўляць у судзе інтарэсы Сяргея Працэнкі, перакананы, што сытуацыя з высылкай у Гомельскай вобласьці ўскрыла вялікія хібы ў сыстэме супрацы, уліку грамадзянаў, якія даўно жывуць у Беларусі, маюць тут сем’і, працу, гаспадарку, якія фактычна сталі часткай беларускага грамадзтва і мала чым адрозьніваюцца ад беларусаў.

Андрэй Стрыжак
Андрэй Стрыжак

«Уявіце сабе Буда-Кашалёва, вечар пятніцы. Калі міліцыя захоча знайсьці кагосьці нападпітку, то можна выслаць палову гарадка! Хачу пакрэсьліць несувымернасьць і непрапарцыйнасьць умяшаньня ў жыцьцё чалавека, калі параўноўваць санкцыі за адно і тое ж адміністрацыйнае правапарушэньне, якія можа атрымаць беларус і чалавек, які мае від на жыхарства», — кажа праваабаронца Андрэй Стрыжак.

І тлумачыць, што беларуса могуць адправяць у выцьвярэзьнік, прызначыць штраф. А для неграмадзянаў Беларусі гэта можа скончыцца высылкай і наагул трагедыяй, якая здарылася ў Буда-Кашалёве і Лоеве.

Украінец Сяргей Працэнка (справа), які дзесяць гадоў жыве ў Беларусі і якога высылаюць за адміністрацыйнае правапарушэньне, і сябра Савету незалежнага прафсаюзу РЭП Андрэй Стрыжак, які абараняў яго ў судзе. Гомель, 10 студзеня 2019 году
Украінец Сяргей Працэнка (справа), які дзесяць гадоў жыве ў Беларусі і якога высылаюць за адміністрацыйнае правапарушэньне, і сябра Савету незалежнага прафсаюзу РЭП Андрэй Стрыжак, які абараняў яго ў судзе. Гомель, 10 студзеня 2019 году

«Ад рашэньня ў справе Працэнкі залежыць ня толькі ягоны лёс, але і лёс жонкі ў дэкрэце і траіх малалетніх дзяцей — 2, 4 і 9 гадоў. Усе грошы ў сям’ю фактычна прыносіць бацька. У яго ўсё тут, а там, куды высылаюць — нічога, для яго гэта моцны эмацыйны ўдар.

Вельмі спадзяюся, што судзьдзі будуць зыходзіць з прынцыпаў сувымернасьці, прапарцыйнасьці і адэкватнасьці правапарушэньняў. Трэба думаць, што калі чалавек тут пражыў больш за 10 гадоў, яго нельга адрываць ад сям’і. Сям’я можа распасьціся, неабходна ўлічваць і інтарэсы дзяцей — грамадзянаў Беларусі», — перакананы праваабаронца.

Высылаюць ня толькі выпівох

У лістападзе 2018 году праваахоўныя органы спрабавалі пазбавіць віду на жыхарства і выслаць на 1 год прэсавую сакратарку АГП Ганну Красуліну, якая таксама стала жыве ў Беларусі, мае тут сям’ю, дзяцей, пажылых бацькоў, але зьяўляецца грамадзянкай РФ.

Ганна Карсуліна на судзе 18 сьнежня 2018 году
Ганна Карсуліна на судзе 18 сьнежня 2018 году

Ёй інкрымінавалі ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах і безьбілетны праезд у грамадзкім транспарце (хоць штраф быў выплачаны на месцы). Аднак Красулінай рашэньне Маскоўскага раённага АГіМ удалося аспрэчыць у судзе дзякуючы грамадзкаму рэзанансу, розгаласу ў СМІ. Днямі Красулінай прадоўжылі від на жыхарства.

А вось праваабаронцу Алену Танкачову, якая зьяўляецца грамадзянкай Расеі, больш за 20 гадоў пражыла ў Беларусі, мае тут кватэру, лецішча, дачку, выслалі на 3 гады. Фармальна за перавышэньне хуткасьці, хоць Танкачова таксама аспрэчвала рашэньне аб высылцы ў судзе.

Прычым высылаюць бальшыню замежных грамадзянаў з аднолькавай фармулёўкай: «у інтарэсах грамадзкага парадку».

Летась зь Беларусі дэпартавалі каля 300 і выслалі 1110 грамадзянаў РФ

Радыё Свабода не ўдалося атрымаць сьвежую інфармацыю дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС, колькі наагул іншаземцаў у 2018 годзе было дэпартавана, пазбаўлена віду на жыхарства, выслана з краіны, каб адсачыць, ці ёсьць дынаміка.

Раней начальнік дэпартамэнту грамадзянству і міграцыі Аляксей Бягун называў такую лічбу: штогод каля 2 тысяч іншаземцаў пазбаўляюць віду на жыхарства.

Часьцей за ўсё высылаюць зь Беларусі грамадзянаў суседняй Расейскай Фэдэрацыі (магчыма, таму, што іх у краіне болей за іншых іншаземцаў). У 2018 годзе зь Беларусі дэпартавалі блізу 300 расейцаў, а выслалі больш за 1 тысячу. (Пры гэтым вядома, што ў 2018-м зь Беларусі выслана прыкладна на 100 грамадзянаў Расеі менш, чым у 2017 годзе.)

Тэрміны высылкі — ад 1 да 10 гадоў.

І хоць ні беларускія міграцыйныя службы, ні амбасада Расеі ў Беларусі не паведамляюць больш разгорнутай інфармацыі, за якія канкрэтна правапарушэньні часьцей за ўсё высылаюць, Свабодзе стала вядома, што 160 чалавек выслалі за кіраваньне аўтамабілем у стане алькагольнага ап’яненьня.

Дэпартацыя і высылка — паняцьці розныя

Ілюстрацыйнае фота. На менскім чыгуначным вакзале
Ілюстрацыйнае фота. На менскім чыгуначным вакзале

​Дэпартаваць, паводле закону «Аб прававым становішчы замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства», артыкул 64, могуць за незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы, за парушэньне заканадаўства.

Пытаньні дэпартацыі ўрэгуляваныя адмысловым палажэньнем Савету Міністраў ад 15 сакавіка 2007 году «Аб парадку дэпартацыі замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства». Дэпартуюць часьцей за ўсё прымусова.

Акрамя дэпартацыі, ёсьць яшчэ высылка. Паводле артыкулу 65 таго ж закону, «іншаземец можа быць высланы з Рэспублікі Беларусь у інтарэсах нацыянальнай бясьпекі, грамадзкага парадку, абароны маральнасьці, здароўя насельніцтва, правоў і свабод грамадзянаў Беларусі і іншых асобаў, калі ён ня можа быць дэпартаваны». Рашэньне аб высылцы прымае аддзел грамадзянства і міграцыі РУУС ці КДБ.

А вось больш канкрэтнай расшыфроўкі, што ёсьць інтарэсы нацыянальнай бясьпекі, у чым праяўляецца пагроза грамадзкаму парадку, у законе дакладна не прапісана.

Працэдура высылкі звычайна такая: іншаземца пазбаўляюць віду на жыхарства і даюць месячны тэрмін, за які ён павінен пакінуць Беларусь. Высылка можа быць добраахвотнай і прымусовай.

За што дэпартуюць і высяляюць іншаземцаў зь Беларусі

Ілюстрацыйнае фота. Штамп аб высылцы ў пашпарце Ганны Красулінай
Ілюстрацыйнае фота. Штамп аб высылцы ў пашпарце Ганны Красулінай

​Прычыны для ануляваньня віду на жыхарства могуць быць розныя: адміністрацыйныя правапарушэньні, на першы погляд дробныя (перавышэньне хуткасьці кіроўцам аўтамабіля, безьбілетны праезд у транспарце, парушэньне правілаў дарожнага руху, нават пераход вуліцы на чырвонае сьвятло ці адсутнасьць флікера) і больш сур’ёзныя, кшталту ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях, кіраваньне аўтамабілем у стане алькагольнага ап’яненьня, фіктыўны шлюб ды іншыя.

Фармальна ануляваць від на жыхарства і выслаць можна за 5 адміністрацыйных правапарушэньняў, учыненых цягам аднаго году.

Аднак былі спробы выслаць за 3 правапарушэньні, як было з Ганнай Красулінай. Праваабаронцы прыгадваюць кур’ёзны выпадак, калі чалавека спрабавалі выслаць за тое, што ён плаваў у неналежным для купаньня месцы, чым «наносіў пагрозу грамадзкаму парадку ў Беларусі».

Аднак тут ёсьць некалькі акалічнасьцяў не на карысьць іншаземца, перакананая Ганна Красуліна, якой удалося аспрэчыць у судзе рашэньне міграцыйнай службы аб высылцы:

Ганна Красуліна
Ганна Красуліна

«Па-першае, правапарушэньні лічацца ня цягам году, а назапашваюцца. Калі, напрыклад, было адно правапарушэньне, праз 11 месяцаў потым яшчэ адно, то праз 12 месяцаў першае не пагашаецца, а ўжо лічацца два парушэньні. Калі праз менш чым год адбываецца яшчэ адно, то атрымліваецца ўжо тры. Праезд у транспарце без квітка, нават адсутнасьць флікера лічыцца адміністрацыйнай правінай. Рэдкі кіроўца ні разу не перавысіў хуткасьць. Так што пры жаданьні прычапіцца заўсёды ёсьць да чаго.

Па-другое, тэрмін правапарушэньня адлічваецца ня з моманту яго ўчыненьня, а з моманту аплату штрафу».

На думку Красулінай, наўрад ці правапарушальнікаў стала больш, проста цяпер навялі парадак з улікам правапарушэньняў, сыстэматызавалі базу — калі раней штраф за безьбілетны праезд можна было заплаціць на месцы, то цяпер неабходна прад’явіць дакумэнт. На дарогах стала шмат камэраў відэаназіраньня, фіксуюцца перавышэньні хуткасьці.

Ганна Красуліна расказала Свабодзе пра грамадзянку Літвы, якая стаяла разам зь ёй у чарзе ў раённы аддзел грамадзянства і міграцыі. Жанчына жыве ў Беларусі 20 гадоў, мае тут бізнэс, сям’ю. Яе выклікалі ў міграцыйную службу: літоўка 4 разы перавысіла хуткасьць, гэта значыць, зрабіла 4 адміністрацыйныя правапарушэньні. Яе строга папярэдзілі: яшчэ адно парушэньне — і пазбавяць віду на жыхарства.

«Беларусь не зьяўляецца прыязнай для іншаземцаў краінай»

На думку каардынатаркі напрамку абароны замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства праваабарончай арганізацыі Human Cоnstanta Эніры Браніцкай, Беларусь не зьяўляецца, так бы мовіць, «friendly», дружалюбнай краінай для іншаземцаў.

Эніра Браніцкая (архіўнае фота, 2012 год)
Эніра Браніцкая (архіўнае фота, 2012 год)

«Дзяржава ніколі не была зацікаўленая, каб іншаземцы адчувалі тут сябе як дома. Пра гэта сьведчаць і пастаянныя чэргі ў АгіМ на працяг віду на жыхарства, вялікая колькасьць дакумэнтаў, даведак, бюракратыя, а таксама пастаянныя пагрозы: за любую правіну могуць пазбавіць віду на жыхарства і выслаць альбо замяніць від на жыхарства на часовы дазвол на пражываньне.

Іншаземец тады пазбаўляецца бясплатнага мэдыцынскага абслугоўваньня, плаціць за камуналку па больш высокіх тарыфах», — выказала сваю думку праваабаронца Эніра Браніцкая.

Цягам месяца ў студзені загадалі пакінуць Беларусь азэрбайджанцу Сеймуру Мамедгусейнаву, які 29 гадоў жыве ў Лідзе — прычым міліцыя вынесла пастанову, што ён «спрыяе крымінагеннай абстаноўцы ў Беларусі». Але чым канкрэтна ён пагражае, ня кажуць нават самому Сеймуру Мамедгусейнаву.

Праблема ў тым, што Сеймур — чалавек без грамадзянства. У 1996 годзе ён стаў грамадзянінам Беларусі, але ў 2006 годзе ў яго забралі беларускі пашпарт, і пачаліся праблемы. Яго высяляюць у «нікуды».

«Ніколі ня ўлічваюцца інтарэсы сям’і, як у выпадку з азэрбайджанцам, у якога тут жонка і трое дзетак. Няма крытэраў у дзяржаве, якія б служылі ў плюс — сямейныя абставіны, наяўнасьць дзяцей, жонкі. Чалавека проста выстаўляюць з краіны, і ўсё. Ён асоба без грамадзянства, і нікога не цікавіць, куды ён паедзе: маўляў, «ты не беларус, і мы не жадаем цябе тут бачыць», — кажа Эніра Браніцкая.

Вельмі складаная і безвыходная сытуацыя з іранцам Мэхрдадам Джамшыдыянам, якога з чэрвеня 2018 году трымаюць у ізалятары часовага ўтрыманьня Менскай раённай міліцыі, што на вуліцы Скарыны.

У статусе ўцекача Джамшыдыяну беларускія ўлады адмовілі, іранскі пашпарт у яго скончыўся, у амбасаду Ірану ён ня пойдзе, бо на радзіме знаходзіцца ў вышуку.

«Для асобаў без грамадзянства наагул няма альтэрнатывы, акрамя затрыманьня: выслаць чалавека без дакумэнтаў ня могуць, яго трымаюць у ІЧУ, ён проста тупа сядзіць. Адносіны да такіх людзей, як не да грамадзянаў — такая агульная ідэалёгія беларускай дзяржавы.

Беларусь запрасіла дакумэнты, але Іран на запыты не рэагуе. І колькі дзяржава будзе трымаць яго за кратамі, невядома. Летам ён перанёс інфаркт. А ў яго ў Беларусі трое дзяцей і жонка», — расказала Эніра Браніцкая.

«Іншаземцы ня зло для Беларусі»

На думку праваабаронцаў, трэба мяняць стаўленьне дзяржавы да замежных грамадзянаў, бо і так Беларусь ня вельмі прывабная краіна для іншаземцаў.

«Беларусь страчвае працоўную сілу — наша моладзь усё часьцей зьяжджае на заробкі ўжо не ў Расею, а на Захад. Мы маглі б выкарыстоўваць іншаземцаў як працоўную сілу. Іншаземцы ня зло для Беларусі. Трэба думаць, як нармальна рэгуляваць дачыненьні зь імі.

Але тут не затрымліваюцца нават грамадзяне Сырыі, дзе ідзе вайна. Калі яны спрабуюць легальна знайсьці працу, то, сутыкнуўшыся з нашай бюракратыяй, едуць на Захад», — разважае Эніра Браніцкая, каардынатарка напрамку абароны замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства праваабарончай арганізацыі Human Cоnstanta.

Праваабаронца згадала вялікі праект, падтрыманы Эўразьвязам, які рэалізуецца ў Беларусі Міжнароднай арганізацыяй міграцыі і МУС.

«Адна з частак праекту — будаўніцтва прытулку для затрыманых пры нелегальным перасячэньні мяжы іншаземцаў, якія чакаюць дэпартацыі. Другая частка праекту накіраваная на зьмену заканадаўства ў сфэры міграцыі і ў дачыненьні іншаземцаў. Спадзяёмся, што зьмены ў закон „Аб прававым становішчы замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства“ неўзабаве будуць унесеныя ў парлямэнт», — спадзяецца Эніра Браніцкая.

На думку праваабаронцы Андрэя Стрыжака, дзяржава павінна стратэгічна вызначыцца ў дачыненьні людзей, якія стала жывуць у Беларусі шмат гадоў, якія пусьцілі тут карані, маюць сям’ю, маёмасьць.

«Для іх высылка — гэта сур’ёзнае выпрабаваньне, разрыў сувязяў зь Беларусьсю, зь сям’ёй, нават калі яго на год высылаюць. Калі чалавек тут жыве шмат гадоў, у яго сям’я, дзеці, маёмасьць, яго трэба ўспрымаць, як грамадзяніна Беларусі, і працаваць зь ім, як з грамадзянамі Беларусі, — выхоўваць, саджаць на суткі, у выцьвярэзьнік. Усё адно гэта будуць менш рэпрэсіўныя захады, чым высылка чалавека.

Безумоўна, іншаземцы павінны паважаць законы краіны, у якой жывуць. Але складваецца ўражаньне, што цяпер сапраўды ўлады сур’ёзна «ўзяліся за іх», — сказаў Андрэй Стрыжак.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG