Лінкі ўнівэрсальнага доступу

SpaceX страціла капсулу карабля Crew Dragon: выбухнула на выпрабаваньнях


Капсула для экіпажу карабля SpaceX Dragon
Капсула для экіпажу карабля SpaceX Dragon

Капсула карабля Crew Dragon, якую мелі выкарыстаць для першага пілятаванага арбітальнага палёту прыватнай кампаніі SpaceX, была цалкам зьнішчаная падчас нядаўніх выпрабаваньняў, і прычына аварыі да гэтага часу застаецца невядомай, перадае Space.com.

Адразу пасьля інцыдэнту 23 красавіка SpaceX заявіла, што капсула была «сур'ёзна пашкоджаная» ў выніку аварыі падчас выпрабаваньняў дапаможных рухавікоў апарата. Прадстаўнік SpaceX назваў здарэньне «анамаліяй».

На Youtube жа зьявілася відэа, на якім відаць, што адбыўся магутны выбух, у выніку якога капсула зьнішчаная цалкам. Газэта Orlando Sentinel паведаміла, што, мяркуючы па праверанай яе супрацоўнікамі дакумэнтацыі NASA, відэа адносіцца менавіта да згаданага эпізоду.

Страта першага апарата SpaceX для адпраўкі людзей на арбіту напэўна прывядзе да пераносу запускаў пілятаваных касьмічных караблёў SpaceX, першы зь якіх плянаваўся на канец ліпеня гэтага году. У пачатку сакавіка Crew Dragon пасьпяхова прыстыкаваўся да Міжнароднай касьмічнай станцыі, але ў тым палёце карабель ня нёс экіпажу.

Ад ліпеня 2011 году, калі спыніліся палёты амэрыканскіх касьмічных чаўнакоў, NASA карыстаецца для адпраўкі астранаўтаў на МКС паслугамі кампаніі «Роскосмос» і распрацаванымі яшчэ ў 1960-я гады касьмічнымі караблямі «Саюз». Палёт аднаго астранаўта на караблі «Саюз» абыходзіцца ЗША ў 2019 годзе ў 80 мільёнаў даляраў (у 2012-м было 20 млн).

Меркавалася, што або SpaceX, або Boeing, які таксама працуе над сваім пілятаваным караблём Starliner, змогуць адправіць людзей на арбіту яшчэ да канца 2017 году, але запускі затрымліваліся.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG