Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраільскі зонд разьбіўся на Месяцы


Ізраільскі апарат
Ізраільскі апарат

Зонд «Бэрэшыт» ізраільскіх некамэрцыйнай арганізацыі SpaceIL і дзяржаўнага канцэрну Israel Aerospace Industries разьбіўся пры спробе пасадкі на Месяц у ноч з 11 на 12 красавіка, піша Space.com.

Кіраўніцтва місіі страціла сувязь з апаратам за 149 мэтраў ад паверхні. З пакуль невядомай прычыны спыніўся галоўны рухавік апарата.

Гэта быў першы касьмічны апарат, які Ізраіль запусьціў на спадарожнік Зямлі, а таксама першы апарат на Месяцы, які фінансаваўся з прыватных інвэстыцыяў. Акрамя навуковай апаратуры, зонд вёз на Месяц архіў аналягавых і лічбавых зьвестак, сярод якіх — поўная копія «Вікіпэдыі» на ангельскай мове, сьцяг Ізраілю і дэклярацыя незалежнасьці краіны.

Нягледзячы на няўдалую пасадку, апарат змог сабраць некаторыя зьвесткі «па дарозе», у тым ліку «зрабіў сэлфі» зь Месяцам і зь Зямлёй. На здымку відаць надпіс на апараце: «Малая краіна, вялікія мары» (насельніцтва Ізраілю меншае за Беларусь — каля 9 млн).

«Калі ў першы раз вы ня маеце посьпеху, вы спрабуеце зноў», — адзначыў прэм'ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу, які назіраў за пасадкай з цэнтру кіраваньня SpaceIL у Ізраілі.

Затое ў SpaceX атрымалася

У той жа дзень іншая касьмічная кампанія мела посьпех: амэрыканская прыватная SpaceX правяла першы камэрцыйны запуск ракеты Falcon Heavy. Цяжкая ракета-носьбіт вывела на арбіту саудаўскі камунікацыйны спадарожнік вагой 6 тонаў.

Два з трох стартавых паскаральнікаў ракеты, як і плянавалася, прызямліліся на мысе Канавэрал, а трэці — на баржу ў акіяне. Усе тры могуць быць скарыстаныя ў наступных запусках.

На гэты момант Falcon Heavy — ракета з найбольшай грузападымальнасьцю. Яна можа даставіць на нізкую зямную арбіту больш за 60 тон грузу, на Марс — амаль 17 тон. Падчас першага тэставага запуску ракета даставіла на арбіту аўтамабіль Tesla (як і SpaceX, кампанію-вытворцу машыны заснаваў Ілан Маск), у якім грала песьня Дэвіда Боўі «Life on Mars».

Гэта адбылося ў Дзень касманаўтыкі

12 красавіка адзначаецца ў Беларусі і Расеі як Дзень касманаўтыкі, а ў сьвеце як Дзень авіяцыі і касманаўтыкі або Дзень палёту чалавека ў космас.

У гэты дзень у 1961 годзе СССР упершыню запусьціла ў космас жывога чалавека — 27-гадовага Юрыя Гагарына. Ён прабыў на арбіце 1 гадзіну і 48 хвілінаў. З ініцыятывы супрацоўнікаў NASA 12 красавіка ў розных краінах сьвету ладзяць «Юр’еву ноч» — адукацыйныя і забаўляльныя імпрэзы, зьвязаныя з космасам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG