Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыс Кіт зойме месца ў беларускім музэі касманаўтыкі, — Акадэмія навук


Барыс Кіт, 2002 год

Акадэмік Пятро Віцязь распавёў Свабодзе, што кіраўніцтва Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі цяпер вядзе перамовы зь Менскім гарвыканкамам аб выдзяленьні месца для музэю касманаўтыкі.

«Мы пераконваем гарадзкія ўлады ў тым, што ў сталіцы нашай краіны павінен быць такі музэй. Калі ў Менску хочуць бачыць болей турыстаў, асабліва замежных, то ён проста неабходны. Цяпер прапрацоўваюцца розныя варыянты месца для музэю. Мы зьбіраем для яго экспанаты, цікавыя дакумэнты. Гэта неабходна рабіць, бо з кожным годам, на жаль, частка зь іх губляецца», — сказаў Пётар Віцязь.

На пытаньне Свабоды, ці будзе ў гэтым музэі месца для славутага беларуса, акадэміка Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі Барыса Кіта, якому ў 2020 годзе споўнілася б 110 гадоў, Віцязь адказаў станоўча:

«Безумоўна. Гэта ж адзін з заснавальнікаў касьмічнай навукі. Ягоны ўнёсак у разьвіцьцё нашай навукі вельмі вялікі. Мы яго памятаем. Віншавалі са 100-годзьдзем, калі ён быў яшчэ жывы. На жаль, у наступным годзе ўжо павіншаваць не давядзецца. Барыс Кіт пражыў вялікае і складанае жыцьцё. Былі ў ім і моманты, якія ня ўсе разумеюць. Але і час быў няпросты. А навуковец ён выдатны».

Асьветнік і навуковец Барыс Кіт памёр 1 лютага на 108-м годзе жыцьця ў Франкфурце-на-Майне.

Барыс Кіт нарадзіўся ў 1910 годзе ў Санкт-Пецярбургу. Бачыў Лютаўскую рэвалюцыю. Пасьля кастрычніцкага перавароту ягоны бацька, ратуючыся, перавёз сям’ю ў вёску Агароднікі Карэліцкага раёну. Скончыў Віленскі ўнівэрсытэт імя Стэфана Баторыя, выкладаў матэматыку і быў дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, пазьней Наваградзкай гімназіі. За беларускую дзейнасьць перасьледаваўся ўладамі Польшчы, СССР, нацысцкай Нямеччыны.

У 38 гадоў эміграваў у ЗША. Працаваў у розных кампаніях, удзельнічаў у амэрыканскіх праектах падрыхтоўкі да палётаў у космас, дасьледаваў касьмічныя праграмы СССР. Прафэсар, доктар матэматыкі, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, сябра многіх іншых міжнародных і нацыянальных акадэмій і абʼяднаньняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG