Барыс Кіт і Тамара Казевіч. Гісторыя каханьня
arrow_upward
format_size
remove
add
undo
arrow_downward

У вас састарэлая вэрсія браўзэра. Для больш камфортнага і карэктнага прагляду абнавіце свой браўзэр са спасылкі.

Барыс Кіт і Тамара Казевіч. Гісторыя каханьня
share
спэцпраекты мультымэдыя навіны падкасты БНР-100 пра нас кантакты

далучайцеся:

Барыс Кіт і Тамара Казевіч. Гісторыя каханьня
Чытаць

Ён быў самым старым беларусам на гэтым сьвеце. Нарадзіўся ў Пецярбургу ў 1910-м, вучыўся і працаваў настаўнікам у міжваеннай Польшчы і паваеннай Нямеччыне, эміграваў за акіян і рэалізаваў сябе ў ЗША, а пасьля выхаду ў адстаўку паехаў у Нямеччыну — вучыць матэматыцы амэрыканскіх салдат.

Яна нарадзілася на Далёкім Усходзе Расеі ў 1937-м, расла ў Кіеве ва ўкраінска-нямецкай сям’і, па вайне жыла ў Аўстрыі і Нямеччыне, разам зь сям’ёй эмігравала ў ЗША, дзе атрымала адукацыю, але вярнулася ў Нямеччыну.

У нямецкім Франкфурце-на-Майне яны сустрэліся ў 1972 годзе, каб разьвітацца назаўжды ў 2018-м, 40 дзён таму.

1 лютага на 108-м годзе жыцьця памёр самы стары беларус сьвету (беларус-мужчына, бо старэйшыя жанчыны, напэўна, яшчэ ёсьць) Барыс Уладзімеравіч Кіт.

У сваім апошнім інтэрвію Свабодзе Барыс Кіт распавядаў пра падзеі стогадовай даўнасьці, у прыватнасьці пра тое, як ён памарозіў ногі ў Петраградзе на Лютаўскай рэвалюцыі і як галадаў пасьля Кастрычніцкай.

Свой сапраўдны запавет беларусам Барыс Кіт пакінуў у інтэрвію Радыё Свабода ў лістападзе 2017 году:

У ранейшых інтэрвію Свабодзе ўдалося распытаць Барыса Кіта пра сакрэты шчасьлівага даўгалецьця і жыцьцёвага посьпеху.

Вельмі важным складнікам для Барыса Ўладзімеравіча і ў першым, і ў другім было каханьне. У 100 гадоў Барыс Кіт прызнаваўся:

«Я нармальны чалавек, зразумелая рэч, што я як мужчына меў розныя каханьні ў сваім жыцьці, ад малых гадоў нават. І меў вельмі такія цудоўныя моманты жыцьця, якія правёў з кабетамі. Некаторыя зь іх цяпер не жывуць, але ёсьць такія, што жывуць, і я вельмі ім удзячны, бо, асабліва апошняя мая, Тамара, яна мне вельмі дапамагла ў маім жыцьці ў Нямеччыне».

Пасьля сьмерці Барыса Кіта і ягонага пахаваньня 15 лютага на праваслаўных могілках нямецкага гораду Вісбадэна пра гісторыю адносін, доўгага і шчасьлівага каханьня Свабодзе распавяла грамадзянская жонка Барыса Ўладзімеравіча Тамара Казевіч.

Не саромеўся казаць «I love you»
Барыс Кіт і Тамара Казевіч, 2016. Фота Алег Улевіч, budzma.org

Але перш маё ўласнае назіраньне, якое я адлюстраваў у сваёй публікацыі пра Барыса Кіта ў газэце «Звязда» ў жніўні 1995 году:

«Барысу Кіту ніяк не дасі ягоныя 85 гадоў. Вельмі жвавы, рухавы, эмацыйны, усьмешлівы. Ён надзвычай абаяльны, але я канчаткова зачараваўся гэтым чалавекам, калі выпадкова падслухаў ягоную размову па тэлефоне зь яго спадарожніцай жыцьця Тамарай. Барыс Уладзімеравіч „буркаваў“, як галубок, быў пяшчотны з жанчынай, як дваццацігадовы юнак, а потым, здабыўшы вялізны букет ружаў, засьпяшаўся на спатканьне, прычым бягом даганяў адыходзячы трамвай».

Пазьней я ня раз чуў размовы Барыса Кіта з Тамарай ужывую і праз тэлефон, заканчваў ён іх словамі: «Я кахаю цябе», «I love you». Былі букеты, і было сьпяшаньне на сустрэчу. Трамвай мы даганялі, калі ехалі пабачыцца з Тамарай, здаецца, яшчэ і на 100 год Барыса Кіта. Гэтыя адносіны Барыса Ўладзімеравіча зь любай жанчынай уражвалі ня менш, чым ягоны ўдзел у амэрыканскіх касьмічных праграмах. Гэта быў надзіва яркі доказ моцы каханьня і падуладнасьці яму ўсіх узростаў. Дзеля Тамары Барыс Кіт і застаўся ў Нямеччыне, калі канчаткова сышоў на пэнсію ў 1992 годзе. Ён не вярнуўся ў Амэрыку, якая дала яму ўсё і дзе жылі ягоныя сыны, унукі і праўнукі.

Першае каханьне. Рэбэка
Барыс Кіт каля роднай хаты ў вёсцы Агароднікі, 1930-я

Тамара Казевіч была апошняй жонкай Барыса Кіта, адносіны зь якой доўжыліся больш за 45 гадоў, але яна не была адзінай у ягоным 107-гадовым жыцьці. Барыс Кіт з удзячнасьцю згадваў сваіх ранейшых сябровак і жонак.

Гісторыю пра сваё сьветлае юнацкае каханьне да габрэйскай дзяўчыны Рэбэкі (Рывы) Траявіцкай Барыс Кіт некалькі разоў расказваў, ужо калі быў вельмі сталым чалавекам. Гэта заўсёды былі вельмі пяшчотныя і сумныя ўспаміны. Рэбэка жыла ў Карэлічах, а вучылася ў польскай гімназіі ў Наваградку. Барыс Кіт быў студэнтам, вучыўся ў Вільні ва ўнівэрсытэце імя Стэфана Баторыя (1928–1933), і калі прыяжджаў да бацькоў у вёску Агароднікі пад Карэлічамі, то дапамагаў Рыве па матэматыцы, быў яе рэпэтытарам. Кожны раз ён зь нецярпеньнем чакаў яе прыходу.

Яна была высокая і прыгожая, з буйнымі пасмамі бялявых валасоў. Чатыры гады яны сустракаліся, спачатку адкрыта, а потым, калі бацька Рэбэкі, артадаксальны юдэй, забараніў, каб яна сустракалася з іншаверцам, — таемна. Адзін раз Барысу Кіту, які праводзіў Рэбэку дадому, перагарадзілі дарогу габрэйскія хлопцы, але абышлося, бо каханая заступілася.

Але потым бацька прымусам аддаў Рэбэку замуж за багатага габрэя, нашмат старэйшага за яе. Гэты разрыў з каханай Барыс Кіт перажываў цяжка. У вайну Рэбэка згінула. Пасьля вайны Барыс шукаў зьвестак пра яе, але марна. Ён меркаваў, што Рыва загінула ў Галакосьце, як сотні тысяч беларускіх габрэяў.

У 1994 годзе, прыехаўшы на кангрэс Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі ў Ерусалім, Барыс Кіт шукаў прозьвішча і імя Рэбэкі ў сьпісах ахвяраў Галакосту. Але не знайшоў.

Барыс Кіт (у цэнтры) сярод вучняў Віленскай беларускай гімназіі, 1934
Барыс Кіт (першы зьлева ў другім шэрагу) сярод выкладчыкаў Віленскай беларускай гімназіі
Выпуск Віленскай беларускай гімназіі 1939 году
Галіна. Першая жонка
Фота Галіны Швед не захавалася. Але зьбярогся іншы здымак гэтага пэрыяду: Барыс Кіт з Марысяй Друцько, Вільня, 1938

Упершыню Барыс Кіт стварыў сям’ю ў Вільні, калі працаваў выкладчыкам матэматыкі ў беларускай гімназіі (1931–1939). Першую жонку Барыса Кіта звалі Галіна Швед. Барыс Кіт жыў у «прымаках» у яе доме ў Калёніі Віленскай. Туды да яго ў госьці завітвалі выкладчыкі гімназіі і прафэсары Віленскага ўнівэрсытэту.

Сьвяткаваньне 25 сакавіка 1935 году ў Віленскай беларускай гімназіі, у цэнтры дырэктар Радаслаў Астроўскі, зьлева ад яго ксёндз Станіслаў Глякоўскі і Барыс Кіт

У Барыса і Галіны нарадзілася дачушка Вольга, але памерла дзіцем. Адносіны зь цешчай Эміліяй Іванаўнай у Барыса Кіта былі складаныя.

Гэтыя абставіны прывялі да разводу Барыса і Галіны яшчэ да пачатку Другой усясьветнай вайны.

Ніна. Другая жонка
Ніна Корсак, 1937

Другой жонкай Барыса Кіта стала Ніна Корсак, на 10 гадоў маладзейшая за яго, родам зь мястэчка Лебедзева, што пад Маладэчнам.

У 1939 годзе, пасьля прыходу савецкай улады, Ніна паступіла ў Баранавіцкі настаўніцкі інстытут, дзе Барыс Кіт выкладаў матэматыку.

17 жніўня 1940 году Барыс і Ніна пабраліся шлюбам. Калі прыйшлі новыя акупанты — нацысты, Барыс і цяжарная Ніна шмат кілямэтраў прайшлі пехатою па дарозе да дому бацькоў Ніны. У 1941 годзе ў Лебедзеве ў іх нарадзіўся першынец Уладзімер.

Першы сын Кітоў Уладзімер. Мястэчка Лебедзева, 1943
Сям’я Кітоў у ЗША, 1949
Барыс Кіт на фоне партрэтаў сыноў Віктара і Валодзі, 2002
Старонка зь біяграфіі Ўладзімера Кіта, напісаная рукой бацькі, Барыса Кіта, 2010

Бацьку Ніны Івана Корсака, які быў дыяканам і кіраўніком царкоўнага хору, савецкія ўлады арыштавалі і саслалі ў Сыбір, дзе ён прабыў 8 гадоў і ўжо мала пажыў пасьля вяртаньня. Барыс Кіт таксама зазнаў ціск спачатку савецкіх уладаў, а потым нацыстаў, не аднойчы быў на парозе сьмерці.

У канцы вайны сям’я Кітоў эмігравала спачатку ў Нямеччыну, дзе жылі ў лягеры ўцекачоў (1945–1948), а Барыс Уладзімеравіч выкладаў матэматыку ва ўкраінскай школе, а потым — у ЗША. Другі сын Кітоў Віктар нарадзіўся ўжо ў Злучаных Штатах, у Лос-Анджэлесе, у 1950 годзе.

У 1972 годзе Барыс Кіт пайшоў у адстаўку зь дзяржаўнай службы ў ЗША і паехаў выкладаць у філіі Мэрылэндзкага ўнівэрсытэту ў ФРГ. Сыны вырасьлі, адносіны Барыса зь Нінай астылі, іх шлюб фактычна распаўся.

У Барыса і Ніны былі непаразуменьні, але пра іх Барыс Уладзімеравіч асабліва не расказваў, кепска пра сваю былую жонку не казаў. Пакінуў ёй дом у Вашынгтоне, сам зьехаў з адным чамаданам і свой нямецкі пэрыяд пражыў у найманай аднапакаёвай кватэры ў Франкфурце-на-Майне.

Ніна Корсак і Ніна Плескачанка, 1937
Барыс Кіт — дырэктар Наваградзкай беларускай гімназіі, 1939
Дом Кітоў у Вашынгтоне

Пасьля разводу Барыс Кіт зьбярог сяброўскія адносіны з Нінай, наведваў яе і сыноў у Амэрыцы. У ягоным пакоі да самай сьмерці зьберагаўся вялікі групавы партрэт зь Нінай і прадстаўнікамі вялікай сям’і Кітоў, зроблены праз шмат гадоў пасьля разводу.

Ніна Корсак-Кіт працавала кампутарным аналітыкам ва ўнівэрсытэце імя Джорджа Вашынгтона, была актывісткай беларускай дыяспары. Ніна памерла ў 2015-м на 95 годзе жыцьця. Барыс Кіт трымаў у сваім архіве газэту «Беларус» з нэкралёгам Ніны Корсак-Кіт, напісаным іх сынам Віктарам, высокакваліфікаваным хірургам. Першы сын Ніны і Барыса Ўладзімер Кіт, які зрабіў кар’еру ў НАСА (амэрыканскім астранаўтычным агенцтве), памёр раней за бацькоў, у 2009 годзе.

Сыноў Барыс Кіт вельмі любіў, ганарыўся імі, трымаў іх партрэты, дыплёмы і візыткі ў сваёй невялічкай франкфурцкай кватэры на самым пачэсным месцы. Ён вельмі гараваў, што Ўладзімер заўчасна памёр.

Адзін з апошніх здымкаў Барыса Кіта. Франкфурт, 25 лістапада 2017
Сямейны здымак. Зьлева направа: Віктар Кіт, Ніна Корсак-Кіт і Барыс Кіт.
Нэкралёг Ніны Корсак-Кіт, напісаны яе сынам Віктарам. Газэта «Беларус», 2015
Знаёмства з Тамарай
Тамара і Барыс у Празе, 1994

Пасьля выхаду ў адстаўку зь дзяржаўнай службы ў ЗША ў 1972 годзе Барыс Кіт прыехаў у Франкфурт-на-Майне, у Нямеччыну, дзе яшчэ 20 гадоў выкладаў матэматыку амэрыканскім вайскоўцам у філіях Мэрылэндзкага ўнівэрсытэту.

«Аднойчы ў Франкфурце мне патрэбна было перакласьці некаторыя дакумэнты на нямецкую мову, і я зайшоў да адной перакладчыцы, якая паходзіла зь Вільні. І яна пазнаёміла мяне з Тамарай. Проста мы йшлі вечарам каля Тамарынай хаты, і перакладчыца кажа: тут мае прыяцелі ўкраінцы жывуць. Дык я: давайце зойдзем. Так я трапіў у Тамарыну сям’ю», — апавядаў Барыс Кіт пра знаёмства з Тамарай Васілю Быкаву, які запісаў і выдаў успаміны Кіта пад назвай «Цярновы шлях».

Барыс Кіт, 1972

Знаёмства з Тамарай Казевіч адбылося ў 1972 годзе, неўзабаве пасьля пераезду Барыса Кіта ў Нямеччыну.

«Гэта была перакладчыца Вера Дзьмітрыеўна Капкаева, якая дапамагала Барысу Кіту ў падрыхтоўцы папераў. І яна кажа, што маю тут сяброў, магу пазнаёміць, і прывяла яго да нас у кватэру, і ён застаўся ў нас», — распавяла Свабодзе пра знаёмства з Барысам Кітом Тамара Казевіч.

На той момант Барыс разышоўся з жонкай Нінай, якая засталася ў Амэрыцы, Тамара нашмат раней разьвялася са сваім першым мужам Багданам Казевічам. Той таксама застаўся ў Амэрыцы, спачатку прасіў Тамару вярнуцца, але марна, а пазьней завёў новую сям’ю.

Тамара кажа, што ў той вечар яны з Барысам спадабаліся адзін аднаму, Кіт яе проста зачараваў.

Розьніца ва ўзросьце паміж Барысам і Тамарай складала 27 гадоў. На момант знаёмства з Барысам Тамара гадавала 15-гадовую дачку Ірыну ад першага шлюбу. Яна жыла зь цёткай Лідзіяй Рудольфаўнай, якая яе гадавала, як маці, ад самага дзяцінства, спачатку ў Кіеве, пазьней у Аўстрыі і Нямеччыне. Тамара на ўсё жыцьцё запомніла бомбы, пад якія яны траплялі, калі ехалі з Аўстрыі ў канцы вайны.

Тамара Казевіч (справа) з дачкой Ірынай

Тамара Казевіч нарадзілася ў 1937 годзе на Далёкім Усходзе, дзе афіцэрам у савецкім войску служыў яе бацька Адольф Тырлінг, немец паводле нацыянальнасьці. У тым жа годзе ў Кіеве арыштавалі ягоную маці, а самога яго звольнілі са службы. Адольф і Еўдакія Тырлінгі амаль ня мелі на што жыць, калі ў іх у Кіеве нарадзілася яшчэ адно дзіця. І старэйшую дачку Тамару часова ўзяла на выхаваньне Адольфава сястра Лідзія, муж якой Яўген Зялінскі працаваў інжынэрам на цукровым заводзе і быў больш заможны.

Лідзія і Яўген Зялінскія фактычна замянілі Тамары бацькоў, зь імі яна вырасла і праехала шмат краін. У 1949 годзе яны разам эмігравалі ў ЗША, а ў 1959-м — вярнуліся ў Нямеччыну.

У Амэрыцы Тамара атрымала адукацыю і выйшла замуж, там жа, у Дэтройце, у яе нарадзілася дачка Ірына. Потым усе, за выключэньнем Тамарынага мужа Багдана Казевіча, вярнуліся са Злучаных Штатаў у Франкфурт. У Дэтройце Тамара была актывісткай ва ўкраінскай грамадзе, захаплялася балетам і музыкай.

У 1972-м Лідзія Рудольфаўна нэгатыўна ўспрыняла Барыса Кіта як патэнцыйнага зяця, 15-гадовая Тамарына дачка Ірына таксама спачатку не палюбіла Барыса Ўладзімеравіча — усё таму, што ён быў нашмат старэйшы за Тамару.

«Лідзія Рудольфаўна толькі ў канцы свайго жыцьця прыхільна паставілася да Барыса. Пакрыху і дачка Ірына прывыкла да яго, палюбіла, — распавядае Тамара. — І ў апошні час мая дачка так старалася для яго, так дапамагала на пахаваньні, што я зьдзівілася».

Сустрэча Ніны і Тамары
Барыс Кіт з Тамарай Казевіч у Вісбадэне, 1997

У 1973 годзе ў Франкфурт з Вашынгтона прыехала Ніна Кіт, якая яшчэ заставалася фармальнай жонкай Барыса. Яна спынілася ў гатэлі «Am Berg» недалёка ад дома Барыса Кіта ў раёне Паўднёвага вакзалу. Ніна хацела пераканаць Барыса забыць усе крыўды, адмовіцца ад ранейшага супольнага рашэньня пра развод і вярнуцца да яе. Але Барыс ужо кахаў Тамару, на ўгаворы Ніны ён не паддаўся. Разумеючы, што ў Барыса ўжо ёсьць іншая, Ніна захацела пазнаёміцца з Тамарай, спадзеючыся, што можа ўдасца неяк адгаварыць яе.

Як распавядаў пазьней Барыс Кіт, гэтая размова адбылася, ён паклікаў Тамару ў гатэль да Ніны, і Тамара пры сустрэчы першай падала руку. Пра што гаварылі жанчыны, Барыс Кіт ня чуў, ён выйшаў з пакою, каб даць жанчынам пагутарыць сам-насам. Потым ён напаўжартам казаў пра вынік той жаночай размовы: «Яны пагаварылі і вырашылі, што я належу да Тамары».

Ніна вярнулася ў Вашынгтон. Потым у яе былі яшчэ сустрэчы і з Барысам, і з Тамарай, калі тыя прыяжджалі ў ЗША. Тамара кажа, што адносіны ў яе зь Нінай і з сынамі Кіта Ўладзімерам і Віктарам склаліся сяброўскія.

22 красавіка 1973 году ў прыгожай рэстарацыі амэрыканскага гатэля ў нямецкім горадзе Вісбадэне Барыс і Тамара са сваякамі адзначылі заручыны. Сярод гасьцей была і Вера Дзьмітрыеўна, якая іх пазнаёміла. Родныя Тамары больш не працівіліся іхнаму шлюбу, хоць прывыклі да Барыса і палюбілі яго яшчэ ня хутка.

Шлюб можна было было аформіць пасьля фармальнага разводу Ніны і Барыса, які адбыўся ў 1975 годзе.

Спадарожніца жыцьця
Барыс Кіт і Тамара Казевіч. Бад-Гомбург, 2001

Але букетны пэрыяд у адносінах Барыса і Тамары зацягнуўся.

«Спачатку мы хацелі пажаніцца. А потым я падумала і вырашыла, што лепей быць асобна, чым увесь час толькі разам і разам, бо надакучваеш, як бывае ў шлюбе. Людзі надакучваюць і пачынаюць сварыцца. А так ён прыходзіў, было добра, мы хадзілі, гулялі, не было ніякіх спрэчак. Гэта ж лепей, так? Гэта была мая ідэя, але і Барыс пагадзіўся, і, як мне падаецца, ён ня надта пакутаваў ад гэтага».

Калі яны сустрэліся ў 1972 годзе, у Барыса было двое сыноў, Тамара мела адну дачку, больш дзяцей яны не захацелі.

«Нашыя адносіны я называю шматгадовым сяброўствам. А Барыс Уладзімеравіч называў мяне спадарожніцай жыцьця, Lebensgefährtin па-нямецку», — прызнаецца Тамара.

Былі штодзённыя тэлефанаваньні, сустрэчы, паходы ў тэатры і рэстараны, паездкі за горад і за мяжу, удзел у важных імпрэзах і сумесны адпачынак. А пасьля спатканьняў і паездак Барыс і Тамара разыходзіліся па сваіх асобных кватэрах.

Барыс Кіт і ўнук Тамары Казевіч Аляксандар, 1986 год
Хросная дачка Кіта Марыся Марліч, Барыс Кіт і Тамара Казевіч. Франкфурт, 1980
На Вялікдзень 1992 году
Шыльда на будынку школы нумар 1 гораду Наваградку ў гонар дырэктара Барыса Кіта, 2000

Барыс Кіт любіў гуляць з Тамарыным унукам Аляксандрам, які нарадзіўся ў 1997-м. У пазьнейшы час Тамара даглядала сваю другую маці Лідзію Рудольфаўну, якая ў канцы жыцьця доўга хварэла і памерла ў 2007-м, і Барыс дапамагаў Тамары апекавацца ёю.

Тамара працавала сакратаркай спачатку ў прадстаўніцтве амэрыканскай кампаніі ў Франкфурце, потым у розных банках і адвакацкай канторы. Барыс Кіт параіў Тамары пашукаць працы ў Цэнтральным банку ФРГ, які мае сядзібу ў Франкфурце-на-Майне, і яна ўрэшце стала сакратаркай старшыні Бундэсбанку Ганса Тытмаера.

«Гэта была ідэя Барыса — падацца ў Бундэсбанк. Відаць, у яго была нейкая інфармацыя, што там патрэбныя такія супрацоўнікі. І я паспрабавала, там былі слаўныя людзі, яны ўзялі мяне, і я працавала там да пэнсіі».

Тамара таксама шмат дапамагала Барысу Кіту. Яна пераклала на нямецкую і надрукавала на машынцы ягоную доктарскую працу, якую ён абараніў ва ўнівэрсытэце Рэгенсбургу ў 1983 годзе, яна пабывала разам зь ім на пятнаццаці Міжнародных астранаўтычных кангрэсах, разам яны былі на адкрыцьці беларускай амбасады ў Боне ў 1993 годзе. А яшчэ Тамара перакладала на нямецкую мову вершы сябра Барыса Кіта Масея Сяднёва, пісала лісты патэнцыйным фундатарам Беларускага нацыянальнага ўнівэрсытэту ў Наваградку, калі на пачатку 1990-х Барыс Кіт загарэўся такой ідэяй і шукаў пад яе сродкі.

«Жыцьцё было цікавае, добрае, мы аб’езьдзілі ўвесь сьвет, мы былі задаволеныя нашымі адносінамі. Яны не сапсаваліся, бо кожны меў сваю кватэру. Я магу рабіць, што я хачу, і ён — што сам хоча. І тады мір, — кажа Тамара. — Барыс быў вельмі спакойны, вельмі разумны, ня трэба было кніг чытаць, а толькі дастаткова яго спытаць. Зь ім можна было добра бавіць час, ён не сварыўся і не злаваў, быў прыемным чалавекам, не шкадаваў добрых словаў».

У адносінах з Барысам Тамара не адчувала 27-гадовай розьніцы ва ўзросьце, хоць сапраўды яны былі прадстаўнікамі розных пакаленьняў і ён мог бы быць яе бацькам:

«Не. Я на яго глядзела як на сябра. Ён быў мяккі, нястрогі, як бываюць старэйшыя людзі. Я была шчасьлівая з Барысам. Шмат гадоў!»

Віншаваньне Барысу Кіту з 103-м днём народзінаў ад Міжнароднага астранаўтычнага таварыства імя Гэрберта Обэрта і Вэрнэра фон Браўна
Віншаваньне Барысу Кіту з 105-м днём народзінаў ад мэрыі горада Франкфурта-на-Майне
Віншаваньне Барысу Кіту з 107-м днём народзінаў ад прэзыдэнта ФРГ Франка-Вальтэра Штайнмаера
Шчасьце Барыса і Тамары
Антон Каліноўскі, Тамара Казевіч, Лідзія Савік, Барыс Кіт, Аляксей Дзікавіцкі. Варшава, 2003

Менская пісьменьніца Лідзія Савік — біёграф Барыса Кіта, яна напісала пра яго шмат артыкулаў і некалькі кніжак, у тым ліку «Космас беларуса».

На просьбу Радыё Свабода Лідзія Савік падзялілася ўражаньнямі ад адносін Барыса Кіта і Тамары Казевіч, якімі яна іх пабачыла.

«Упершыню я ўбачыла разам Тамару і Барыса Кіта ў 1997 годзе. Мы прыйшлі з Барысам Уладзімеравічам у рэстарацыю. Сядзім чакаем Тамару. І раптам я бачу, як Барыс Кіт так расьцьвітае. Такая ў яго ўсьмешка зьявілася, такія шчасьлівыя вочы. І ён увесь неяк наперад памкнуўся. Я адразу здагадалася, ня бачачы яшчэ Тамары, што гэта яна прыйшла. Як яна мне спадабалася! Такая прыгожая, сьветлая, радасная яна, як марская птушка, як чайка ўвайшла ў памяшканьне, і ўсё сапраўды асьвятлілася», — згадвае Лідзія Савік.

Потым у Савік было шмат сустрэч з Кітом і Тамарай, і кожная была напоўненая паразуменьнем, спагадай і ўражаньнем, што Барыс Кіт і Тамара — сапраўды шчасьлівыя людзі.

Тамара Казевіч, Барыс Кіт і Марыя Ільяшэвіч, 1985
Барыс Кіт, Станіслаў Шушкевіч, Тамара Казевіч, 2010
Барыс Кіт і Тамара Казевіч на Каляды, 2001

Дзеля Тамары Барыс Кіт і застаўся ў Эўропе, не вярнуўся ў Амэрыку. Яна была ягоным анёлам і музай, апорай ягонага доўгага, шчасьлівага і пасьпяховага жыцьця, мяркуе Лідзія Савік:

«Барыс Уладзімеравіч шмат разоў казаў, што яму вельмі пашанцавала, што ў канцы ягонага жыцьця побач была Тамара. У яе нельга было не закахацца. У іх было жыцьцё, якому можна было пазайздросьціць і ўзяць сабе за прыклад. Яны былі шчасьлівыя, іх сустрэчы былі сьвятамі. І, відаць, рашэньне мець асобныя кватэры, але жыць разам было правільным. Каб былі пад адным дахам, можа, так і ня склалася б. Яны кожны дзень сустракаліся, то ў яе, то ў яго, то ў горадзе. У іх былі роўныя цёплыя адносіны, як у людзей, якія моцна кахаюць адзін аднаго».

Барыс Кіт і Тамара шмат хадзілі, стараліся падтрымаць сваю форму, а ў старасьці гулялі ў мяч і інтэлектуальныя гульні.

Барыс Уладзімеравіч любіў пайсьці да Тамары зьесьці гарохавы суп, запрашаў да яе і сваіх гасьцей. Ён пазнаёміў яе з усімі сваімі сябрамі-навукоўцамі і зь беларусамі, якія бывалі ў яго ў Франкфурце. У 2001–2002 гадах Барыс Кіт і Тамара сябравалі сем’ямі з Васілём Быкавым і ягонай жонкай Ірынай Міхайлаўнай. Тады Быкавы жылі ў Франкфурце-на-Майне і амаль штодня бачыліся з Кітом і Тамарай.

Васіль Быкаў і Барыс Кіт, 2001
Васіль Быкаў, Тамара Казевіч, Барыс Кіт. Бад-Гомбург, 2001
Васіль Быкаў і Барыс Кіт, 2001
Разьвітаньне
Барыс Кіт у доме састарэлых, 2016

Адпачатку Барыс клапаціўся пра Тамару, езьдзіў да яе з кветкамі і падарункамі. А ў апошнія гады яму самому была патрэбная дапамога. Ён перажыў пералом шыйкі сьцягна, апэрацыю па замене суставу, пасьля якой на ногі ня ўстаў, карыстаўся вазком.

Прытулак для састарэлых, дзе пасяліўся Кіт у 2012-м, быў блізка ад Тамарынага дому — 10 хвілін пехатой. І Тамара амаль штодня наведвала яго, хоць і сама была ўжо хворай.

Барыс Кіт у кватэры Тамары Казевіч на фоне карціны, намаляванай ім самім, 1992
Тамара Казевіч на фоне карціны, намаляванай Барысам Кітом, 2018
Тамара з календаром на 2014 год зь сямейнымі партрэтамі

Яны вельмі непакоіліся пра здароўе адзін аднаго да апошняга дня, кажа Тамара:

«Калі цямнела, а гэта ў пяць вечара зімой, Барыс Уладзімеравіч хацеў, каб я пайшла дадому, пакуль сьветла, каб я была ў бясьпецы. Ён быў вельмі рады, калі я вярталася і званіла яму ўжо з дому. Не хацеў трывожыць і турбаваць...

Апошнія два дні Барыса Кіта былі жахлівыя. Ён ня мог глытаць, есьці і піць. І ў яго былі такія болі, што мы паклікалі анэстэзіёлягаў, яны далі яму крыху морфію, але ён усё роўна крычаў ад болю, пакутаваў. Яму далі яшчэ морфію і яшчэ. І тады ён памёр...»

Апошнія гады Барыс Кіт ужо кепска бачыў і чуў, але ўсё ж быў задаволены жыцьцём, доглядам у доме састарэлых, чакаў, калі яму споўніцца 108. Тамара кажа, што Барыс Кіт да канца знаходзіў цікавасьць у жыцьці, чакаў кожнага яе прыходу і тэлефанаваньня, пасябраваў з пэрсаналам дому састарэлых, збудаваным у Франкфурце для габрэяў — ахвяраў Галакосту.

Барысу Кіту спадабалася вестка, што, паводле Белстату, у Беларусі няма мужчын, старэйшых за яго, і што ён, выходзіць, самы стары беларус сьвету і самы стары жыхар Франкфурта-на-Майне.

Яшчэ ў 1970-х Барыс Кіт купіў за 2000 марак два месцы, для сябе і Тамары, на праваслаўных могілках у Вісбадэне, за 40 км ад Франкфурта. Гэтыя месцы доўга пуставалі, парослыя травою. 15 лютага 2018-га месца зьлева заняў Барыс Кіт.

Барыс Кіт паказвае Васілю Быкаву сваё месца на могілках у Вісбадэне, 2001
Пахаваньне Барыса Кіта, 2018
Тамара каля магілы Барыса Кіта, 2018

Барыс Кіт нарадзіўся ў 1910 годзе ў Санкт-Пецярбургу. Бачыў лютаўскую рэвалюцыю. Пасьля кастрычніцкага перавароту ягоны бацька, ратуючыся, перавёз сям’ю ў вёску Агароднікі Карэліцкага раёну. Скончыў Віленскі ўнівэрсытэт імя Стэфана Баторыя, выкладаў матэматыку і быў дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, пазьней Наваградзкай гімназіі. За беларускую дзейнасьць перасьледаваўся ўладамі Польшчы, СССР, нацысцкай Нямеччыны. У 38 гадоў эміграваў у ЗША. Працаваў у розных кампаніях, удзельнічаў у амэрыканскіх праектах падрыхтоўкі да палётаў у космас, дасьледаваў касьмічныя праграмы СССР. Прафэсар, доктар філязофіі ў галіне матэматыкі, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, сябра многіх іншых міжнародных і нацыянальных акадэмій і абʼяднаньняў.