Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат і гісторык Марзалюк стане вядоўцам ток-шоў з канцэпцыяй «беларускага сьвету» 


Ігар Марзалюк
Ігар Марзалюк

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк будзе вядучым грамадзка-палітычнага ток-шоў «У абстаноўцы міру» на тэлеканале СТВ. Пра гэта БелаПАН паведамілі ў інфармацыйнай дырэкцыі «Сталічнага тэлебачаньня».

У камэнтары БелаПАН Марзалюк паведаміў, што гэта будзе ток-шоў, у аснове якога ляжыць канцэпцыя «беларускага сьвету».

«Мы будзем паказваць беларускі сьвет, прамаўляць сэнсы нашай вялікай беларускай традыцыі ад мінулага да сучаснасьці. Паказваць Беларусь такой, якой яна ёсьць, шматграннай, таленавітай і разнастайнай. Беларускае сэрца і IT-тэхналёгіі, беларускае сэрца і пункты росту, беларускае сэрца і наша мадэль эканомікі, заснаваная на справядлівасьці. Беларуская ідэнтычнасьць і яе месца ў эўрапейскай ідэнтычнасьці», — расказаў палітык.

Марзалюк адзначыў, што на ток-шоў ня будуць пазьбягаць праблемных і вострых тэмаў, якія патрабуюць разуменьня і прагаворваньня. Ён дадаў, што будзе імкнуцца, каб у кожнай перадачы прысутнічала рэгіянальная спэцыфіка.

«Я лічу, што ток-шоў са сталічнымі аналітыкамі дастаткова. Павінны быць тыя, хто ўзначальвае галіны, міністэрствы, разам з тым неабходна чуць голас тых, хто гэтыя рэчы робіць пасьпяхова і на кім яны адбіваюцца, — бізнэсоўца, навукоўца, настаўніка. Там ня будзе крыку, гвалту, хлусьні і падтасоўкі. Там ня будзе скандальных людзей, для якіх самае галоўнае "выберы мяне". Мы будзем прамаўляць беларускія сэнсы, беларускія традыцыі, якія адлюстроўваюцца ў сучаснасьці. Гэта перадача для тых, хто спазнае Беларусь — праз сябе і нашых суседзяў», — сказаў палітык.

Таксама Марзалюк растлумачыў, чым у яго разуменьні зьяўляецца канцэпцыя «беларускага сьвету». «Гэта сьвет як паселішча, дзе ёсьць месца ўсім. Любы беларускі горад, які мае традыцыю, гэта ратушная плошча, на якой акрамя ратушы стаяць побач праваслаўны сабор і каталіцкі касьцёл, сынагога і мячэць. І так з 14 стагоддзя на працягу шасьцісот гадоў нашай гісторыі, без пагромаў, зьневажаньняў, забойстваў, абразаў, з павагай да чужой ідэнтычнасьці. З разуменьнем, што гэта частка поліфаніі, сумоўя, традыцый і культур», — дадаў ён.

Здымкі перадачы вядуцца ў Мірскім замку. Дэпутат параўнаў ідэю беларускага сьвету менавіта з гэтым замкам, дзе спалучаюцца як каталіцкія, так і праваслаўныя традыцыі.

Як паведамілі БелаПАН у інфармацыйнай дырэкцыі СТВ, цяпер вядуцца здымкі першага выпуску праграмы. У эфір перадача, як мяркуецца, выйдзе ў чацьвер, 25 красавіка, у 20.30.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG