Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Марзалюк: «Няправільна, калі рэстаўрацыяй могуць займацца любыя будаўнікі»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У дзейны Кодэкс аб культуры неабходна ўнесьці дапаўненьне, паводле якога права на рэстаўрацыйныя працы будуць атрымліваць толькі тыя будаўнікі, якія маюць адпаведную ліцэнзію. Да такой думкі прыйшлі ўдзельнікі тэматычнага круглага стала ў Палаце прадстаўнікоў, які адбыўся 26 лістапада.

«Калі ж аддаць такую справу звычайным будаўнікам, якія ня маюць дадатковых ведаў, а фактычна непрафэсіяналам, дык замест рэстаўрацыі адбываецца банальны рамонт, прычым ня самага высокага ўзроўню. А дзяржаўныя грошы марнуюцца», — канстатаваў старшыня камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк.

Рэстаўратарам можна толькі стаць

Пра абавязковую неабходнасьць мець адмыслоўцаў-рэстаўратараў казаў і Ігар Чарняўскі, былы начальнік упраўленьня аховы гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры, а цяпер сябра праўленьня фонду «Культурная спадчына і сучаснасьць». Чарняўскі адзначыў, што ў Беларусі ёсьць нядрэнныя адмыслоўцы, здольныя якасна правесьці рэстаўрацыю жывапісу, ляпніны, скульптуры. А вось рэстаўратараў будаўнічых прафэсій істотна не хапае.

«Калісьці я прыдумаў такую прымаўку: „Рэстаўрацыі навучыць немагчыма, рэстаўратарам можна толькі стаць“. Гэта значыць, што трэба мець базавую адукацыю і практыку. Чым больш сталай практыкі ў чалавека, тым лепш праводзяцца рэстаўрацыйныя работы, тым лепшыя ў адмыслоўца навыкі», — сказаў Ігар Чарняўскі.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

За што аштрафавалі настаяцеля?

Протаярэй Полацкай эпархіі Беларускай праваслаўнай царквы Міхал Ізаітка апавёў гісторыю з пакараньнем настаяцеля адной з цэркваў у ягонай эпархіі.

«У вёсцы ёсьць праваслаўны храм, які адносіцца да гістарычных помнікаў. Моцны вецер сарваў з даху два лісты шыфэру. Пасьля гэтага „пацякла“ сьцяна царквы. Настаяцелю дапамаглі падлатаць дах».

Храм больш не замакае. Але Міністэрства культуры выпісала сьвятару штраф за рамонт гісторыка-культурнага помніка без узгадненьня.

«Я згодзен, што фармальна парушэньне закону адбылося. Але ці было б лепей, калі б храм замакаў і надалей?» — зьвярнуўся да іншых удзельнікаў дыскусіі протаярэй Міхал.

Яны пагадзіліся, што і тут Кодэкс аб культуры трэба карэктаваць. То бок, калі аб’ект у аварыйным стане, неабходна адысьці ад жорсткай рэглямэнтацыі дзеяньняў, і права на вырашэньне нестандартных сытуацый, якім цяпер валодае Мінкульт, трэба перадаць мясцовым уладам.

Напалову абшытая сайдынгам царква ў Порплішчы, ілюстрацыйнае фота
Напалову абшытая сайдынгам царква ў Порплішчы, ілюстрацыйнае фота

​Усе прапановы, якія прагучалі на круглым стале, будуць прааналізаваныя. «Наша камісія апэратыўна падрыхтуе актуальныя дапаўненьні і зьмяненьні ў Кодэкс аб культуры», — падсумаваў вынікі дыскусіі Ігар Марзалюк.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG