Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як пад Ашмянамі руйнуецца сядзіба маршалка ВКЛ ХVI стагодзьдзя. ФОТА


Палац Дарагастайскіх у Мураванай Ашмянцы
Палац Дарагастайскіх у Мураванай Ашмянцы

У Мураванай Ашмянцы на самай мяжы Беларусі зь Літвой стаіць на ўзвышшы самотная руіна ХVI стагодзьдзя — спадчынны маёнтак вялікага літоўскага маршалка, ваяводы Крыштафа Мікалая (Хрыстафора Манвіда) Дарагастайскага (1562-1615).

Дзяржаўны і грамадзкі дзяяч ВКЛ Крыштаф Мікалай Дарагастайскі вядомы і як аўтар славутай энцыкляпэдыі «Гіпіка, альбо Кніга пра коней» — першай сыстэматызаванай энцыкляпэдыі эпохі Рэнэсансу, прысьвечанай конегадоўлі і коннай язьдзе. Ягоная кніга была сымбіёзам навукі, літаратуры і мастацтва — паўсотні гравюр у ёй належаць Тамашу Макоўскаму, прыдворнаму гравэру Радзівілаў, аўтару першай дакладнай мапы ВКЛ.

Руіна без ахоўнага статусу

Да нядаўняга часу патрапіць да сядзібы Дарагастайскіх у Мураванай Ашмянцы можна было толькі пасьля атрыманьня адмысловага дазволу, бо яна знаходзіцца ў памежнай зоне. Цяпер рэжым больш лібэральны, доступ сюды вольны: кожны на ўласныя вочы можна пабачыць, як зьнікае архітэктурная спадчына ХVІ—ХVІІІ стагодзьдзяў.

Від на руіны з гасьцінца
Від на руіны з гасьцінца

Гістарычныя камяні
Гістарычныя камяні

Ахоўнай таблічкі на сьценах палаца Дарагастайскіх няма. Як паведаміў Свабодзе старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, у дзяржаўных сьпісах на кансэрвацыю і рэстаўрацыю сядзіба ня значыцца.

Гэта пацьвердзіў і колішні начальнік упраўленьня аховы гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі.

«Статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці няма, — кажа ён. — Пункт 2 артыкулу 92 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб культуры сьведчыць: статус можа быць нададзены нерухомай матэрыяльнай культурнай каштоўнасьці пры ўмове, што яна зьяўляецца аўтэнтычнай або рэстаўраванай у адпаведнасьці з навукова-праектнай дакумэнтацыяй на выкананьне рамонтна-рэстаўрацыйных работ. Можа паўстаць і пытаньне ўласнасьці. Увогуле ж у кодэксе, як раней у законе, ёсьць некаторыя неадназначныя палажэньні. У гэтым выпадку — як працытаванае суаднесьці з руінай».

Парэшткі алеі, якая вяла да параднага пад’езду
Парэшткі алеі, якая вяла да параднага пад’езду

Былыя пакоі густа зарасьлі дрэвамі
Былыя пакоі густа зарасьлі дрэвамі

​Як выглядаў архітэктурны ансамбаль, дакладна невядома: выяў і дакумэнтаў не засталося. Ад гаспадарскага дома, кардынальна перабудаванага, паводле некаторых зьвестак, у сярэдзіне XIX стагодзьдзя, часткова захаваліся сутарэньні, цокаль і сьцены першага паверху. Плюс контуры некалі добраўпарадкаванага возера і абрысы алеі да параднага пад’езду.

Дакладна невядома, у якім месцы стаяў кальвінскі збор, якім апекаваліся Дарагастайскія, а таксама друкарня, дзе выходзілі выданьні найперш рэлігійнага зьместу. Але нельга адкідаць вэрсію, што абодва будынкі ў будучыні якраз сталі падмуркам для абноўленага палаца — храм і друкарня маглі знаходзіцца пад адным дахам.

Ляканічны палац для маршалка

Краязнаўца Алег Гайдукевіч кажа, што ў працэсе віртуальнага аднаўленьня першапачатковага выгляду сядзібы можна апэраваць толькі больш ці менш праўдападобнымі дапушчэньнямі.

Краязнаўца Алег Гайдукевіч
Краязнаўца Алег Гайдукевіч

«Цяжка нават уявіць, як мясцовасьць выглядала раней. Але на маё разуменьне, гэта ўсё ж старая пабудова ХVI стагодзьдзя, якая была цэнтрам вялікага комплексу, — дапускае суразмоўца. — А вакол, хутчэй за ўсё, стаялі драўляныя будынкі. Вось таму за столькі сотняў гадоў нічога і не захавалася, да нашага часу дайшлі толькі муры, скляпеньні з трывалай цэглы. Наогул хочацца спадзявацца, што калі ня заўтра, дык пасьлязаўтра дойдуць рукі і да гэтага помніка. Паціху ўсё ж рухаецца справа, знаходзяцца неабыякавыя людзі, якія ўздымаюць гісторыю з руінаў».

На магчымасьць такога храналягічнага адліку сьведчыць у муроўцы і шматлікая цэгла-пальчатка з адбіткамі майстроў, што характэрна для позьняга Сярэднявечча — са зьяўленьнем новых тэхналёгій абпальваньня ў ХVIІ-ХVIІІ стагодзьдзях пальчатка адышла.

Мастак-рэстаўратар Сяргей Верамейчык
Мастак-рэстаўратар Сяргей Верамейчык

Разам з тым ацалелыя фрагмэнты дазваляюць канстатаваць: будынак досыць ляканічны і не падобны да патасных збудаваньняў тагачаснай знаці, кажа мастак-рэстаўратар Сяргей Верамейчык.

«Выглядае, што ад пачатку ня ставілася за мэту ўзьвесьці патасны палац, які гарантаваў бы атрыманьне прэстыжнага званьня, — гаворыць Верамейчык. — Дарагастайскі быў уганараваны шматлікімі тытуламі як за мяжой, так і дома. Ён быў баронам Сьвяшчэннай Рымскай імпэрыі, маршалкам Вялікага Княства Літоўскага, а гэта ўжо найвышэйшая пасада, далей няма куды. Таму маем справу з практычным, ляканічным аб’ёмам. Зрэшты, гэткія ж магнацкія сядзібы будаваліся і ў Італіі, дзе ён правёў шмат часу, — бязь вежачак ды іншых архітэктурных упрыгажэньняў».

Кім быў Дарагастайскі

Крыштаф Мікалай Дарагастайскі паходзіць зь вядомага ў Вялікім Княстве Літоўскім роду Манвідаў, нарадзіўся 2 сакавіка 1562 году ў шляхецкай сям’і полацкага ваяводы Мікалая Дарагастайскага. Маці Ганна з роду Войнаў.

Сутарэньні ніжняга ярусу
Сутарэньні ніжняга ярусу

Аркі першага паверху
Аркі першага паверху

Бацькі сур’ёзна клапаціліся, каб даць сыну найлепшую эўрапейскую адукацыю. Крыштаф Мікалай вучыўся ў гімназіі Штурма ў францускім Страсбуры, а пасьля ў акадэміі нямецкага Фрайбургу, дзе абараніў ступень доктара мэдыцыны. У Галяндыі спасьцігаў майстэрства бою, за вайсковыя заслугі атрымаў тытул барона Сьвяшчэннай Рымскай імпэрыі. У Нэапалі вывучаў конную справу. Ганаровы грамадзянін Вэнэцыі.

Па вяртаньні на радзіму зрабіў бліскучую кар’еру. Меў прывілеі старасты ваўкавыскага, стольніка і крайчага літоўскага, а ў 1597 годзе атрымаў пасаду вялікага маршалка літоўскага. Выступаў у ролі міратворца паміж каралём Жыгімонтам III Вазам і князем Хрыстафорам Радзівілам, узначальваў вялікалітоўскія вайсковыя адзінкі ў баях са швэдамі падчас Інфлянцкай вайны, атрымаў раненьне. Штурмаваў Смаленск, быў у ліку першых, хто ўварваўся ў замак.

Парэшткі драўлянай падлогі
Парэшткі драўлянай падлогі

Цэгла-пальчатка з адбіткам майстра
Цэгла-пальчатка з адбіткам майстра

Як адзін з ініцыятараў Рэфармацыі фундаваў пабудову кальвінскіх храмаў на Віленшчыне і Валыні. Пасьля сьмерці бацькі атрымаў у спадчыну некалькі радавых маёнткаў, у тым ліку ў Мураванай Ашмянцы. Там заснаваў друкарню, дзе выдаваў палемічныя творы рэлігійнага зьместу. Некаторыя фінансаваў, напрыклад «Цэнзуру» кальвінскага прапаведніка Войцэха Салінарыюса, які служыў у тутэйшым зборы.

Самае вядомае са спадчыны магната ВКЛ

Самым значным творам Дарагастайскага лічыцца ягоная «Гіпіка, альбо Кніга пра коней». Маштабную працу ён распачаў падчас замежных вандровак, дома даводзіў да ладу. Афіцыйным адрасам фаліянту пазначана друкарня Анджэя Пётркоўчыка ў Кракаве (1603), аднак некаторыя дасьледчыкі не выключаюць, што нейкі з накладаў мог друкавацца і ў Мураванай Ашмянцы — энцыкляпэдыя вытрымала сем выданьняў, большасьць ужо пасьля сьмерці аўтара.

Вокладка першага выданьня «Гіпікі»
Вокладка першага выданьня «Гіпікі»

«Гіпіка» — перадусім вынік юнацкай пабыўкі Дарагастайскага ў Нэапалі, дзе працавала першая ў сьвеце вышэйшая школа коннай язды. Як у сваіх рукапісах згадваў ён сам, Антоніё Фэрара, гіполяг і канюшы віцэ-караля князя дэ Асуна, запаліў яго марай стварыць кнігу пра конегадоўлю.

Праца пацьвярджае, наколькі яе складальнік любіў гэту высакародную жывёлу, ведаў яе анатомію і павадкі. Напісаная па-польску, кніга складалася з чатырох самастойных частак. Даходліва апісваюцца конскія масьці і прыёмы язды, сакрэты падрыхтоўкі баявых коней, даюцца ўзоры муштукоў і цугляў, на завяршэньне — «Гіпіятрыя», вэтэрынарны лячэбнік. Паўсюдна — аўтарскія адступленьні, уласныя пераклады вершаў антычных аўтараў. Ускосна тут можна знайсьці нямала зьвестак пра побыт шляхты, мэдыцыну, вераваньні ў канцы ХVI і на пачатку ХVIІ стагодзьдзяў.

Краязнаўца Алег Гайдукевіч кажа, што сучасны чалавек наўрад ці ў стане аб’ектыўна ацаніць, які статус паўтысячы гадоў таму меў конь.

Гравюра Тамаша Макоўскага
Гравюра Тамаша Макоўскага

«Гіпіка» — першы падручнік такога кшталту ў Эўропе, прысьвечаны конегадоўлі. Казаць пра яго важнасьць — як канстатаваць відавочнае. У Сярэднявеччы конь — гэта і першы сябра, і галоўны памочнік, і вайсковая адзінка. Разам з тым людзі цудоўна разумелі ня толькі практычную карысьць, а і прыгажосьць жывёлы, яе высакароднасьць. Дык вось Дарагастайскі стаў прапагандыстам той сьвецкай ідэі — апяваў прыгажосьць, вытанчанасьць каня. Ну і ня трэба забывацца, што ён мэдык паводле адукацыі, набытыя веды леглі ў аснову разьдзелу «Гіпіятрыя».

Асобная размова пра мастацкае аздабленьне кнігі. Першым рэцэнзэнтам рукапісу быў даўні прыяцель аўтара, князь Мікалай Радзівіл Сіротка, таксама вядомы знаўца пародзістых коней. Менавіта ён параіў адмовіцца ад паслуг эўрапейскіх ілюстратараў, рэкамэндаваўшы для супрацы прыдворнага нясьвіскага гравэра Тамаша Макоўскага. Вынік перавысіў самыя сьмелыя чаканьні — паўсотні малюнкаў выглядаюць актуальна і праз чатыры стагодзьдзі. Некаторыя зробленыя з эскізаў Дарагастайскага.

Гравюра Тамаша Макоўскага
Гравюра Тамаша Макоўскага

Сяргей Верамейчык унікальнасьць «Гіпікі» бачыць перадусім у тым, што да таго ніхто ў Эўропе не даўмеўся зрабіць «конскую» энцыкляпэдыю. Гэта пазьней зьявіліся розныя даведнікі з наборам дэталяў, але кампазыцыйным правобразам для перайманьня паслужылі менавіта тэксты Дарагастайскага і малюнкі Макоўскага.

«Можа, калісьці Гіпакрат і думаў пра нешта падобнае — у перакладзе імя якраз азначае таго, хто займаецца коньмі (як ад мэдыкаў-аптэкараў пайшлі Мэдычы). Аднак ілюстраваная энцыкляпэдыя прэцэдэнтаў ня мела. І тое, што кніга перавыдавалася сем разоў, — унікальны выпадак у гісторыі навукі конегадоўлі. А яшчэ дзіўлюся, што мастакі-постмадэрністы не натхніліся „Гіпікай“, у прыватнасьці гравюрамі Макоўскага, не было варыяцый на тэму. Вось Пікаса зрабіў карціну паводле „Менінаў“ Вэляскеса, а ў нас ніхто не захапіўся такім навукова-мастацкім творам. А гравюры вельмі адметныя, выглядаюць абсалютна сучасна», — кажа суразмоўца.

Мур-ашмянская «гіпіка»
Мур-ашмянская «гіпіка»

Сучасны пераклад «Гіпікі»

10 гадоў таму знакамітая праца ўпершыню пабачыла сьвет на беларускай мове — найперш дзякуючы высілкам Сьвятланы Ішчанкі, дасьледчыцы жыцьця роду Дарагастайскіх. «Гіпіка» суправаджаецца камэнтарамі, без якіх у ХХІ стагодзьдзі паўнавартаснае разуменьне зьместу наўрад ці магчымае.

Няма зьвестак, ці меў Дарагастайскі стайню ў Мураванай Ашмянцы, але ягоная справа атрымала нечаканы працяг у наш час. Чвэрць стагодзьдзя таму ў суседняй вёсцы Грынцы заснаваў конна-спартовы цэнтар алімпійскі чэмпіён у выездцы Віктар Угрумаў. Назва знаёмая — «Гіпіка». Пры гэтым на сайце цэнтру «зь вялікай доляй верагоднасьці» дапускаецца, што ў канцы XVI — пачатку XVII стагодзьдзяў тут пасьвіўся «экспэрымэнтальны» табун вялікага маршалка.

Сярэднявечны цьвік
Сярэднявечны цьвік

Жалезная сьцяжка муроў
Жалезная сьцяжка муроў

«Стайні недалёка ўжо ёсьць; пэўна, бракуе капіталу, каб далучыць яшчэ і рэшткі палаца, паспрабаваць яго адрадзіць, — кажа Сяргей Верамейчык. — Пакуль бачым заняпад месца, зьвязанага з аўтарам легендарнай „Гіпікі“. Няма зьвестак, ці Дарагастайскі займаўся тут конегадоўляй, хоць яўна, што была пэўная колькасьць коней, патрэбная для гаспадаркі, паездак. Але тых ведаў, якія ён здабыў у Італіі, хапіла, каб распаўсюдзіць культуру конегадоўлі ў эпоху Адраджэньня. І гэтыя муры — непасрэдныя сьведкі таго часу. Шкада, што сёньня ў такім выглядзе, хіба хто-небудзь яшчэ натхніцца...»

Невядомая магіла маршалка

Апошнія гады жыцьця Крыштаф Мікалай Дарагастайскі пакутаваў ад артрыту, раз-пораз выяжджаючы на лячэньне ў Вэрону. Падчас апошняй паездкі ён памёр недалёка ад Вроцлава. Гэта здарылася 3 жніўня 1615 году. Ён быў забальзамаваны і некалькі тыдняў захоўваўся ў меднай труне ў лютэранскай капліцы. Ягонае сэрца пакінулі ў Вроцлаве, а цела перавезьлі ў Мураваную Ашмянку, дзе, паводле тэстамэнту, адбылося ўрачыстае пахаваньне.

Колішні парадны ўваход
Колішні парадны ўваход

Вокны ніжняга ярусу ўрасьлі ў зямлю
Вокны ніжняга ярусу ўрасьлі ў зямлю

Сёньня ў Мураванай Ашмянцы не засталося магілаў яе колішніх уладальнікаў. Дасьледнікі мяркуюць, што радавы склеп знаходзіўся ў крыпце кальвінскага збору. Пераносіліся парэшткі ў іншае месца ці да сёньня пахаваныя пад гістарычным друзам, застаецца таямніцай.

Крыштаф Мікалай Дарагастайскі тройчы быў у шлюбе, але толькі ад Соф’і з Радзівілаў меў дзяцей — Дароту і Ўладзіслава. На Соф’і-малодшай, дачцэ Ўладзіслава (1611–1638), магнацкі род Дарагастайскіх згас.

Старая каплічка ў Мураванай Ашмянцы
Старая каплічка ў Мураванай Ашмянцы

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG