Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марзалюк навучыць нас Радзіму любіць


Ігар Марзалюк

Кароткае, на восем зь нечым хвілін, інтэрвію на хадзе і ў паліто дэпутата-лукашэнкаўца Ігара Марзалюка выклікала пэўную ўвагу грамадзкасьці, бо гаворка ішла пра канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі краіны. Менавіта пра яе гістарычную частку, бо дэпутат Марзалюк афіцыйны гісторык.


Інтэрвію сапраўды даволі цікавае, праўда ня так зьместам выказваньняў, а больш формай. Зьмест супярэчлівы, бо часта ледзь ня ў тых самых сказах выступаюць узаемавыключальныя сэнсы. Вось прыклады.

Дэпутат прызнаўся, што з калектывам аўтараў рыхтуе «неканфліктную гісторыю Беларусі», дзе няма асобаў, «якія разьдзяляюць нашу нацыю» ды павялічваюць лінію расколу грамадзтва. І тут жа сам гэтую «лінію расколу» праводзіць, адмаўляючы ў праве на гераізацыю асобы Кастуся Каліноўскага, які зьяўляецца героем прынамсі некалькіх мільёнаў беларусаў (і не аднаго пакаленьня).

Або яшчэ выказваньне пра «здраднікаў» і «паліцаяў» другой сусьветнай вайны. Здраднікаў, маўляў, у Беларусі «практычна не было, нам паліцаяў па імпарце прывозілі з суседніх рэспублік». І тут жа ідзе пасаж пра «падонкаў», якія ў мундзіры паліцая паверх вышыванкі «тлумачаць, што гэта былі не калябаранты, але героі беларускага народу». Тут ня толькі супярэчлівасьць сэнсаў, але і звычайная няпраўда. Бо, па-першае, пры нямецкай акупацыі ня толькі ў паліцыі, але і ў розных нацыянальных арганізацыях ад «Самапомачы» да СБМ і беларускага школьніцтва ўдзельнічалі сотні тысяч беларусаў (савецкімі гісторыкамі ўсе залічаныя ў калябаранты). Па-другое, ніхто ў Беларусі не называе героямі беларускага народа тых «імпартаваных паліцаяў», пра якіх кажа Марзалюк.

Аляксандар Краўцэвіч
Аляксандар Краўцэвіч

І тут вельмі недарэчы і фальшыва прагучала спасылка на суседзяў (у тым ліку Польшчу, Нямеччыну), дзе караюць за адмаўленьне гітлераўскіх злачынстваў «супраць твайго народу». Фальшывасьць у тым, што ў бліжэйшых суседзяў, вось як Польшчы ці Летуве, караюць за адмаўленьне ня толькі гітлераўскіх, але і сталінскіх злачынстваў, у тым ліку за выкарыстаньне савецкай сымболікі.

Для мяне, як і для сотняў тысяч, калі не мільёнаў беларусаў, падонак (прабачце, тут выкарыстоўваю тэрміналёгію сп. Марзалюка), які публічна дэманструе форму афіцэра НКВД, заслугоўвае такога ж пакараньня як і за дэманстрацыю формы афіцэра гестапа.

Падазраю, што ў марзалюкоўскай «неканфліктнай гісторыі» ня будзе Курапатаў, бо яны таксама дзеляць нацыю — па адзін бок незалежнае грамадзтва, а па другі — магутная сіла ў асобе непасрэднага кармільца нашага «неканфліктнага гісторыка». Тая асоба нядаўна заявіла, маўляў, яшчэ невядома, хто каго там расстрэльваў.

Ад агульнай танальнасьці інтэрвію, ад ужыванай тэрміналёгіі ў мяне ўзьнікае смутнае падазрэньне, што ў выпадку зьяўленьня падручніка «неканфліктнай гісторыі» аўтарства сп. Марзалюка «з групай таварышаў», нас чакае гвалтоўны ўвод яго ў сыстэму адукацыі. Як у добрыя савецкія часы, паводле знакамітага слогана армейскіх палітрукоў, скіраванага да падначаленых-салдатаў: «Я научу вас Родину любить, мать вашу!»

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG