Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як дзеці цягнуць жанчын у галечу


Ілюстрацыйнае фота

Нараджэньне дзяцей звычайна кепска адбіваецца на фінансавым становішчы сям’і: зьяўляюцца новыя траты і, як правіла, зьнікаюць некаторыя крыніцы прыбыткаў. Але гэта ня значыць, што бяднеюць усе чальцы сям’і. Заробкі мужчын растуць.

Сьцісла

  • Са зьяўленьнем дзяцей жанчыны губляюць у грошах, а мужчыны — наадварот.
  • Сыстэма, у якой дабрабыт сям’і залежыць ад бацькі — вельмі няўстойлівая зь велізарнымі рызыкамі.
  • Пакуль выхаваньне дзяцей будзе заставацца «тыпова жаночай» справай, сытуацыя ня зьменіцца.
  • Абіраючы на больш прэстыжную пазыцыю мужчыну, працадаўцы падтрымліваюць не сям’ю, а менавіта гэтага мужчыну.

Дасьледаваньне «Праца, даход і роўныя магчымасьці: дарослыя прычыны дзіцячай беднасьці» паказала, што са зьяўленьнем дзяцей жанчыны губляюць у грошах, а мужчыны — наадварот. Даследчыкі зафіксавалі факт адрозьненьня заробкаў, але не даюць адназначнага тлумачэння, чаму так адбываецца — на розьніцу можа ўплываць цэлы шэраг чыньнікаў.

Цікава, што найгорш наяўнасьць дзяцей адбіваецца на прыбытках жанчын у Менску. Верагодна, гэта зьвязана з тым, што ў Менску ў цэлым вышэйшыя заробкі, і розьніца паміж заробкам перад дэкрэтам і штомесячнымі выплатамі па даглядзе за дзіцём аказваецца больш выразнай, а таксама з тым, што ў Менску жанчынам пасьля дэкрэтнага адпачынку часьцей даводзіцца зьмяняць месца працы праз патрэбу перастройваць свой графік, каб мець магчымасьць адводзіць і забіраць дзіця ў (з) дзіцячага садку. І калі раней асобна ўзятая жанчына магла езьдзіць у офіс праз увесь горад, дык пасьля нараджэньня дзяцей ёй даводзіцца ахвяраваць кар’ерай і знаходзіць часам менш прыбытковую працу, але бліжэйшую да дому ці дзіцячага садку.

І пакуль выхаваньне дзяцей будзе заставацца «тыпова жаночай» справай, сытуацыя ня зьменіцца да лепшага. Вы можаце запярэчыць мне і сказаць, што недаплата маці кампэнсуецца пераплатай бацьку, але ж гэта так не працуе. Заробак і кар’ерны рост мужчыны — гэта тое, што застанецца зь ім незалежна ад таго, які адсотак свайго прыбытку ён траціць на сямейныя патрэбы, ці выконвае ён бацькоўскія абавязкі і ці плаціць алімэнты пасьля разводу. Гэта не сямейны здабытак, а індывідуальны. Абіраючы на больш прэстыжную пазыцыю мужчыну і аргумэнтуючы гэта тым, што яму трэба карміць сям’ю, працадаўцы падтрымліваюць не сям’ю, а менавіта гэтага мужчыну.

Я калісьці працавала ў такой арганізацыі, дзе на шараговыя пазыцыі бралі жанчын усіх узростаў і хлопцаў-студэнтаў. Калі на сумоўе прыходзіў жанаты мужчына, яму адмаўлялі, бо «ну хіба гэта заробак для кармільца?». Затое ў камандзе заўжды былі жанчыны, якія самастойна выхоўвалі дзяцей. Праўда, каб іх узялі на працу, ім на сумоўі трэба было паабяцаць, што зь дзецьмі пад час хваробаў сядзець будзе нехта іншы, а яны будуць працягваць працаваць. На сумоўях з мужчынамі пытаньні, зьвязаныя зь дзецьмі, не задаваліся ўвогуле.

Дасьледаваньне пра прычыны дзіцячай беднасьці паказала яшчэ і тое, што найбольш удачлівая катэгорыя (людзі, чый заробак найбольш павышаецца пасьля зьяўленьня дзяцей) — гэта мужчыны ў сельскай мясцовасьці. А вось у Менску іх заробак амаль не зьмяняецца. З чым гэта зьвязана? З тым, што ў вёсках гэты патрыярхальны парадак выражаны больш яскрава, і зьяўленьне дзіцяці — наўпроставы сыгнал для працадаўцы плаціць мужчыне больш?

Гэтая стратэгія аказваецца несправядлівай і небясьпечнай для жанчын і іх дзяцей. Каля паловы шлюбаў сканчваюцца разводамі, і ў абсалютнай большасьці выпадкаў дзеці застаюцца жыць з маці. Паводле закону, таты мусяць плаціць алімэнты, але гарантыі ня мае аніводная маці і аніводнае дзіця. Тут і становіцца зразумела, чаму павелічэньне гендэрнага разрыву ў заробках са зьяўленьнем дзяцей — гэта літаральна катастрафічная зьява.

І нават калі забыць пра разводы, алімэнты і проста абыякавых мужчын, упэўненых, што дзіцяці для жыцьця хапае «капустачкі з сасісачкай», такая сытуацыя ўсё адно застаецца катастрофай. Нават з самымі добрымі і сумленнымі людзьмі здараюцца кепскія рэчы — яны губляюць працу, трапляюць у ДТЗ, падаюць на лёдзе, паміраюць ад інфаркту, губляюцца ў лесе. І калі нешта кепскае здараецца з чалавекам, які збольшага забясьпечвае сям’ю, гэта ставіць пад удар усіх.

Сыстэма, у якой дабрабыт усёй сям’і залежыць збольшага ад бацькі — гэта вельмі няўстойлівая сыстэма зь велізарнымі рызыкамі. Але рацыянальны падыход зноў і зноў прайграе традыцыям.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG