Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У заробках у беларускім ІТ зафіксавалі гендэрны дысбалянс


Беларускі ІТ-партал Dev.by апублікаваў завяршальную частку штогадовага дасьледаваньня заробкаў у беларускай IT-індустрыі. У дасьледаваньні ўзялі ўдзел больш за паўтары тысячы чалавек.

У 2016 годзе сярэдні заробак у ІТ-сфэры склаў, паводле dev.by, 1689 даляраў. Паводле ж Белстату, у сфэры «інфармацыі і сувязі» сярэдні заробак у 2016-м склаў 2167,6 рубля (1090 даляраў паводле сярэднегадавога курсу Нацбанку). Але dev.by прыводзіць і мэдыянны заробак — 1500 даляраў.

Мэдыянным лічыцца заробак сярэдняга чалавека ў сьпісе, калі 50% сьпісу атрымліваюць больш за яго, а 50% — менш за яго.

Бальшыня апытаных (54,3%) кажа, што іхныя заробкі павялічыліся ў 2016 годзе, 40,9% кажуць, што не зьмяніліся, менш за 5% — што паменшыліся.

Найменей — мэдыянныя 700 даляраў — атрымліваюць сыстэмныя адміністратары, а найболей — мэдыянныя 2000 і 2800 даляраў — адпаведна кіраўнікі праектаў і кіраўнікі групаў. Шараговыя распрацоўшчыкі маюць мэдыянныя 1500 даляраў, тэставальнікі — 935.

Але ў заробках у ІТ фіксуецца значны гендэрны дысбалянс: шмат дзе жанчыны атрымліваюць прыкметна меншыя заробкі за мужчынаў. Пры гэтым дзьве траціны апытаных парталам жанчын лічаць, што ім недаплочваюць на тэхнічных пасадах.

Найменшая разьбежка ў заробках жанчын і мужчын фіксуецца там, дзе доля жанчын вышэй, але нават сярод «кадравікоў» (HR-мэнэджэраў), дзе жанчын 96%, мужчыны атрымліваюць на 300 даляраў болей (1200 супраць 900 даляраў). Такая ж розьніца (800 супраць 1100 даляраў) у галіне продажаў, дзе жанчын больш за палову.

На пасадзе сыстэмнага адміністратара жанчыны атрымліваюць болей: мэдыянныя 950 даляраў у жанчын супраць 600 даляраў у мужчын. Таксама большыя заробкі ў жанчын на самых малодшых (junior) тэхнічных пасадах: 600 даляраў у жанчын супраць 500 у мужчын сярод малодшых распрацоўшчыкаў, 450 супраць 500 у малодшых тэставальнікаў.

Але ў кіраўніцы групы мэдыянны заробак — 2000 даляраў, калі ў кіраўніка групы — 3000. Распрацоўшчыца (з улікам сярэдніх і старшых пасадаў) мае 1025 даляраў, распрацоўшчык — 1600, тэставальніца — 750, а тэставальнік —1080.

Паводле Белстату, сярэдні заробак у Беларусі ў 2016 годзе склаў 722 рублі, або 363 даляры 8 цэнтаў паводле сярэднегадавога курсу Нацбанку. На сакавік 2017 году сярэдні заробак вырас да 770 рублёў 60 капеек, або 406 даляраў 86 цэнтаў.

XS
SM
MD
LG