Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як з гістарычнага будынку ў Моўчадзі зрабілі «Эўраопт»


Цяперашні выгляд гістарычнага будынку ў Моўчадзі
Цяперашні выгляд гістарычнага будынку ў Моўчадзі

Дом у гістарычным цэнтры мястэчка Моўчадзь Баранавіцкага раёну падчас перабудовы ў краму «Эўраопт», «страціў рысы, якія дазвалялі б яму прэтэндаваць на статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці».

Пра гэта ў інтэрвію Свабодзе сказаў старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч.

Рэтраспэктыву будынка падаў жыхар Баранавічаў

Пра гісторыю перабудовы старадаўняй камяніцы, якая належыць да «колішняй багатай габрэйскай інфраструктуры» мястэчка, распавёў у фэйсбуку жыхар Баранавічаў​ Алесь Гізун.

Гістарычны будынак у Моўчадзі, 2009 год
Гістарычны будынак у Моўчадзі, 2009 год

Паводле яго, у гэтым будынку спачатку была аптэка, потым ардынарная крама, а цяпер вясковы «Эўраопт».

«На гэтым шляху аблічча дому страціла і сваю фактурную цэглу, і калярытныя парэнчы ганку, і мэталёвыя аканіцы... Ці нешта больш істотнае?» — напісаў Алесь Гізун.

Што кажуць у мясцовай вэртыкалі?

Старшыня мясцовага сельсавету Генадзь Шакаліс сказаў карэспандэнту Свабоды, што «Эўраопт» у будынку разьмясьцілі яшчэ да таго, як ён заняў пасаду старшыні, таму нічога патлумачыць па гэтым пытаньні ён ня можа.

Намесьнік старшыні Баранавіцкага райвыканкаму Міхаіл Барысевіч выказаў меркаваньне, што будынак не ўваходзіць у сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцей. Пракамэнтаваць сытуацыю ён пагадзіўся пазьней.

«Давайце вучыцца жыць не эмоцыямі, а правам»

Паводле Антона Астаповіча, «у нас пра спадчыну ўзгадваюць толькі тады, калі нешта вось такое адбылося». Але тыя, «каму гэта баліць», павінны прыкласьці намаганьні, каб юрыдычна захаваць той ці іншы аб’ект.

«А ў Моўчадзі адбылася звычайная зьява, усё ў межах закону. Гэты будынак ня мае статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Адпаведна, яго можна зносіць, перабудоўваць, рабіць усё што заўгодна. І ў такой сытуацыі я заўсёды кажу, што хопіць ужо рабіць вінаватымі нейкіх там злосных інвэстараў ці чыноўнікаў.

Антон Астаповіч
Антон Астаповіч

Давайце, грамадзтва, скажам: вінаватыя мы самі. Бо заканадаўства дае нам права падаваць прапановы аб наданьні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Мэханізм цудоўна распрацаваны ў Кодэксе аб культуры».

Паводле Антона Астаповіча, статус любога аб’екта можна праверыць па дзяржаўным сьпісе на сайце Міністэрства культуры: знаходзіцца ён пад аховай дзяржавы ці не. Гэтым пытаньнем таксама займаецца Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. За апошнія гады па прапановах таварыства некалькі дзясяткаў аб’ектаў унесена пад ахову дзяржавы.

«У нас таксама такая ж непрафэсійная добраахвотная арганізацыя на валянтэрскіх асновах, але ж наш актыў гэтым займаецца. Чаму астатнія ня могуць займацца?!»

У выніку, паводле Антона Астаповіча, «юрыдычна будынку ў Моўчадзі шкода не нанесеная».

«Давайце вучыцца жыць не эмоцыямі, а правам. А далей гэта ўжо нашы суб’ектыўныя ацэнкі, справа густу. Калі не парушана заканадаўства і працэдуры — усё астатняе суб’ектыўнае. Цяпер гэты будынак ужо страціў тыя рысы, якія дазвалялі яму прэтэндаваць на гэтае права».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG