Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Часта гэта ўспрымаецца як «чужая культура». У Беларусі можна аднавіць 30 сынагогаў


Фасад ашмянскай сынагогі ў праекце ICOMOS

25 верасьня ў Нацыянальным гістарычным музэі Беларусі адмыслоўцы абмеркавалі лёс былой сынагогі ў Ашмянах. Праект канцэпцыі аднаўленьня старога будынку з арыентацыяй на інтарэсы мясцовай супольнасьці рэалізуе Беларускі камітэт ICOMOS пры ўдзеле Ашмянскага краязнаўчага музэю і літоўскіх адмыслоўцаў.

Раней ужо прайшлі сэмінары ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце ў Вільні для прадстаўнікоў выканаўчай улады Горадзенскай вобласьці, Ашмянскага раёну і актыўных сябраў рэгіянальнай супольнасьці, а таксама азнаямляльная паездка па адноўленых сынагогах у Літве для беларускіх рэстаўратараў. У Ашмянах пабывалі спэцыялісты ў аднаўленьні старой часткі Вільні і зь Літоўскага камітэту ICOMOS. Галоўнай мэтай абменаў — вызначыць пэрспэктыўныя функцыі гістарычнай пабудовы, зыходзячы з патрэбаў гораду.

Муры старой ашмянскай сынагогі
Муры старой ашмянскай сынагогі

Прэзэнтаваны заключны этап паўгадавой працы — кансалідаванае экспэртнае бачаньне аднаўленьня як самога архітэктурнага помніку, так і прылеглай да яго тэрыторыі.

Чаму сынагогі не заўсёды «беларуская спадчына»

Паводле падлікаў культурнага антраполяга, старшыні праўленьня Беларускага камітэту ICOMOS Сьцяпана Стурэйкі, у Беларусі прыкладна тры дзясяткі былых сынагогаў, якія або занядбаныя, або выконваюць нязвыклую функцыю. Пасьля Галакосту габрэйскіх суполак з кампактным пражываньнем практычна не засталося, на колішнюю спадчыну амаль ніхто не прэтэндуе.

Сьцяпан Стурэйка
Сьцяпан Стурэйка

«Тое, што сынагогі ў Беларусі фармальна маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці, абараняе іх ад руйнаваньня, — адзначае ён. — Але адначасова задае вельмі высокія патрабаваньні да рэстаўрацыі, недасягальныя ў малых гарадах. І справа ня ў тым, што няма адпаведнай дзяржаўнай праграмы, часта гэта ўспрымаецца як „чужая культура“. Аддаць даніну павагі народу, зь якім беларусы стагодзьдзямі жылі поруч, — адна з мэтаў праекту».

У працэсе распрацоўкі канцэпцыі экспэрты ICOMOS правялі ў Ашмянах своеасаблівы «замер» грамадзкай думкі. Напрыклад, чаму аднаўленьне сынагогі было б важным для мясцовай грамады і якім гараджане бачаць будынак праз 10-15 гадоў. У суседняй Літве такі экспэрымэнт прынёс рэальны плён: за кароткі час там вярнулі да жыцьця 5 колішніх сынагогаў.

Разборка злучальнай галерэі паміж сынагогамі з паўднёвага фасаду. Зьлева — закладзены дзьвярны праём на ўзроўні жаночай галерэі. Фота з прэзэнтацыі Антона Астаповіча
Разборка злучальнай галерэі паміж сынагогамі з паўднёвага фасаду. Зьлева — закладзены дзьвярны праём на ўзроўні жаночай галерэі. Фота з прэзэнтацыі Антона Астаповіча

Сьцяпан Стурэйка, у сваю чаргу, хацеў бы, каб ашмянскі праект стаў узорнай «гісторыяй посьпеху», якую можна пашырыць на ўсе астатнія месцы ў краіне, дзе зьберагліся занядбаныя будынкі сынагогаў.

Як ашмянская сынагога апынулася ў гета

Старая сынагога месьціцца ў гістарычным цэнтры Ашмянаў — у рэлігійным трыкутніку побач з каталіцкім касьцёлам і праваслаўнай царквой. Мяркуецца, што будаўніцтва было завершана ў 1912 годзе. Тады ў мястэчку з на 50% габрэйскім насельніцтвам вялікае культавае збудаваньне выглядала цалкам дарэчна. Закрылі сынагогу ў 1940 годзе, неўзабаве пасьля прыходу на заходнія землі бальшавікоў.

Паўднёвы фасад сынагогі. Закладзены ўваход на ўзроўні жаночай галерэі
Паўднёвы фасад сынагогі. Закладзены ўваход на ўзроўні жаночай галерэі

Падчас Другой сусьветнай вайны будынак апынуўся ў эпіцэнтры гета, куды сагналі блізу 5 тысяч габрэяў з гораду і ваколіцаў. Практычна ўсе яны былі забітыя ці закатаваныя, Ашмяны страцілі статус габрэйскага гораду. А ў паваенны час пад дахам колішняй сынагогі абсталявалі склад, які заставаўся практычна да нашых дзён. Усяго пару гадоў таму будынак перайшоў на балянс краязнаўчага музэю.

Як удакладняе Сьцяпан Стурэйка, ашмянская сынагога разам са слонімскай уваходзіць у «залаты фонд» культавых збудаваньняў: у эўрапейскім рэйтынгу помнікаў габрэйскай архітэктуры, якія патрабуюць неадкладнага аднаўленьня, яны месьцяцца на верхніх радках.

Калі сынагога становіцца малельным домам

Кіраўнік праектнага бюро Беларускага аддзяленьня ICOMOS Ігар Раханскі, прэзэнтуючы канцэпцыю, перадусім зьвярнуў увагу: разьлічваць на вяртаньне першасных функцыяў будынку наўрад ці выпадае. Габрэйскай грамады, якая ўзяла б сынагогу ў свае рукі, не засталося. Разам з тым ня вырашанае пытаньне зь фінансаваньнем, якое дазваляла б хуткія пэрспэктывы аднаўленьня.

Ігар Раханскі
Ігар Раханскі

«Той выпадак, калі будынак можна прыстасаваць пад розныя задачы, не закранаючы пачуцьцяў вернікаў, — гаворыць суразмоўца. — Рэч у тым, што сынагога ня ёсьць культавым аб’ектам у наўпроставым сэнсе. Яна становіцца малельным домам тады, калі там пачынаецца служба. А так і фінансавыя ўгоды адбываліся, і банкеты ладзіліся. Будзе правільна зробленая кавярня — нікога гэта не абразіць. Там цудоўная акустыка, можна ладзіць канцэрты. Ці прастора для паказу кінафільмаў. Цэх рамёстваў, выставачная заля — калі ласка, аб’ект унівэрсальны».

Паводле Ігара Раханскага, у сытуацыі фінансавай няпэўнасьці можна плянаваць этапы залежна ад важнасьці задачаў. У гэтым выпадку — кансэрвацыя фасаду з дахам, доступ у жаночую галерэю (бабінец), рэстаўрацыя росьпісаў у малельнай залі.

Інтэр’ер жаночай галерэі. Уваходны праём на паўднёвай сьцяне
Інтэр’ер жаночай галерэі. Уваходны праём на паўднёвай сьцяне

Асобныя прапановы ўжо натыкнуліся на неразуменьне з боку Міністэрства культуры. Так, ведамства супраць знадворнай лесьвіцы ў бабінец — згодна з канцэпцыяй, на другім паверсе будзе абсталяваная аглядная пляцоўка, зь якой можна назіраць за ходам аднаўленчых працаў у малельнай залі.

Ігар Раханскі пярэчыць. Па-першае, цяперашні ўваход бальшавікі выдзеўблі якраз у месцы, дзе традыцыйна захоўвалася тора. Гэта прыблізна тое ж самае, што спрабаваць трапіць у праваслаўную царкву праз алтар. Па-другое, лесьвіцу проста плянуецца вярнуць на старое месца, якое і было 100 гадоў таму. Паводле яго, калі камусьці недаспадобы прапанаваныя формы, яе можна зрабіць амаль незаўважнай — з мэталю, як звычайную пажарную.

Справа — варыянт знадворнай лесьвіцы на бабінец
Справа — варыянт знадворнай лесьвіцы на бабінец

Сябра беларускага камітэту ICOMOS і старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч з гэтай нагоды рыхтуе навуковае абгрунтаваньне, дзе на падставе архіўных рысункаў (чарцяжоў) 1929 году даказвае, што лесьвіца была тут гістарычна. Значыць, гаворка пра аднаўленьне зьнішчанага за савецкім часам. Да таго ж, аналягічныя канструкцыі шырока выкарыстоўваліся ня толькі ў іншых гарадах Беларусі, а ў Польшчы, Украіне, Латвіі, Чэхіі.

Ці дадуць чыноўнікі другі шанец ашмянскай сынагозе

Ашмянская сынагога ўзьведзена з чырвонай цэглы з трохсхільным драўляным дахам. Такі архітэктурны стыль сустракаецца шмат у якіх аналягічных пабудовах. Нягледзячы на цяжкі лёс, вонкавы выгляд і ўнутраныя інтэр’еры помніка ня зьведалі радыкальных зьменаў. Фрагмэнтарна вышчарбленыя сьцены, забітыя вокны, але, адрозна ад многіх іншых з падобным лёсам, будынак выглядае дыхтоўна.

Малельная заля ашмянскай сынагогі
Малельная заля ашмянскай сынагогі

Захаваліся нават росьпісы скляпеньняў і фрэскі, а таксама аўтэнтычныя элемэнты ўнутранага аздабленьня. Адной з асаблівасьцяў — вітражнае вакно-ружа над галоўным уваходам. Таму асаблівым клопатам рэстаўратараў стане найдаражэйшая справа — аднаўленьне жывапісу малельнай залі. Паралельна плянуецца насычэньне музэйнай экспазыцыі, у тым ліку сучаснымі мультымэдыйнымі элемэнтамі.

Мэты і задачы праектантам ужо пастаўленыя, засталося дачакацца паразуменьня на ўсіх бюракратычных узроўнях, падсумаваў Ігар Раханскі.

Ашмянская сынагога на здымку Яна Булгака, 1925 год
Ашмянская сынагога на здымку Яна Булгака, 1925 год

Былую сынагогу ў Ашмянах экспэрты сьмела залічваюць да топавых гістарычных аб’ектаў Беларусі, якія самі па сабе ёсьць музэямі культуры габрэйскага народу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG