Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зазірнуць у гісторыю. Беларусь праз вочка старых аб'ектываў славутых фотамастакоў


Фатограф Ісак Сэрбаў. Вёска Гарадная. Ганчар Лігор Гмір з суседкаю Ярынаю Яроміч

Якім убачыла Палесьсе «лэдзі Арктыка»? Хто вёў першыя фотахронікі курортнага мястэчка? Якую ролю ў кар’еры Яна Булгака адыграў жончын фотаапарат? Дзе ўбачыць рэшткі фоталябараторыі графа Тышкевіча? Яна Шыдлоўская запрашае паглядзець на Беларусь праз вочка старых аб’ектываў славутых фотамастакоў.

1. Ян Булгак — ствараў вобраз краю пяром і аб’ектывам

Ян Булгак. Крэва (1930 год)
Ян Булгак. Крэва (1930 год)

Свае першыя фотакарткі Ян Булгак зрабіў просьценькім фотаапаратам жонкі, які Ганна Хаціская родам зь Міраціч атрымала на дзень народзінаў у 1905 годзе. Гэта былі здымкі сям’і, навакольных двароў, мясцовыя краявіды. А праз тры гады ў сядзібе Пярэсіцы пад Менскам Булгак абсталяваў ужо прафэсійную лябараторыю, дзе праявіў тыя 16 фатаздымкаў, што перамаглі на фатаграфічным конкурсе, абвешчаным штотыднёвікам «Ілюстраванае жыцьцё». Гэта былі ваколіцы Навагрудка — сядзібы, двары, людзі, возера Сьвіцязь.

Ян Булгак. Наваградзкі замак (1930 год)
Ян Булгак. Наваградзкі замак (1930 год)

Менавіта з Наваградчыны Ян Булгак пачынае прафэсійную дзейнасьць фатографа. У бацькоўскім Асташыне прайшлі яго дзіцячыя гады, успаміны пра якія ён пачне пісаць у 1940-м. Дзякуючы перакладу з польскай мовы Тамары Вяршыцкай мы чытаем «Край дзіцячых гадоў» Яна Булгака па-беларуску.

Ян Булгак. Наваградак, гара Міндоўга з боку Замкавай гары
Ян Булгак. Наваградак, гара Міндоўга з боку Замкавай гары

У 1910 годзе ў чэрвеньскім нумары часопіса «Зямля» быў надрукаваны першы тэкст Булгака, прысьвечаны легендарнаму возеру — «Экскурсію на Сьвіцязь» аўтар праілюстраваў пяцьцю ўласнымі здымкамі. Пройдзе яшчэ 14 гадоў, і ўжо знакаміты ўдзельнік міжнародных салёнаў, гарадзкі фатограф Вільні, а пасьля і Варшавы Ян Булгак падчас летняга візыту сфатаграфуе на Сьвіцязі прэзыдэнта Вайцяхоўскага.

Ян Булгак. Любча, Нёман (1910 год)
Ян Булгак. Любча, Нёман (1910 год)

Параду здымаць выгляд двароў, якія «ня страцілі свайго характару і зьместу», Яну Булгаку даў прыяцель бацькі Ян Сьпехальскі, які моцна любіў наваградзкую зямлю. Адышоўшы ад звычайнай інвэнтарызацыі, Ян Булгак пераўтварыў свае здымкі ў творы мастацтва.

Ян Булгак. Беразьвецкі грэка-каталіцкі манастыр у Глыбокім (1938 год)
Ян Булгак. Беразьвецкі грэка-каталіцкі манастыр у Глыбокім (1938 год)

Некалькі соцень здымкаў у ваколіцах Менску і Наваградку, зробленыя на працягу 1905-1911 гадоў, склалі альбом «Літва ў фатаздымках Яна Булгака». У шэсьць тамоў увайшлі 270 здымкаў, сярод якіх былі вясковыя пэйзажы, сядзібы і іх інтэр’еры, замалёўкі з Наваградка, Сьвіцязі, Міра, Нясьвіжа, Крэва, Вілейкі.

Ян Булгак. Клецак, пляц Рынак. Першыя аўтобусы
Ян Булгак. Клецак, пляц Рынак. Першыя аўтобусы

Майстар мастацкай краязнаўчай фатаграфіі, Ян Булгак заўсёды імкнуўся паказаць хараство роднага краю за мяжою. Так, першая выстава здымкаў Наваградчыны адбылася на вядомым курорце ў польскім Цяхоцінку. Пазьней працы Булгака будуць зьяўляцца на турыстычных і сусьветных выставах — яны аздаблялі польскі павільён у Парыжы ў 1937-м і праз два гады — у Нью-Ёрку. Першая паштоўка з фатаздымкам Булгака выйшла ў віленскай кнігарні Флешара ў 1908 годзе — на ёй была зьмешчаная выява фары ў Наваградку.

Ян Булгак. Ашмянская сынагога (1925 год)
Ян Булгак. Ашмянская сынагога (1925 год)

У ліпені 1944-га шматтысячны фотаархіў Булгака быў зьнішчаны пажарам, згарэлі кватэра і майстэрня фотамастака. Апошнія шэсьць гадоў да сваёй нечаканай сьмерці Булгак імкнуўся аднавіць стары і назьбіраць новы фотаматэрыял.

2. Сігізмунд Юркоўскі — здымаў горад над Дзьвіной

Сігізмунд Юркоўскі. Касьцёл Сьвятога Антонія ў Віцебску
Сігізмунд Юркоўскі. Касьцёл Сьвятога Антонія ў Віцебску

Нарадзіўся Сігізмунд Юркоўскі ва Ўкраіне, вучыўся ў Расеі, а фатаграфаваў Беларусь. Паехаўшы ў Санкт-Пецярбург спасьцігаць мэдычныя навукі, Юркоўскі захапіўся фотасправай — настолькі, што стаў сябрам гуртка фатографаў і вучнем таленавітага Андрэя Дэньера. У 1866 годзе 33-гадовы фатограф прыехаў практыкаваць у Віцебск, дзе неўзабаве адчыняе на вуліцы Замкавай уласны фотасалён. На жаль, будынак, у якім было разьмешчана атэлье, не захаваўся. Затое вуліца, што вядзе да Дзьвіны, да гэтай пары носіць гістарычную назву.

Сігізмунд Юркоўскі. Віцебск, Дзьвінскі мост (1866-67гг)
Сігізмунд Юркоўскі. Віцебск, Дзьвінскі мост (1866-67гг)

Самы прэстыжны віцебскі фотасалён абслугоўваў гарадзкую эліту, а таксама простых людзей. Сярод знакамітых наведвальнікаў атэлье быў мастак Ільля Рэпін, якога з фатографам зьвязвала сяброўства. З дапамогаю камэры Юркоўскі ствараў фатаграфічныя творы мастацтва. Зафіксаваныя ім у другой палове ХІХ стагодзьдзя віды Віцебска падобныя да паштовак: панарамы, брукаваныя вуліцы з драўлянымі ходнікамі, вежы і купалы культавых збудаваньняў, адміністрацыйныя будынкі, драўляная жылая забудова, масты і набярэжныя Дзьвіны і Віцьбы. Большасьць віцебскай архітэктурнай спадчыны была зруйнаваная падчас рэвалюцыяў і войнаў. Такім чынам, Юркоўскі сфатаграфаваў горад, які цяпер практычна не захаваўся.

Сігізмунд Юркоўскі. Віцебск, чыгуначны вакзал
Сігізмунд Юркоўскі. Віцебск, чыгуначны вакзал

Калекцыя відаў Віцебска сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя з 27 здымкаў Юркоўскага захоўваецца ў фондах Віцебскага краязнаўчага музэю. Кожны здымак фотамастак аздабляў рамкай-багетам, які быў нібыта падвешаны на цьвічок вітым шнурочкам. Над багетам зьмяшчалася таблічка з надпісам «Віцебск», у правым ніжнім куце пазначалася прозьвішча фатографа.

Сігізмунд Юркоўскі. Віцебск, Смаленскі рынак
Сігізмунд Юркоўскі. Віцебск, Смаленскі рынак

У гісторыю фатаграфіі Сігізмунд Юркоўскі ўвайшоў і як вынаходнік. У сваёй фотамайстэрні, што адначасова была навукова-экспэрымэнтальнай лябараторыяй, ён стварыў мадэль мамэнтальнага фотазатвору, а таксама вынайшаў шторна-шчылінны затвор, што дазваляў фатаграфаваць асобныя стадыі хуткіх рухаў і працэсаў. Яго адкрыцьці дазвалялі рабіць панарамныя здымкі і практыкаваць рэпартажны мэтад здыманьня.

Сігізмунд Юркоўскі. Рака Віцьба
Сігізмунд Юркоўскі. Рака Віцьба

Юркоўскі пайшоў з жыцьця ў 1901 годзе ў Коўне, аднак пахаваны ён быў у Віцебску, на могілках каля касьцёла Сьвятой Барбары. Памяць пра гарадзкога фоталетапісца ўшанаваная кнігай Людмілы Хмяльніцкай «Сігізмунд Юркоўскі — фатограф зь Віцебска».

У чэрвені 2016 году ў Віцебску адбыўся першы міжнародны фэстываль фатаграфіі імя Сігізмунда Юркоўскага, які адкрыўся выставай архіўных здымкаў мастака з калекцыі краязнаўчага музэю.

3. Ісак Сэрбаў — хадзіў па палескіх вёсках з нататнікам і кодакам

Ісак Сэрбаў. Вёска Гарадная на Століншчыне. Лігор Гмір і купец Янкель (1912 год)
Ісак Сэрбаў. Вёска Гарадная на Століншчыне. Лігор Гмір і купец Янкель (1912 год)

Цягніком, на аўтамабілі, на борце парахода, роварам і пешшу — тры гады Ісак Сэрбаў вандраваў па Палесьсі зь пераносным фотаапаратам «Кодак» і скрыняй крохкіх шкляных пласьцінак для нэгатываў. Ён зрабіў больш за дзьве тысячы арыгінальных здымкаў, ацалелая рэшта якіх захоўваецца ў музэях Беларусі, Літвы і Расеі.

Ісак Сэрбаў. Тураў, 1912
Ісак Сэрбаў. Тураў, 1912

Этнаграфія, археалёгія і фальклёр былі заўсёдным захапленьнем выхадца зь сялянскай сям’і з Магілёўшчыны, які пасьля вучобы ў Полацку і Маскве настаўнічаў у гарадзкіх і сялянскіх школах. Невыпадкова ў 1911 годзе Ісак Сэрбаў аказаўся ў ліку першых асобаў, якія пажадалі займацца фотасправай у навуковых мэтах. Сэрбаў прапанаваў Паўночна-Заходняму аддзелу Імпэратарскага Рускага геаграфічнага таварыства ў Вільні праект этнаграфічнай экскурсіі з мэтай фатаграфаваньня. На выдзеленыя 60 рублёў адбылася першая летняя экспэдыцыя Сэрбава на Палесьсе — «краіну дрыгавічоў і палешукоў».

Ісак Сэрбаў. Вёска Гарадная на Століншчыне (1912 год)
Ісак Сэрбаў. Вёска Гарадная на Століншчыне (1912 год)

Дасьледчыка цікавіла ўсё — гарады, мястэчкі, вёскі, аколіцы і хутары, народная архітэктура, культавыя збудаваньні, могілкі, транспарт, абрады дрыгавічоў, гаспадарчыя заняткі, промыслы і рамёствы.

Ісак Сэрбаў. Вёска Гарадная на Століншчыне (1912 год)
Ісак Сэрбаў. Вёска Гарадная на Століншчыне (1912 год)

Яму належыць знакамітая сэрыя фатаздымкаў, дзе зафіксаваны працэс ганчарства ў Гарадной на Століншчыне: ад нарыхтоўкі гліны да вырабу посуду розных формаў і мясцовай вытворчасьці цэглы.

Карыстаючыся «імгненным фатаграфаваньнем», Сэрбаў вёў рэпартаж палескага жыцьця пачатку ХХ стагодзьдзя. Ён здымаў кірмашы, вуліцы ў сьвяточныя дні, жыцьцё лясных заводаў па перапрацоўцы дрэва, мэліярацыйныя працы.

Ісак Сэрбаў. Вёска Гарадная на Століншчыне (1912 год)
Ісак Сэрбаў. Вёска Гарадная на Століншчыне (1912 год)

Сэрбаў стаў адным зь першых беларускіх візуальных антраполягаў. Сваіх герояў ён фатаграфаваў у рост, у фас, у профіль і ззаду, кожны раз просячы ўбрацца ў традыцыйныя строі. Кожны здымак дасьледчык падпісваў па-расейску, па-беларуску ці на мясцовай гаворцы, пазначаючы месца жыхарства, імя, прозьвішча, узрост, рост і сацыяльны статус тых, хто сфатаграфаваны.

Ісак Сэрбаў. Вёска Мядзьведзічы. Шляхцянкі
Ісак Сэрбаў. Вёска Мядзьведзічы. Шляхцянкі

Стаўленьне да чалавека з камэрай не заўсёды было прыязным. Чамусьці з большым недаверам да камэры ставіліся маладыя людзі: не жадаючы фатаграфавацца самі, не дазвалялі пазіраваць і бацькам. Аднойчы падчас Ільінскага кірмашу Сэрбаў быў арыштаваны і разам з камэрай адпраўлены да прыстава. Дасьледчыка адпусьцілі, і ён пасьпеў зрабіць адзін з найлепшых сваіх здымкаў — сфатаграфаваў сьляпога музыку Сьцяпана Гальца зь лірай і яго спадарожнікаў каля царквы.

Ісак Сэрбаў. Петрыкаў, сьляпы музыка Сьцяпан Галец зь лірай і яго спадарожнікі каля царквы
Ісак Сэрбаў. Петрыкаў, сьляпы музыка Сьцяпан Галец зь лірай і яго спадарожнікі каля царквы

Яшчэ адзін раз дасьледчык быў затрыманы на чыгуначнай станцыі ў Смаленску. Кандуктар і жандарм паліцыі прымусілі яго здаць фотаапарат і шкляныя пласьцінкі ў багажны вагон. У Воршы Сэрбаў атрымаў багаж — са зламанай апаратурай і пабітымі пласьцінкамі. На часткова кампэнсаваныя грошы дасьледчык набывае новую камэру для далейшых падарожжаў.

Ісак Сэрбаў. Петрыкаў
Ісак Сэрбаў. Петрыкаў

Зь вялікага архіву Ісака Сэрбава захавалася каля 600 здымкаў. 149 зь іх зьберагаюцца ў Нацыянальным гістарычным музэі ў Менску. 442 этнаграфічныя фатаздымкі з уласнаручным подпісам аўтара цяпер знаходзяцца ў Вільні, дзе ў 2010 годзе частка калекцыі выстаўлялася публічна.

Ісак Сэрбаў. Вёска Васілевічы. Школа
Ісак Сэрбаў. Вёска Васілевічы. Школа

У 2012-м — да 100-годзьдзя экспэдыцыі дасьледчыка выйшаў альбом «Беларусы ў фатаздымках Ісака Сэрбава 1911-1912 гадоў». У такім выглядзе фотаэтнаграфічная спадчына Сэрбава вярнулася ў Беларусь. На жаль, большая частка фотаархіва мастака, што захоўвалася ў яго менскай кватэры, была зьнішчаная падчас Другой сусьветнай вайны.

4. Луіза Арнэр Бойд — шукала экзотыку сярод балот

Многія фатографы пасьля Ісака Сэрбава скіравалі свае аб’ектывы ў бок Палесься. За экзотыкай і аўтэнтыкай сюды прыехала і амэрыканская дасьледчыца, «каралева лёду» і «лэдзі Арктыка» Луіза Арнэр Бойд.

Луіза Арнэр Бойд
Луіза Арнэр Бойд

Яна была дачкой уладальніка залатога рудніка ў Каліфорніі і стала спадкаемніцай шматмільённага багацьця бацькі. Камфортнае і спакойнае жыцьцё не адпавядала жывому характару Луізы Бойд. У Эўропе і Эгіпце мэдсястрою яна змагалася з эпідэміяй гішпанкі, кіравала арктычнымі экспэдыцыямі, у Баранцавым моры шукала зьніклага Руаля Амундсэна, вывучала Грэнляндыю. Навуковыя падарожжы амэрыканкі фіксаваліся на фота і відэастужку.

У 1934 годзе Луіза Бойд наведала Заходнюю Беларусь, якая на той час уваходзіла ў склад Польшчы. Яе трохмесячны маршрут пралягаў празь беларускія Кобрын, Пінск, Клецк, Нясьвіж, Слонім. Асабліва цікавіла дасьледчыцу Пінскае Палесьсе — старажытны горад, мястэчкі і вёскі ў яго навакольлі. Яна зрабіла каля 700 здымкаў людзей, архітэктуры, воднага транспарту, палескай прыроды, сьвятаў, народных абрадаў, вясковай штодзённасьці. Падчас падарожжа фотамастачка вяла «Палескі дзёньнік», дзе апісвала тутэйшае насельніцтва, ляндшафтныя асаблівасьці, гідраграфію, мясцовы быт, культуру, традыцыі. Праз тры гады ў Нью-Ёрку выйшаў яе фотаальбом пад назвай «Польская правінцыя». У ЗША і Польшчы пасьпяхова праходзілі выставы «Паляшук вачыма Луізы Бойд», а таксама выйшаў альбом «Крэсы», большасьць якога складаюць фота Пінскага Палесься. У гонар Луізы Бойд на Піншчыне распрацавалі турыстычны маршрут, што ідзе празь мясьціны, якія наведала славутая амэрыканка. У 2016 годзе адбыўся Першы палескі фотаконкурс імя Луізы Бойд.

Палескія здымкі Луізы Бойд цяпер захоўваюцца ў ЗША. Аднак беларускі глядач можа пазнаёміцца зь яе працамі, пагартаўшы альбом «Палесьсе Луізы Бойд», два гады таму прэзэнтаваны ў Пінкавічах — першым пункце, зь якога пачалося палескае падарожжа фотамастачкі.

5. Зачараваны Беларусьсю Леў Дашкевіч

Фота Льва Дашкевіча
Фота Льва Дашкевіча

Сёлета спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэньня фотамастака, які стаў аўтарам шматлікіх здымкаў Менску і ваколіцаў, неверагоднай прыгажосьці партрэтаў. Леў Дашкевіч вырас у шляхецкім доме бацькоў на вуліцы, што цяпер носіць імя Максіма Багдановіча — паэта, чые творы ў свой час выйдуць з ілюстрацыямі менскага фатографа. У спадчыну ад бацькоў малады Леў атрымаў герб «Ляліва» і праз усё жыцьцё пранёс дэвіз продкаў — імкнуцца да зор.

Леў Дашкевіч. Фота "Ночь тиха"
Леў Дашкевіч. Фота "Ночь тиха"

Спробе Льва Дашкевіча атрымаць мэдычную адукацыю ў Варшаве перашкодзіў студэнцкі страйк, за ўдзел у якім ён быў выключаны з унівэрсытэту. Працягваць вышэйшую адукацыю Леў Дашкевіч едзе ў Францыю. Вучыцца на філялягічным факультэце Ўнівэрсытэта Бургундыі ў Дыжоне і адначасова займаецца на фатаграфічным аддзяленьні Вышэйшай школы графічных мастацтваў у Парыжы.

Леў Дашкевіч. Менск, Старажоўка (1920)
Леў Дашкевіч. Менск, Старажоўка (1920)

У 1920-м Дашкевіч вяртаецца ў Менск, дзе пачынае здымаць у тэхніцы піктаралізму. Яго набліжаныя да твораў мастацтва працы ўпрыгожвалі часопісы, падручнікі, альбомы. Адначасова ён чытае курсы лекцый па сусьветнай літаратуры і фатаграфіі ў Менскім інстытуце народнай адукацыі.

Леў Дашкевіч. Менск, Высокі Рынак (1928)
Леў Дашкевіч. Менск, Высокі Рынак (1928)

У траўні-чэрвені 1923 году ўдзельнічаў у этнаграфічнай экспэдыцыі ў Ігуменскім і Барысаўскім паветах, фатаздымкі зь якой захоўваюцца ў Гістарычным музэі Беларусі. Быў удзельнікам Першай Усебеларускай выставы краязнаўчых фатаграфій і замалёвак у Менску ў 1928 годзе.

Леў Дашкевіч
Леў Дашкевіч

У верасьні-сьнежні 2002 году ў Нацыянальным музэі гісторыі і культуры Беларусі адбылася выстава твораў Дашкевіча «Зачараваны Беларусьсю». Яго імя зноўку адкрыла знаўца гісторыі беларускай фатаграфіі Надзея Саўчанка.

Леў Дашкевіч. Партрэт жонкі. Эрывань, 1912-1913 гг.
Леў Дашкевіч. Партрэт жонкі. Эрывань, 1912-1913 гг.

У Маскве ёй пашчасьціла адшукаць сына фотамастака — Леанарда. Дзякуючы гэтаму знаёмству ў Беларусі апынуліся многія здымкі Льва Дашкевіча, а таксама невядомыя падрабязнасьці яго няпростага і цікавага жыцьця.

6. Клос, Булгак, Бейнаровіч — вялі фотахронікі курортнага мястэчка

Браслаў. Фота з архіва Браслаўскага краязнаўчага музэя
Браслаў. Фота з архіва Браслаўскага краязнаўчага музэя

На мяжы ХІХ-ХХ стагодзьдзяў у беларускіх гарадах і мястэчках ва ўласных майстэрнях працавалі шматлікія таленавітыя фотамастакі. Акрамя запатрабаваных партрэтаў і сямейных здымкаў, яны рабілі фота ваколіц, захоўваючы для нашчадкаў памяць пра родныя мясьціны. У Менску працавалі Эмэрык Адамовіч, Леў Эпштэйн, Рыгор Міранскі, Вілейцы, безумоўна, пашанцавала з Бэркам Бэрманам, Слуцку — з Самірам Юхнінам, Гародню здымалі Іван Садоўскі, Мікалай Рубінштэйн, дынастыі Карасікаў і Салавейчыкаў.

Удзячным месцам для фатаграфаваньня быў Браслаў і ваколіцы — адзін зь першых гарадоў на тэрыторыі Беларусі, дзе пачаўся разьвівацца турызм. Адбывалася гэта ў 20-30-я гады ХХ стагодзьдзя. Чыгункаю зь Вільні і Варшавы на летні адпачынак на азёрах ехалі студэнты і службоўцы. Пазьней дадаткова пусьцілі рэйсавы аўтобус Вільня-Браслаў. У ваколіцах дзейнічалі моладзевыя лягеры адпачынку.

Напярэдадні турыстычнага буму ў Браслаў прыяжджае выдатны архітэктар, прафэсар унівэрсытэта Стэфана Баторыя Юліюш Клос. Ён спраектаваў забудову былой калёніі для службоўцаў Браслаўскага павета ў цэнтры мястэчка на ўзгорыстым беразе возера Дрывяты. Цэласны ансамбаль складаюць 18 выкананых у закапанскім стылі будынкаў, якія займалі суд, дом спорту, дом інжынэра, жылы дом для старосты, сядзібныя жылыя дамы для службоўцаў, гаспадарчыя пабудовы. Упрыгожвае комплекс калодзеж з дахам-шатром, што заканчваецца фігурным шпілем. Выкананы ў лепшых традыцыях народнага дойлідзтва, калодзеж да гэтай пары служыць адным з архітэктурных сымбаляў горада. Юліюш Клос пакінуў у Браславе ня толькі яскравы архітэктурны сьлед. У спадчыну гораду засталіся дзясяткі здымкаў Клоса з пакручастымі браслаўскімі вуліцамі, старымі будынкамі, прысадзістымі дамамі, замалёўкамі з гарадзкога жыцьця.

Юліюшу Клосу давялося падарожнічаць па Беларусі, вывучаючы народнае дойлідзтва, у кампаніі Яна Булгака. Іх зьвязвала ня толькі прафэсійная супраца (пазьней Булгак праілюструе віленскі даведнік Клоса), а таксама сяброўства. Ян Булгак зробіць у Браславе шэраг пэйзажных фатаздымкаў, якія пазьней будуць апублікаваныя ў шматлікіх часопісах і кнігах. Паступова Браслаўшчына трапляе ў ілюстраваныя турыстычныя даведнікі і кнігі падарожжаў. Напрыклад, у «Падарожжы па Віленскім ваяводзтве» Лорэнца ці «Аўтамабільнае падарожжа па ўсходніх крэсах» Савіцкага.

Браслаў, 1934 год. Фота Яна Булгака
Браслаў, 1934 год. Фота Яна Булгака

Бадай, найбольшую колькасьць здымкаў Браслава зрабіў мясцовы фатограф Адольф Бейнаровіч. У 30-я гады павятовае аддзяленьне краязнаўчага таварыства надрукуе агульным накладам 2500 асобнікаў сэрыі паштовак зь відамі Браслава паводле фатаздымкаў мясцовага фатографа. У яго аб’ектыў патрапілі Замкавая гара, фрагмэнты забудовы Браслава, а таксама маляўнічыя куткі навакольля.

7. Бэнэдыкт Тышкевіч — здымаў шэдэўры ў Налібоцкай пушчы

Граф Бэнэдыкт Тышкевіч быў чалавекам заможным, адукаваным і надзвычай энэргічным. Ён жыў у Парыжы, захапляўся мастацтвам, пазьней — фотамастацтвам, і шмат падарожнічаў. На выставе ў ЗША ў 1876 годзе яго здымкі з падарожжаў-экспэдыцыяў у экзатычныя краіны былі адзначаныя залатым мэдалём. Граф Тышкевіч валодаў маёмасьцю ў Беларусі, Літве, Польшчы і Францыі.

Бэнэдыкт Тышкевіч. Аўтапартрэт у Вялым
Бэнэдыкт Тышкевіч. Аўтапартрэт у Вялым

Для будаўніцтва фоталябараторыі і павільёна для фатаграфаваньня ён абраў маёнтак ва ўрочышчы Вялава, што пад Валожынам. Ён здымаў уласную сям’ю, аўтапартрэты, сялян у аўтэнтычных строях, заможных мяшчан, паляўнічых, побытавыя замалёўкі, інтэр’еры хат і багатых салёнаў, сцэны зь мясцовых сьвятаў і валожынскія пэйзажы.

Бэнэдыкт Тышкевіч. На фота - Вялае
Бэнэдыкт Тышкевіч. На фота - Вялае

Цяпер 86 фатаздымкаў Бэнэдыкта Тышкевіча захоўваюцца ў Музэі фатаграфіі імя Н. Ньепса ў Шалёне-на-Соне, супрацоўнікі якога ў 1993 годзе выпадкова набылі фотаальбом графа ў парыскага антыквара. У 2009 годзе выставы яго фатаздымкаў адбыліся ў Менску, Гомелі і Полацку.

Бэнэдыкт Тышкевіч. У Вялым
Бэнэдыкт Тышкевіч. У Вялым

Арыгінальных фатаздымкаў Тышкевіча ў Беларусі няма, затое часткова ацалела месца на ўскрайку Налібоцкай пушчы — турыстам дэманструюць руіны маёнтка, дзе стагодзьдзе таму разьмяшчалася хатняя фоталябараторыя і здымачны павільён Бэнэдыкта Тышкевіча.

8. Пракудзін-Горскі — першым зрабіў каляровыя здымкі беларускіх гарадоў

Сяргей Пракудзін-Горскі. Віцебск (1912 год)
Сяргей Пракудзін-Горскі. Віцебск (1912 год)

Знакамітаму фатографу Сяргею Пракудзіну-Горскаму пашчасьціла ўдасканальваць майстэрства фотасправы ў маэстра каляровай фатаграфіі Адольфа Мітэ. У 1909 годзе ён пачне зьбіраць калекцыю свайго жыцьця — амаль тры з паловай тысячы каляровых здымкаў славутасьцяў Расейскай імпэрыі і замежжа. У адзін з 14 альбомаў, на якія быў падзелены зьняты матэрыял, увайшлі каляровыя здымкі Полацка, Віцебска, Барысава, Дрысы, зробленыя ў 1912 годзе.

Сяргей Пракудзін-Горскі. Полацак
Сяргей Пракудзін-Горскі. Полацак

Альбом і падарожжа 1911-1912 гг. былі прысьвечаныя падзеям вайны 1812 году. Найбольш вядомыя яго панарамныя здымкі Віцебска. Іх усяго шэсьць: два — з Усьпенскай гары, два — са званіцы Ўсьпенскага сабора, выгляд сьвятыні з супрацьлеглага берага Дзьвіны і апошні здымак ілюструе іканастас сабора, які праз 12 гадоў будзе зруйнаваны, але ў наступным стагодзьдзі адноўлены.

Сяргей Пракудзін-Горскі. Віцебск
Сяргей Пракудзін-Горскі. Віцебск

Пракудзін-Горскі з адной кропкі рабіў фатаздымкі розных частак горада. Складзеныя разам яны ўтварылі выдатныя панарамы Віцебска.

Сяргей Пракудзін-Горскі. Віцебск
Сяргей Пракудзін-Горскі. Віцебск

Калекцыя Пракудзін-Горскага захоўваецца ў бібліятэцы Кангрэсу ЗША ў Вашынгтоне. У пачатку ХХІ стагодзьдзя здымкі знакамітага фатографа зьявіліся на сайце бібліятэкі ў адкрытым доступе. Сярод іх — каляровыя і чорна-белыя здымкі Полацка зь Мікалаеўскім саборам, выгляд Менску з поўначы, панарамы Віцебска.

Сяргей Пракудзін-Горскі. Віцебск
Сяргей Пракудзін-Горскі. Віцебск

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG