Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь незалежнага прафсаюзу гарнякоў выйшлі 1000 чалавек. Лідэры заяўляюць: «Нам абвешчаная вайна»


«Беларуськалій», архіўнае фота
«Беларуськалій», архіўнае фота

Кіраўнікі Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў і Беларускага незалежнага прафсаюзу ў інтэрвію Свабодзе заявілі пра ціск адміністрацыі «Беларуськалія» і ўладаў на іх сябраў.

Зімін: «Мэтанакіраваны накат на зьнішчэньне апанэнтаў»

Старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу Мікалай Зімін заявіў у інтэрвію Свабодзе, што адміністрацыя «Беларуськалія» распачала арганізаваны наступ на іх арганізацыю.

«Звыш 600 чалавек знаходзіліся ў двух суполках, — кажа суразмоўца. — Але пасьля ўсіх рэарганізацый адміністрацыя выставіла ўльтыматум: або вы ў НПГ, або ў „Белхімпрафсаюзе“. Такая катэгарычнасьць прывяла да таго, што вось гэтыя 600 чалавек сышлі адусюль — і зь Незалежнага прафсаюзу, і з афіцыйнага. Па сутнасьці, многія проста пакінулі прафсаюзныя шэрагі. І калі прыкінуць гэтых людзей і яшчэ 400 чалавек у „Раммантажбудзе“ — наймальнік сам зьбіраў заявы пра выхад з НПГ — будзе 1000 з гакам».

Мікалай Зімін, архіўнае фота
Мікалай Зімін, архіўнае фота

Па словах Мікалая Зіміна, як «правільна» сябе паводзіць у цяперашняй сытуацыі, дэманструе ўласным прыкладам кіраўніцтва «Беларуськалія» — пасьля гендырэктара Івана Галаватага масава пераходзяць у дзяржаўныя прафсаюзы іншыя прадстаўнікі адміністрацыі.

«Па сутнасьці, нам абвешчаная вайна, — кажа Мікалай Зімін. — Спачатку дэманстратыўна ўступіў у „Белхімпрафсаюз“ дырэктар, потым стаў туды заганяць сваіх адміністратараў, зь Незалежнага прафсаюзу пачалі выціскаць нашых ІТРаўцаў. Накат на зьнішчэньне апанэнтаў. Наперадзе выбары, Лукашэнка сам прагаварыўся, што трэба зрабіць так, каб людзям нават не было неабходнасьці выбіраць, ніякай альтэрнатывы. Схема, мяркуючы па ўсім, ажыцьцяўляецца — зачыстка па ўсім фронце».

БКДП: «Афіцыйныя суполкі рэгіструюць, незалежныя вынішчаюць»

Як удакладняе лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандар Ярашук, ад пачатку году адміністрацыя прадпрыемства «Беларуськалій» рознымі спосабамі прымусіла пакінуць Незалежны прафсаюз гарнякоў (НПГ), які ўваходзіць у склад Беларускага незалежнага прафсаюзу (БНП), каля 1000 чальцоў з агульных 4000.

Аляксандар Ярашук
Аляксандар Ярашук

Ціск пачаўся 2 гады таму, калі было прынятае рашэньне вывесьці зь «Беларуськалія» па аўтсорсінгу (перадача на падставе дамовы пэўных функцый вытворчай дзейнасьці іншай арганізацыі ў гэтай жа галіне. — РС) дапаможныя вытворчасьці.

У структуры трэсту «Раммантажбуд» да нядаўняга часу працавалі чатыры сотні сябраў Незалежнага прафсаюзу гарнякоў. Але была ўтвораная юрыдычная асоба, якая атрымала статус даччынага прадпрыемства. Наймальнік заявіў пра неабходнасьць стварэньня новай пярвічнай арганізацыі.

«Паколькі Беларусь — адзіная краіна на постсавецкай прасторы, якая патрабуе дазвольнага прынцыпу стварэньня прафсаюзаў, як сябра Нацыянальнай рады па працоўных і сацыяльных пытаньнях я патрабаваў, каб у генэральным пагадненьні з урадам было зафіксавана: пры структурных пераўтварэньнях арганізацыі рэгіструюцца аўтаматычна. Але калі афіцыйныя прафсаюзы зарэгістравалі, то нам знайшлі нагоду адмовіць», — патлумачыў Аляксандар Ярашук.

Паводле ягоных слоў, за 20 апошніх гадоў улады не зарэгістравалі ніводнай суполкі незалежнага прафсаюзу. Фактычна і цяперашняя рэарганізацыя праведзеная з адной мэтай — каб ліквідаваць нежаданую прафсаюзную суполку, — лічыць Аляксандар Ярашук.

«Мы падалі дакумэнты на рэгістрацыю, гэта фармальная працэдура. Але відавочна, што Салігорскі райвыканкам атрымаў загад на нэўтралізацыю. Нахабна сябе паводзілі: то ня сплачаныя пошліны, хоць ёсьць банкаўскія плацяжы, то не хапае дакумэнтаў, якіх — ня ведаюць. Урэшце гендырэктар, які яшчэ і чалец райвыканкаму, на запыт сябраў прафсаюзу адносна рэгістрацыі адказаў наступнае: ня бачу неабходнасьці мець яшчэ адну арганізацыю, працаўнікі і так абароненыя калектыўнай дамовай».

«Беларуськалій»: «Прыватныя прафсаюзы добраахвотныя»

Паводле інфармацыі лідэра БКДП, у Салігорску была кіраўніца прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Качанава, якая мела сустрэчу з гендырэктарам прадпрыемства Іванам Галаватым. Прафсаюз пасьля гэтага зарэгістравалі, але вынік аказаўся супрацьлеглы — зь Незалежнага прафсаюзу пачаўся масавы выхад гарнякоў.

«Падобна, улада прыняла рашэньне ўзяць рэванш і паставіла задачу зьнішчыць Незалежны прафсаюз гарнякоў, — кажа Аляксандар Ярашук. — Узяты на ўзбраеньне самы брыдкі спосаб барацьбы зь незалежнымі структурамі — людзей праўдамі і няпраўдамі прымушаюць выходзіць з НПГ і ўступаць у дзяржаўныя прафсаюзы. Дарэчы, гендырэктар „Беларуськалія“ сам стаў чальцом афіцыйнага „Белхімпрафсаюзу“, цягнучы туды і сваіх падначаленых».

«Беларуськалій», архіўнае фота
«Беларуськалій», архіўнае фота

Намесьнік генэральнага дырэктара «Беларуськалія» па працы са СМІ Вадзім Шмак у размове са Свабодай абверг інфармацыю, што адміністрацыя прадпрыемства чыніць ціск на прафсаюз гарнякоў.

«Я нічога ня ведаю, няма такой інфармацыі. Прыватныя прафсаюзы ў нас добраахвотныя», — сказаў афіцыйны прадстаўнік «Беларуськалія» Вадзім Шмак.

Ярашук: «Будзем скардзіцца ў Міжнародную арганізацыю працы»

Аляксандар Ярашук сказаў Свабодзе, што сумесна з прафсаюзным актывам распрацаваны плян дзеяньняў, які будзе агучаны 11 красавіка на паседжаньні рады БКДП. Пра сытуацыю зь незалежнымі прафсаюзамі ў Беларусі будзе праінфармаванае кіраўніцтва Міжнароднай арганізацыі працы (МАП).

«Канечне, выклік сур’ёзны, даўно такога не было, — кажа ён. — Хоць, безумоўна, нешта падобнае чакалася ў любы момант, мы ж ведаем, у якой краіне жывём. Таму зьбіраемся адказваць асымэтрычна, але адэкватна. Думаю, так проста ім гэта з рук ня сыдзе, праўда на нашым баку. Будзем прымаць на радзе адмысловую заяву, пойдзе інфармацыя і ў адпаведны камітэт па свабодзе аб’яднаньняў Міжнароднай арганізацыі працы і непасрэдна на імя гендырэктара МАП».

Апроч апэляцыі да міжнародных інстанцый, прафсаюзныя актывісты пакідаюць за сабой права паскардзіцца на адміністрацыю «Беларуськалія» ў пракуратуру.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG