Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністарка працы: у бюджэтнікаў зашмат надбавак і прэмій


Ірына Касьцевіч

Міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касьцевіч распавяла пра новае на рынку працы, заробак і сацыяльную абарону беларусаў.

Электронныя кірмашы вакансій

Паводле Ірыны Касьцевіч, агульная колькасьць беспрацоўных, якія зарэгістраваліся ў органах сацыяльнай абароны, а таксама тых, хто шукае працу самастойна, складае 240 тысяч чалавек, або 6,7% актыўнага насельніцтва краіны. Для іх на сёньня існуе 80 тысяч працоўных вакансій.

У Менску стварылі электронныя кірмашы вакансій, дзе людзі могуць шукаць сабе працу онлайн у рэжыме рэальнага часу.

«Цягам 2019 году мы будзем вывучаць гэты досьвед, а пасьля будзем пашыраць яго на ўсю краіну», — сказала Касьцевіч.

Міністарка сказала, што зьявіліся першыя прыватныя агенцтвы працаўладкаваньня, і яна мяркуе, што іх колькасьць будзе расьці.

Электронная працоўная кніжка

Паводле Касьцевіч, цяпер вывучаецца магчымасьць увядзеньня электроннай працоўнай кніжкі.

«Мы будзем абмяркоўваць гэтую тэму зь бізнэсам, паколькі гэта для іх дадатковая нагрузка. Але было б вельмі добра, каб мы перайшлі на электронную працоўную кніжку, то бок увялі онлайн-прыём на працу і звальненьне», — сказала яна.

Пра аплату працы бюджэтнікаў

Ірына Касьцевіч паабяцала, што бліжэйшым часам будзе прыняты ўказ аб аплаце працы супрацоўнікаў бюджэтнай сфэры. На сёньня, кажа яна, аплата працы разбалянсаваная і грувасткая.

«Ёй ужо некалькі дзясяткаў гадоў. Яна прайшла вялізную колькасьць даплат, надбавак, рознага віду стымуляцыйных і кампэнсацыйных выплат», — сказала яна.

Указ мае аптымізаваць і спрасьціць сыстэму аплаты. Мяркуецца, што тарыфная стаўка першага разраду будзе заменена базавай стаўкай, 27-разрадную тарыфную сетку заменяць на 18-разрадную. Кіраўнікам дадуць больш паўнамоцтваў, каб «сапраўды матываваць і стымуляваць работніка на высокія вынікі».

«Асноўная мэта гэтага ўказу — не павышэньне заработнай платы», — падкрэсьліла міністарка, дадаўшы, што «пры гэтым стаіць норма не дапусьціць зьніжэньня заработнай платы».

Насельніцтва старэе

Паводле міністаркі, 15% насельніцтва Беларусі перавысілі ўзрост 65 гадоў, і такіх людзей будзе год ад году ўсё больш. Агулам, паводле Касьцевіч, на сёньня ў Беларусі 2 мільёны 102 тысячы чалавек дасягнулі пэнсійнага ўзросту, а атрымліваюць пэнсіі — 2 мільёны 561 тысяча. Розьніца тлумачыцца тым, што ў гэты сьпіс уключаныя і тыя, хто атрымлівае пэнсію па страце кармільца, па інваліднасьці і іншыя.

У Беларусі 229 тысяч чалавек атрымліваюць павышаную пэнсію, бо перакрочылі парог у 75 гадоў, а 345 тысяч чалавек маюць больш за 80 гадоў. Для першых надбаўка складае 40 рублёў 16 капеек, для другіх — 53 рублі 65 капеек. Сярэдняя пэнсія паводле ўзросту ў сьнежні 2018 году складала 394 рублі, у плянах на 2019 — 411 рублёў.

Нараджальнасьць падае

Паводле статыстыкі, за 11 месяцаў 2018 году колькасьць народжаных дзяцей у Беларусі параўнальна з тым жа пэрыядам 2017-га склала 92,5%.

Касьцевіч патлумачыла зьмяншэньне нараджальнасьці тым, што ў рэпрадукцыйны ўзрост увайшлі жанчыны, якія нарадзіліся ў 1990-я, калі быў дэмаграфічны крызіс. Калі раней на адну жанчыну ў Беларусі прыпадала 1,73 дзіцяці, то ў 2017-м — 1,54.

Добраахвотнае пэнсійнае страхаваньне не прыжываецца

Толькі 4% працоўных грамадзян Беларусі выбралі для сябе добраахвотнае пэнсійнае назапашвальнае забесьпячэньне.

«Гэты кірунак у Беларусі разьвіваецца павольна. Большы распаўсюд ён атрымаў сярод юрыдычных асоб. А сярод фізычных пераважае традыцыйная „салідарная“ сыстэма.

Нам трэба разьвіваць добраахвотнае пэнсійнае забесьпячэньне, праводзіць актыўную інфармацыйную працу сярод працадаўцаў і саміх грамадзян, каб яны разумелі, што гэта дадатковы прыбытак», — сказала Ірына Касьцевіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG