Міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касьцевіч адказала на пытаньне карэспандэнта Свабоды, чаму паводле новага варыянту «дармаедзкага дэкрэту» беспрацоўныя грамадзяне, якія плацяць падаткі са сваіх даходаў, трапілі ў лік дармаедаў.
У першым варыянце дэкрэту № 3 платнікі падаходнага падатку не траплялі ў лік «дармаедаў», як і індывідуальныя прадпрымальнікі і рамесьнікі.
Міністарка працы адказала, што, магчыма, нормы дэкрэту будуць перагледжаныя з улікам практыкі.
«Калі падрыхтавалі гэты дэкрэт, то ўжо ўбачылі ўнікальную сытуацыю таго, што адбываецца на рынку працы. Мы бачым шмат нестандартных сытуацый, і трэба ўсё гэта ўважліва вывучыць і далей працягваць разьвіваць. Мы будзем уносіць зьмены ў гэты дакумэнт і ня ставім у гэтай справе тлустай кропкі. Жыцьцё пакажа, што патрэбна выправіць, і мы гэта выправім», — сказала Касьцевіч.
Каля 1500 беларусаў зьвярнуліся па пароль ад «базы дармаедаў». А ў базе 500 000 чалавек
Касьцевіч расказала, што больш за паўтары тысячы чалавек зьвярнуліся па ўнікальны ідэнтыфікатар (лагін і пароль), каб праверыць, ці ўключаныя яны ў «базу дармаедаў».
Атрымаць доступ да базы можна або з электронным лічбавым подпісам (такі можна атрымаць у гарадзкіх рэгістрацыйных цэнтрах за некалькі дзясяткаў рублёў) або з паролем, які выдаюць у службах «Адно вакно» (звычайна такая адна на горад, у Менску — адна на раён, працуюць паводле папярэдняга запісу).
Паводле Касьцевіч, працэдура пошуку сябе ў базе «вельмі запатрабаваная». Пры гэтым тых, хто зьвярнуўся па пароль ад «базы дармаедаў», у 333 разы менш за тых, каго ў базу ўключылі.
Міністарка прызнала, што ў базе ёсьць некарэктныя запісы «з прычыны таго, што ідэальных інфармацыйных рэсурсаў мы ня маем». Паводле яе, цяпер ідзе актыўная апрацоўка зьвестак у базе, інфармацыя карэктуецца. Колькі людзей выключылі з базы, яна пакуль не паведаміла: «канкрэтны зрэз» будзе пасьля калядных сьвятаў.