Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісія: «жорсткі» Brexit усё больш верагодны


Намесьнік кіраўніка Эўракамісіі Юркі Катайнэн.
Намесьнік кіраўніка Эўракамісіі Юркі Катайнэн.

Верагоднасьць выхаду Вялікабрытаніі з Эўразьвязу без пагадненьня працягвае расьці. Пры гэтым Брусэль не разумее, што можа стаць альтэрнатывай гэтаму варыянту, заявіў намесьнік кіраўніка Эўракамісіі Юркі Катайнэн.

На ягоную думку так званы жорсткі Brexit магчымы, паколькі парлямэнт Вялікабрытаніі не прапанаваў ніякіх іншых шляхоў выхаду з ЭЗ. Брусэлю вядома толькі пра тое, якія рашэньні непрымальныя для брытанскіх дэпутатаў, але не пра тое, што прапануецца рабіць замест гэтага, удакладніў намесьнік кіраўніка Эўракамісіі.

Раней з крытыкай дзеяньняў брытанскага парлямэнту выступіў прадстаўнік прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Джэймс Слак. Ён заявіў, што рэзалюцыя з просьбай перанесьці Brexit, якую напярэдадні прынялі дэпутаты, можа ў выніку прывесьці да выхаду краіны з ЭЗ без пагадненьня. Слак зноў заклікаў дэпутатаў прагаласаваць за ўгоду па выхадзе з ЭЗ, якую брытанская прэм’ер Тэрэза Мэй ўжо тройчы прапаноўвала дэпутатам.

Першапачаткова выхад Вялікабрытаніі з ЭЗ павінен быў адбыцца 29 сакавіка. Пасьля адмовы брытанскіх дэпутатаў падтрымаць пагадненьне аб Brexit Брусэль пагадзіўся перанесьці гэты тэрмін на 12 красавіка. Да гэтага часу парлямэнт Вялікабрытаніі можа прыняць пагадненьне або прапанаваць Брусэлю альтэрнатыўны шлях выхаду з ЭЗ.

3 красавіка палата абшчын брытанскага парлямэнту прагаласавала за перанос даты выхаду краіны з Эўразьвязу. Дакумэнт прадугледжвае абавязаць прэм’ер-міністра папрасіць пра гэта Брусэль. Каб закон быў прыняты, яго павінна ўхваліць верхняя Палата лордаў. Але канчатковае рашэньне аб пераносе даты і ўмовах выхаду будзе прымаць Эўразьвяз.

Днямі Тэрэза Мэй заявіла, што спадзяецца, што зможа адкласьці выхад з ЭЗ да 22 траўня. ЭЗ будзе абмяркоўваць сытуацыю на экстранным саміце 10 красавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG