Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лёндане экстранна вырашаюць, як быць з Брэксытам. Ёсьць пагроза расколу ўраду і кіруючай партыі


Брытанскаму кабінэту міністраў і кіруючай Кансэрватыўнай партыі пагражае раскол у сувязі зь неабходнасьцю ў найбліжэйшыя дні вызначыць пазыцыю ў пытанні аб выхадзе з Эўразьвязу. Пра гэта пішуць агенцтва Reuters і брытанская прэса, спасылаючыся на свае крыніцы.

У пятніцу парлямэнт трэці раз адхіліў праект пагаднення з Эўразьвязам, прапанаваны прэм’ерам Тэрэзай Мэй. Раней парлямэнт падчас рэйтынгавага галасавання адхіліў некалькі альтэрнатыўных падыходаў да Брэксыту.

Многія камэнтатары лічаць, што ва ўраду застаўся выбар паміж выхадам з ЭЗ без пагаднення да 12 красавіка (гэтая дата цяпер лічыцца афіцыйнай) і адтэрміноўкай Брэксыту на працяглы тэрмін, што запатрабуе ў траўні правесці выбары ў Эўрапейскі парлямэнт на тэрыторыі Брытаніі.

Кіраўніцтва Эўразьвязу, аднак, дало зразумець, што пагодзіцца на адтэрміноўку толькі ў тым выпадку, калі Лёндан прадставіць выразны плян таго, што ён мае намер рабіць далей — улічваючы, што пагадненне аб выхадзе з ЭЗ парлямэнт адхіліў.

У сытуацыі, якая склалася, частка міністраў і значная частка дэпутатаў-кансэрватараў пераконваюць Мэй у тым, што найлепшым варыянтам стаў бы выхад з ЭЗ без пагаднення. Такім чынам была б выкананая воля рэфэрэндуму 2016 году.

Іншая частка міністраў і шэраг дэпутатаў, аднак, настойваюць на неабходнасьці новай адтэрміноўкі Брэксыту — хай нават коштам саступак, у тым ліку, згоды на сяброўства Брытаніі ў Мытным саюзе з ЭЗ пасьля Брэксыту, супраць чаго пярэчыць Мэй.

У панядзелак у парлямэнце, як чакаецца, зноў пройдзе рэйтынгавае галасаванне па некалькіх альтэрнатыўных праектах, уключаючы паўторны рэфэрэндум і сяброўства ў Мытным саюзе. Мінулы раз гэтыя падтрыманыя апазыцыяй папраўкі былі адкінутыя большасьцю.

Шмат хто кажа таксама аб магчымасьці датэрміновых выбараў, аднак незразумела, як рашэньне аб іх правядзеньні дапаможа вырашыць лёс Брэксыту.

На дадзены момант, папярэджваюць юрысты, выхад Брытаніі з ЭЗ без пагадненьня уяўляецца ўсё больш верагодным, паколькі дата 12 красавіка прапісаная ў законе, і каб яе зьмяніць, парлямэнт у найбліжэйшыя дні павінен дамовіцца аб нейкім альтэрнатыўным падыходзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG