Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня жарты. Што зьменіцца ў Беларусі 1 красавіка


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Дакладна вядома, якія навіны ня будуць жартамі ў «Дзень сьмеху» і апошні дзень падачы дэклярацыяў аб падаходным падатку.

Вырасьце базавая арэндная велічыня

Апошні раз паказьнік мяняўся ў мінулы «Дзень дурня». Раней было 16 рублёў 11 капеек, а стане на 4,9% больш — 16 рублёў 90 капеек. Велічыня ўжываецца для разьлікаў платы за арэнду плошчаў у дзяржаўнай уласнасьці (хоць будынкаў, хоць парковак, хоць месцаў на рынках).

Падвысяцца экспартныя мыты на нафту і нафтапрадукты

Дзяржава стане атрымліваць больш ад экспарту нафты і нафтапрадуктаў. Стаўка мыту за экспарт за межы Эўразійскага эканамічнага саюзу вырасьце з 91,2 да 97,4 даляра за тону сырой нафты, з 50,1 да 53,5 даляра — за тону бэнзіну прамой гонкі, з 27,3 да 29,2 даляра — за тону таварнага бэнзіну, сярэдняга дыстыляту, дызэльнага паліва, бэнзолу, талюолу, аліваў і іншага. Мінулы раз мыты падвышаліся 1 сакавіка, а ў сьнежні мяняліся двойчы.

Падаражэюць цыгарэты, зьявяцца новыя

Цэны падымуцца на цыгарэты фабрыкаў «Нёман» (на 5–10 капеек) і «Табак-інвэст» (на 2–13 капеек), а таксама на некаторыя замежныя цыгарэты, якія завозіць «Беларусьгандаль» (на 5 капеек). «Табак-інвэст» пачне прадаваць цыгарэты пад новымі маркамі.

Пачнуць дзейнічаць новыя правілы віртуальных казіно

Пачне дзейнічаць новы парадак арганізацыі і афармленьня азартных гульняў, у якім новыя патрабаваньні выстаўляюцца віртуальным казіно. Яны тычацца ідэнтыфікацыі і аўтарызацыі гульцоў, налічэньня бонусаў і вяртаньня выйгрышаў. У інтэрнэт-казіно будзе тры месяцы на зьмену сваіх правілаў адпаведна дзяржаўным нормам.

У Менску зьявіцца новы «бязрогі тралейбус»

Пачнуцца перавозкі пасажыраў жоўтымі электробусамі E321 ад «Белкамунмашу». Машыны паступілі не ў аўтобусны, а ў тралейбусны парк №2. У новым «бязрогім тралейбусе», карарацейшым за «Вітаўтаў», будзе 26 месцаў для сядзеньня і 56 — для стаяньня. Ён зможа праехаць без падзарадкі 30 км (а на зарадку трэба 5–8 хвілінаў). Агулам да II Эўрапейскіх гульняў у Менску мае зьявіцца 60 новых электробусаў.

У Горадзенскай, Магілёўскай і Менскай абласьцях часова забароняць лавіць рыбу

Забарона тычыцца ўсіх відаў рыбы, а таксама ракаў, і зьвязаная зь нерастам. Яна будзе дзейнічаць да 30 траўня. Рыбачыць можна будзе толькі з адной вудой і адным гачком або адным сьпінінгам са штучнай прынадай, а ўдзень зь берагу — з адзінарным, двайным і трайным гачком. За іншыя спосабы лову будуць штарфаваць (можа дайсьці і да крымінальный справы). Такая ж забарона дзейнічае з 20 сакавіка па 18 траўня ў Берасьцейскай і Гомельскай абласьцях, у Віцебскай будзе дзейнічаць з 10 красавіка па 8 чэрвеня.

У Берасьці адкрыюць правы бок бульвара Касманаўтаў

Адну з важных вуліцаў гораду напалову перакрывалі на рамонт зь 10 студзеня на ўчастку ад вул. Міцкевіча да вул. Арджанікідзэ.

У Беларусі мусіць зьявіцца «Дзяржаўны энэргетычны і газавы нагляд»

Прынамсі 1 красавіка гэта крайні тэрмін, які вызначыў Аляксандар Лукашэнка. Установа мае зрабіць нагляд незалежным ад арганізацыяў, якія займаюцца энэрга- і газазабесьпячэньнем.

Цалкам магчыма, што набудзе сілу ўказ пра новы «дарожны падатак»

Аб тым, што такое можа здарыцца, казалі ў тым ліку на дзяржаўнай тэлевізіі. Ды ня факт, што здарыцца: дакумэнт пакуль не падпісаны. Але калі будзе падпісаны, для фізычных асобаў «дарожны падатак» будзе заменены «платай за ўдзел у дарожным руху» (можна будзе плаціць праз АРІП). Напрыклад, за легкавую машыну вагой у паўтары-дзьве тоны ў праекце прадугледжаная плата ў 50 капеек на месяц, за лягчэйшую — удвая меней.

Перастане дзейнічаць дамова аб сяброўстве Расеі і Ўкраіны

Гэта ня тычыцца Беларусі наўпрост, але тычыцца адразу двух суседзяў. Дамова аб сяброўстве між Расеяй і Ўкраінай дзейнічала ад 1999 году і не была разарваная нават пасьля таго, як Расея анэксавала ўкраінскі Крым і падтрымала так званыя «ДНР» і «ЛНР». Цяпер проста сканчаецца тэрмін дзеяньня, а працягваць яго не зьбіраюцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG