Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У прадпрымальнікаў больш ня будуць канфіскоўваць маёмасьць па крымінальных артыкулах


Архіўнае фота
Архіўнае фота

Такія зьмены зь лета гэтага году анансуе Генэральная пракуратура, паведамляе Tut.by. Прадпрымальнікаў, якім прысудзілі канфіскацыю, але не пасьпелі яе правесьці, вызваляць ад гэтай кары.

Начальнік аддзелу дзяржаўнага абвінавачваньня Генэральнай пракуратуры Эльдар Сафараў анансаваў зьмены ў Крымінальны кодэкс, якія тычацца прадпрымальнікаў. З разьдзелу «Злачынствы супраць парадку вядзеньня прадпрымальніцкай дзейнасьці» выключаць 5 артыкулаў:

  • Парушэньне парадку адкрыцьця рахункаў за межамі Беларусі.
  • Перашкода законнай прадпрымальніцкай дзейнасьці.
  • Парушэньне антыманапольнага заканадаўства.
  • Дыскрэдытацыя дзелавой рэпутацыі канкурэнта.
  • Ілжэпрадпрымальніцтва.

«Яшчэ ў васямнаццаць артыкулаў уносяцца зьмены з больш ільготнымі ўмовамі прыцягненьня да адказнасьці. Акрамя таго, выключаецца агульная канфіскацыя маёмасьці як дадатковы від пакараньня і пашыраецца стасаваньне спэцыяльнай канфіскацыі», — паведаміў Эльдар Сафараў.

Будзе канфіскоўвацца прылада злачынства або даход, атрыманы незаконным шляхам. Аднак такога пакараньня, як канфіскацыя маёмасьці, суд больш прызначаць не будзе.

У каго канфіскоўвалі маёмасьць

Летась канфіскацыя маёмасьці як дадатковы захад стасавалася ў 80 выпадках. Напрыклад, бізнэсоўцу Аляксандру Кныровічу прысудзілі 6 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці. Пазьней тэрмін пакараньня зьменшылі на год. Таксама ў дадатак да зьняволеньня ў 11 гадоў летась канфіскацыю маёмасьці прысудзілі інвэстару «Мотавела» Аляксандру Мураўёву.

«Прадпрымальнікі перапісвалі маёмасьць на сваякоў са страху»

Канфіскацыя маёмасьці была вельмі распаўсюджанай карай у крымінальных артыкулах эканамічнага характару. Пра гэта ў размове са Свабодай сказаў старшыня Найвышэйшай каардынацыйнай рады канфэдэрацыі Ўладзімер Карагін. Прадпрымальнікам нават даводзілася перапісваць маёмасьць на сваякоў — нават тады, калі іх ні ў чым не абвінавачвалі.

«Бізнэс-грамадзтва ня раз казала ўладзе пра неабходнасьць дэкрыміналізацыі эканамічнай дзейнасьці. Мала таго што чалавека каралі, дык яшчэ і накладалі арышт на ўсю маёмасьць. Таму нашы прадпрымальнікі нічога ня маюць, уся маёмасьць запісаная на сваякоў. Гэта дэфармуе нашае стаўленьне да бізнэсу. Прадпрымальнік мусіць быць упэўнены, што калі ты рабіў памылку, ты можаш яе выправіць», — сказаў Уладзімір Карагін.

Яшчэ адзін важны захад, які трэба лібэралізаваць, на думку Карагіна, — гэта заключэньне пад варту да суду як запабежны сродак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG