Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд адхіліў апэляцыйную скаргу былога ўладальніка «Мотавела»


Аляксандар Мураўёў на лаве падсудных. Архіўнае фота, 2017 год
Аляксандар Мураўёў на лаве падсудных. Архіўнае фота, 2017 год

Менскі гарадзкі суд разгледзеў апэляцыйныя скаргі адвакатаў і абвінавачанага бізнэсоўца і інвэстара «Мотавела» Аляксандра Мураўёва на другі прысуд (тры гады пазбаўленьня волі за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры), паведамляе Tut.by.

Прысуд суду Ленінскага раёну па другой справе ў дачыненьні Аляксандра Мураўёва пакінуты ў сіле, ягоная апэляцыйная скарга — без задавальненьня.

Аляксандар Мураўёў указваў, што прысуд у дачыненьні да яго незаконны і неабгрунтаваны. Ён ня мог зьяўляцца суб’ектам артыкулу 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў), паколькі, згодна з рашэньнем пленуму Вярхоўнага суду, гэты артыкул прымяняецца да «асобаў, якія ажыцьцяўляюць фактычнае кіраўніцтва» кампаніяй. Ён жа быў затрыманы ў чэрвені 2015-га і ня мог кіраваць прадпрыемствам і, адпаведна, ухіляцца ад выплаты падаткаў.

Паказаньні сьведкаў не на карысьць Мураўёва былі атрыманыя ад асобных супрацоўнікаў на стадыі папярэдняга сьледзтва, але ў судзе сьведкі іх не пацьвердзілі: заявілі, што рабілі прызнаньні ў стане стрэсу і падпісвалі пратакол, не чытаючы. Таму, сьцьвярджае Мураўёў, няма доказаў таго, што ён ажыцьцяўляў «фактычнае кіраўніцтва» чатырма беларускімі кампаніямі.

«Ніхто са сьведак у судзе не пацьвердзіў высновы сьледзтва: усе дапытаныя кіраўнікі беларускіх прадпрыемстваў і іх работнікі зазначалі, што менавіта дырэктары ажыцьцяўлялі фактычнае кіраўніцтва», — падкрэсьліў адвакат Мураўёва Ігар Кручкоў.

Кручкоў таксама адзначыў, што ў судзе першай інстанцыі не былі дапытаныя сьведкі, службовыя асобы «Мотавела» і даччыных прадпрыемстваў; не вывучаліся балянсы Atec Trading, якая, паводле вэрсіі абвінавачваньня, створаная ў 2008 годзе для ўхіленьня ад выплаты падаткаў у Беларусі.

У адказ пракурор Алена Крупеніна заявіла, што ўсе высновы і рашэньне суду абгрунтаваныя. Мураўёў «ажыцьцяўляў фактычнае кіраўніцтва прадпрыемствамі праз дырэктараў, не дасьведчаных аб характары сваёй дзейнасьці», а Atec Trading была кампаніяй-пасярэдніцай, выкарыстанай для ўхіленьня ад выплаты падаткаў.

Апэляцыйнае пасяджэньне праходзіла без удзелу Аляксандра Мураўёва.

30 траўня 2018 году быў вынесены другі прысуд інвэстару «Мотавела» Аляксандру Мураўёву: за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры яго пакаралі 3 гадамі пазбаўленьня волі. Бізнэсоўца абвінавацілі паводле арт. 243 ч. 2. — ухіленьне ад выплаты падаткаў па чатырох прадпрыемствах (ЗАТ «Мотавела Інтэр», СЗАТ «Веласіпедная кампанія МВЗ», СЗАТ «Матацыклетная кампанія Мінск-Мота», ЗАТ «МВЗ Тэхна») і іх пагадненьнях з аўстрыйскай кампаніяй ATEC.

У студзені 2017-га Мураўёў ужо быў прызнаны вінаватым паводле артыкулаў «Махлярства» (ч. 4 арт. 209 КК), «Крадзеж» (ч. 4 арт. 210), «Ухіленьне ад выплаты падаткаў» (ч. 2 арт. 243), «Арганізацыя і спрыяньне ва ўчыненьні злачынстваў» (арт. 16) і пакараны 11 гадамі зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

Па сукупнасьці злачынстваў яму канчаткова прызначана пакараньне ў выглядзе 11 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Бізнэсовец сваёй віны не прызнаў, а ў апошнім слове, якое доўжылася больш за 8 гадзін, расказаў пра зьбіваньне падчас сьледзтва, пагрозы, прымус «плаціць грошы» і спробы забраць у яго маёмасьць. Ён параўнаў падзеі вакол «Мотавела» з «рэйдэрскім захопам».

Разам з Мураўёвым атрымалі прысуды былы гендырэктар «Мотавела» Казімір Мароз (5 гадоў абмежаваньня волі з канфіскацыяй маёмасьці) і ягоная намесьніца Тацяна Лукавец (1 год пазбаўленьня волі, але пакараньне зь яе зьнялі з прычыны даўнасьці часу).

Да арышту ў 2015 годзе Аляксандар Мураўёў пасьпеў перазапусьціць на «Мотавела» вытворчасьць ровараў пад брэндам «Аист» і дамагчыся, што прадпрыемства пачало працаваць зь невялікім прыбыткам. Але пасьля ягонага арышту ў 2017 годзе «Мотавела» ўжо мела вялікія даўгі перад сямю банкамі, апошнія 2 гады прадпрыемства працавала са стратамі па 2-3 мільёны даляраў.

У чэрвені 2017-га гендырэктар «Мотавела» Мікалай Ладуцька падпісаў заяву ў эканамічны суд Менску аб прызнаньні заводу банкрутам, а сёлета ў красавіку на паседжаньні Эканамічнага суду Менску прынята рашэньне аб банкруцтве адкрытага акцыянэрнага таварыства «Мотавела» з далейшай яго ліквідацыяй.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG