Лінкі ўнівэрсальнага доступу

NATO назвала сем краінаў, якія дастаткова трацяць на абарону


Тэхніка краінаў NATO у Літве, архіўнае фота
Тэхніка краінаў NATO у Літве, архіўнае фота

У 2018 годзе шэраг краінаў — сябраў NATO павысілі свае выдаткі на абарону, паведамляецца ў дакладзе штаб-кватэры альянсу. Асабліва рэзкі рост адзначаны ў краінах Балтыі, Польшчы і Нідэрляндах, піша Reuters.

Аднак усталяванага Вашынгтонам мэтавага паказьніка дасягнулі пакуль толькі шэсьць краінаў, ня лічачы саміх ЗША. Нямеччына адстае, а ў Канадзе ўзровень абаронных выдаткаў скараціўся.

Згодна са штогадовай справаздачай NATO, альянс стаў бліжэй да дасягненьня мэтавага паказчыка па абаронных выдатках — 2 працэнты ад ВУП у год. Эўрапейскія краіны дасягнулі адзнакі 1,51 адсотка, гэта пяцігадовы максымум.

«Мы назіраем парадокс, — адзначыў генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг на прэс-канфэрэнцыі з нагоды прадстаўленьня справаздачы. — У той час як некаторыя ставяць пад сумнеў трываласьць трансатлянтычных сувязяў, мы робім больш сумесных намаганьняў, чым калі-колечы».

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп зрабіў прыярытэтам павышэньне абаронных выдаткаў, якія былі скарочаныя пасьля «халоднай вайны» 1945–90 гг. Ён таксама ставіў пад сумнеў каштоўнасьць NATO для Вашынгтона.

У той час як абаронныя выдаткі ў Баўгарыі, краінах Балтыі і Нідэрляндах у 2018 годзе павялічыліся на 20 працэнтаў у параўнаньні з 2017 годам, мэтавага паказьніка, на якім настойвае ЗША, да цяперашняга моманту дасягнулі толькі шэсьць краін: Эстонія, Грэцыя, Польшча, Латвія, Літва і Вялікая Брытанія.

Рыга і Вільня ўступілі ў гэты клюб толькі ў мінулым годзе. Блізкая да мэты і Румынія. У Канадзе ж выдаткі ў мінулым годзе скараціліся амаль на 11%.

Эўрапейскія краіны вымушаныя павялічваць фінансаваньне ўзброеных сілаў з прычыны анэксіі Крыму, «паўраспаду» дзяржаў на зьнешніх межах NATO, ісламскага экстрэмізму, а таксама патрабаваньняў Трампа, каб саюзьнікі ўзялі на сябе больш значную долю выдаткаў на бясьпеку Эўропы.

Аднак выйсьці на ўзровень 2 адсоткаў перашкаджаюць паказчыкі эканамічнага росту.

Хоць Нямеччына ў 2018 годзе інвэставала ў абарону каля 1,5 мільярда эўра, у працэнтных адносінах да ВУП выдаткі засталіся на ранейшым узроўні — 1,23 працэнта. Такім чынам, Нямеччына, найбуйнейшая эканоміка Эўропы, апынулася сярод адстаючых.

Для параўнаньня, ЗША выдзяляюць на абарону 3,39 працэнта ад свайго ВУП. Бэльгія і Гішпанія па-ранейшаму знаходзяцца на ўзроўні ніжэй за 1 працэнт, а выдаткі Італіі ў працэнтных адносінах не павялічыліся.

Столтэнбэрг заступіўся за Бэрлін, адзначыўшы, што Нямеччына абяцала павысіць абаронныя выдаткі на 80 працэнтаў у пэрыяд з 2014 па 2024 гг.

Паводле справаздачы, у 2018 годзе краіны NATO выдзелілі на абарону агулам каля трыльёна даляраў, прычым амаль 70 працэнтаў з гэтай сумы прыпадаюць на долю ЗША.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG