Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнтка Эстоніі заклікала саюзьнікаў згуртавацца перад абліччам расейскай пагрозы


Прэзыдэнтка Эстоніі Керсьці Кальюлайд у час візыту на ўкраінскі Данбас, 2018 год
Прэзыдэнтка Эстоніі Керсьці Кальюлайд у час візыту на ўкраінскі Данбас, 2018 год

Прэзыдэнтка Эстоніі Керсьці Кальюлайд заклікала захоўваць адзінства хаўрусьнікаў па NATO для прадухіленьня магчымай агрэсіі з боку Расеі і заявіла, што дзяржавы Балтыі хацелі б пашырэньня амэрыканскага прысутнасьці ў рэгіёне. Кальюлайд сказала пра гэта ў сераду ў Інстытуце Брукінгса ў Вашынгтоне, перадае «Голас Амэрыкі».

Керсьці Кальюлайд, якая ўжо другі раз за апошнія 12 месяцаў наведвае ЗША з афіцыйным візытам, нагадала аўдыторыі, што сяброўства ў Эўразьвязе і NATO заўсёды служыла для Эстоніі гарантыяй захаваньня сувэрэнітэту.

Улады балтыйскай дзяржавы, якая з 1939 па 1991 гады была пад савецкай акупацыяй, асьцерагаюцца магчымай расейскай агрэсіі. Гэтыя страхі ўзмацніліся пасьля анэксіі ўкраінскага Крыму ў 2014 годзе і вайны ў Грузіі ў 2008 годзе, калі Расея аказала вайсковую падтрымку сэпаратыстам у Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.

Злучаныя Штаты адрэагавалі на гэтыя дзеяньні вайсковымі вучэньнямі краін NATO побач з расейскай мяжой і разьмяшчэньнем вайсковага кантынгенту ў Польшчы. Прэзыдэнт Кальюлайд згадала пра гэтыя захады, дадаўшы, што балтыйскія дзяржавы «хацелі б бачыць большую прысутнасьць ЗША ў рэгіёне».

Прэзыдэнт Эстоніі паведаміла, што яе краіна гатовая даць адпор магчымай агрэсіі Масквы, аднак, паводле яе, «плян наступных дзеяньняў», які ўключае ў сябе вайсковую дапамогу з боку саюзных сілаў, пакуль не прыняты.

Адначасова кіраўніцтва Пэнтагону заяўляе аб нарастаньні ваеннай пагрозы з боку Расеі і Кітаю і папярэджвае, што патэнцыйныя праціўнікі павінны ўсьведамляць небясьпеку ваеннага супрацьстаяньня са Злучанымі Штатамі.

Рэйчел Элегус, намесьніца дырэктара Эўрапейскай праграмы ў Цэнтры стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў (CSIS), у інтэрвію «Голасу Амэрыкі» сказала, што Эстонія і яе суседзі ў Балтыйскім рэгіёне заўсёды былі ўзорнымі чальцамі NATO. У той жа час гэтыя краіны ня могуць абараніць сябе самастойна, без дапамогі хаўрусьнікаў.

«Празь невялікую тэрыторыю ім патрэбная... дапамога ў атрыманьні дарагіх (вайсковых) магутнасьцяў», — падкрэсьліла Элегус, якая раней працавала ў кіраўніцтве Пэнтагону.

Суразмоўніца «Голасу Амэрыкі» нагадала, што ЗША сталі першай краінай, што паслала дадатковыя вайсковыя сілы ў Балтыю пасьля расейскай анэксіі Крыму. Паводле Элегус, ёй хацелася б бачыць «пастаянную... прысутнасьць амэрыканскіх вайскоўцаў у дзяржавах Балтыі і магчымае аказаньне фінансавай дапамогі ў такіх галінах, як назіраньне за марской і паветранай прасторай».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG