Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі «нешта нечаканае» здарыцца з Лукашэнкам, расейскія войскі ўвойдуць у Беларусь, — эстонская выведка


Вучэньні NATO ў Эстоніі ў 2015 годзе
Вучэньні NATO ў Эстоніі ў 2015 годзе

Паводле Эстонскай зьнешняй выведкі, калі здарыцца «нешта нечаканае» з Аляксандрам Лукашэнкам або зь яго рэжымам, існуе вялікая рызыка вайсковай інтэрвэнцыі Расеі ў Беларусі.

Гэткая ацэнка знаходзіцца ў апублікаванай днямі справаздачы Эстонскай зьнешняй выведкі пад назвай «Міжнародная бясьпека і Эстонія 2019».

Гаворачы пра Беларусь, эстонскія выведнікі зьвяртаюць увагу, што цяперашні расейскі амбасадар у Беларусі Міхаіл Бабіч, — чалавек без папярэдняй дыпляматычнай практыкі, але зь вялікім досьведам працы ў расейскіх спэцслужбах, — «мае шырокія паўнамоцтвы ў якасьці спэцыяльнага прадстаўніка, каб прасоўваць інтарэсы Расеі ў Беларусі і схіляць кіраўнікоў Беларусі да дзеяньняў згодна з пажаданьнямі Расеі».

Эстонская справаздача зьвяртае ўвагу на штораз большыя разыходжаньні Расеі і Беларусі ў эканамічных пытаньнях (кампэнсацыя за так званы падатковы манэўр; абмежаваньні на ўвоз беларускіх харчовых прадуктаў; цана на газ) і на непрыхільную для Аляксандра Лукашэнкі пазыцыя расейскай прэсы.

Справаздача таксама адзначае, што Расея стварае і падтрымлівае «вэбсайты і нібыта незалежныя экспэртныя органы» ў Беларусі, якія прасоўваюць ідэю расейска-беларускага адзінства. У гэтым кантэксьце называюцца: «Беларуска-расейскі клюб экспэртаў», журналісцкую суполку «Друзья-Сябры», «Сонар-2050», тэлепраграму «Клюб рэдактараў».

Гаворачы пра пагрозы, якія зыходзяць з Расеі для міжнароднай бясьпекі, Эстонская зьнешняя выведка адзначае:

  • расейскія ўзброеныя сілы пасьлядоўна праводзяць вучэньні, якія рыхтуюць да шырокага ваеннага канфлікту з NATO;
  • паводле расейскіх вайскоўцаў, ваенны канфлікт з NATO будзе справакаваны «каляровай рэвалюцыяй» у адной з суседніх краін Расеі;
  • ва ўмовах крызысу для Расеі найпрасьцей атакаваць краіны Балтыі, каб перахіліць балянс вайсковай сілы ў рэгіёне Балтыйскага мора на сваю карысьць;
  • канфлікт паміж NATO і Расеяй не абмяжуецца ваеннымі дзеяньнямі ва Ўсходняй Эўропе ці ў краінах Балтыі, але ўключаць таксама расейскія атакі на цэлі ў Заходняй Эўропе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG