Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сайт пра вайсковую моц дзяржаваў заблякавалі ў Беларусі… за наркотыкі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Намесьнік міністра інфармацыі Беларусі Павал Лёгкі адказаў на зварот Свабоды адносна блякаваньня ў Беларусі сайту Global Firepower, прысьвечанага параўнаньню магутнасьці войскаў розных дзяржаваў.

«Рашэньня аб абмежаваньні доступу да інтэрнэт-рэсурсу Globalfirepower.com не прымалася, — аказаў Лёгкі ад імя Мінінфарму. — Аднак, у ходзе разгляду звароту выяўлена, што адпаведна частцы трэцяй пункту 10 дэкрэту прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 сьнежня 2014 году № 6 „Аб неадкладных мерах у процідзеяньні незаконнаму абароту наркотыкаў“ на падставе апавяшчэньня Міністэрства ўнутраных справаў Мінінфармам было прынятае рашэньне аб абмежаваньні доступу да шэрагу рэсурсаў за распаўсюд інфармацыі аб продажы наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналягаў.

У якасьці ідэнтыфікатараў былі выкарыстаныя ў тым ліку IP-адрасы. Пры гэтым інтэрнэт-рэсурс Globalfirepower.com разьмешчаны на сэрвэры, які мае адзін IP-адрас з інтэрнэт-рэсурсам, з дапамогай якога ажыцьцяўляўся продаж наркотыкаў».

Раней у Беларусі ўжо здараліся блякаваньні «суседзяў па адрасе». У тым ліку блякаваліся сайт пра беларускую мову на спажывецкім рынку і сайт руху «Дзея», якія аказаліся на адным адрасе з сайтам пра дэкрыміналізацыю марыхуаны ў Беларусі.

Беларусь тым часам займае ў рэйтынгу Global Firepower 39-е месца (са 137) паводле вайсковай моцы — між М’янмай, Аргентынай, Румыніяй і Малайзіяй. Першае месца ў рэйтынгу за ЗША, другое за Расеяй. Вышэй за Беларусь з суседзяў таксама Польшча (24 месца) і Ўкраіна (29), ніжэй — Літва (81) і Латвія (105). У рэйтынгу ў 2019 годзе ўпершыню зьявілася Малдома, якую паставілі адразу на 103 месца.

Блякаваньне Legalize.by. Што важна ведаць

  • 8 траўня Мінінфарм закрыў доступ да сайту legalize.by на падставе апавяшчэньня з МУС. Прычынай блякаваньня называюць прапаганду марыхуаны. Сайт напаўняўся ангельскамоўнымі матэрыяламі пра дзейнасьць кампаніі за дэкрыміналізацыю марыхуаны і кантраляваных рэчываў Legalize Belarus.
  • Таксама ў траўні заблякавалі сайты, якія знаходзіліся на адным IP-адрасе з сайтам legalize.by. Сярод іх — сайт пра беларускую мову на спажывецкім рынку і сайт руху «Дзея», распрацоўка якога на момант блякаваньня яшчэ вялася. У ліпені доступ да ўсіх сайтаў, акрамя legalize.by, вярнулі.
  • Супраць зьмякчэньня антынаркатычнага заканадаўства выступала Міністэрства ўнутраных спраў і асабіста міністар Ігар Шуневіч.
  • Паводле закону аб СМІ блякаваньне доступу да рэсурсаў можа ажыцьцяўляцца ў пазасудовым парадку. Аднавіць доступ можна, зьвярнуўшыся ў Мінінфарм. Зварот разглядаюць цягам месяца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG