Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі заблякавалі сайт пра беларускую мову на спажывецкім рынку


Да сайтаў nabyvaj.by, dziejaby.org, legalizebelarus.org закрыты доступ зь Беларусі.

Пра гэта паведаміў уладальнік заблякаваных дамэнаў Пятро Маркелаў. Афіцыйнага паведамленьня пра блякаваньне на старонках гэтых рэсурсаў няма. Апэратыўна атрымаць камэнтар Міністэрства інфармацыі не ўдалося.

Сьцісла:

  1. 18 траўня Мінінфарм закрыў доступ да сайту legalize.by на падставе апавяшчэньня з МУС. Прычынай блякаваньня называюць прапаганду марыхуаны.
  2. Заблякаваны сайт напаўняўся ангельскамоўнымі матэрыяламі пра дзейнасьць кампаніі за дэкрыміналізацыю марыхуаны і кантраляваных рэчываў Legalize Belarus.
  3. 19 красавіка кіраўнік МУС Ігар Шуневіч заявіў, што ягонае ведамства не вітае паслабленьня адказнасьці па «наркатычных» артыкулах, у тым ліку для спажыўцоў наркотыкаў.
  4. Паводле закону аб СМІ, блякававаньне доступу да рэсурсаў ажыцьцяўляецца ў пазасудовым парадку. Аднавіць доступ можна праз зварот у Мінінфарм, які разглядаюць цягам месяца.

Што гэта за сайты?

Nabyvaj.by — старонка, прысьвечаная выкарыстаньню беларускай мовы на спажывецкім рынку.

Dziejaby.org — дамэн руху «Дзея». На момант імавернага блякаваньня распрацоўка сайту яшчэ вялася.

Legalizebelarus.org — сайт-люстэрка заблякаванага раней сайту кампаніі Legalize Belarus.

Так выглядае сайт руху «Дзея» з-пад VPN
Так выглядае сайт руху «Дзея» з-пад VPN

Гэтыя старонкі працуюць пад адным IP на хостынгу de3.fcomet.com, пад якімі працаваў заблякаваны раней сайт legalize.by.

17 траўня Міністэрства інфармацыі загадала закрыць доступ да сайту legalize.by, які працуе з IP-адрасу 139.162.166.31. Уладальніку сайту Пятру Маркелаву даслалі копію загаду аб блякаваньні. Паведамленьняў пра закрыцьцё доступу да іншых сваіх старонак Маркелаў не атрымліваў.

Пятро Маркелаў на пікеце за дэкрыміналізацыю марыхуаны, 17 лютага 2018
Пятро Маркелаў на пікеце за дэкрыміналізацыю марыхуаны, 17 лютага 2018

Пад пэтыцыяй за дэкрыміналізацыю марыхуаны і іншых кантраляваных рэчываў на сайце petitions.by падпісалася больш за 1900 чалавек. Яны заклікаюць увесьці вызначэньне малой колькасьці для кожнага кантраляванага рэчыва і адмяніць крымінальную адказнасьць за іх абарот у памерах, якія не перавышаюць вызначаных.

У адказ на гэтую пэтыцыю 26 траўня была створана пэтыцыя за ўзмацненьне адказнасьці за прапаганду наркотыкаў. Тэкст пэтыцыі накіраваны супраць кампаніі Legalize Belarus, пад ім на момант публікацыі падпісалася 14 чалавек.

27 красавіка прадстаўнікі руху «Маці 328» абвясьцілі галадоўку, патрабуючы зьмякчэньня «антынаркатычнага» заканадаўства ў дачыненьні да тых, хто ўжываў забароненыя рэчывы. 16 траўня на партале pravo.by апублікавалі праект зьменаў у «наркатычныя артыкулы» Крымінальнага кодэксу.​

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG