Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падпісант першай Канстытуцыі: трэба абмежаваць паўнамоцтвы прэзыдэнта чыста прадстаўнічымі функцыямі


Аляксандар Лукашэнка падчас інаўгурацыі ў лістападзе 2015 году
Аляксандар Лукашэнка падчас інаўгурацыі ў лістападзе 2015 году

15 сакавіка 1994 году была прынятая першая Канстытуцыя незалежнай Беларусі, подпіс пад якой паставіў тагачасны старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб. У «Інтэрвію тыдня» ён ацэньвае Канстытуцыю 1994 году, прадказвае, што ўлады могуць павялічыць тэрміны паўнамоцтваў прэзыдэнта, і прапануе сваё бачаньне патрэбных канстытуцыйных зьменаў.

Сьцісла

  • Пасьля шматлікіх зьменаў з Канстытуцыі атрымалася нейкая сумесь, патрэбная ўладзе.
  • Ня варта чакаць, што гэтая ўлада прапануе зьмены ў Канстытуцыю дзеля дэмакратызацыі грамадзтва.
  • У новай Канстытуцыі трэба забясьпечыць падзел уладаў, абмежаваць паўнамоцтвы прэзыдэнта чыста прадстаўнічымі функцыямі.

З Канстытуцыі атрымаўся вінэгрэт

— 15 сакавіка 1994 году была прынятая першая Канстытуцыя незалежнай Беларусі, подпіс пад якой паставіў тагачасны старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб. Як бы вы зараз ацанілі той дакумэнт, які вы падпісалі ў 1994 годзе? Ці была гэта добрая Канстытуцыя, ці там ужо былі закладзеныя тыя праблемы, якія потым і прывялі да палітычных зьменаў і ўмацаваньня аўтарытарнай улады?

— Я ўпэўнены, што прыняцьце першай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь — гэта была станоўчая гістарычная падзея, карысная справа. Яна давала магчымасьць нашай краіне быць незалежнай сувэрэннай дзяржавай, разьвівацца, як перадавыя краіны сьвету. Гэта ўсё было закладзена ў Канстытуцыі.

Мечыслаў Грыб
Мечыслаў Грыб

Але рэч ня толькі ў тым, ці ёсьць нейкі добры закон. Ня ўсё ж выконваецца. Так, ад Канстытуцыі шмат залежыць — але пры тых умовах, што яна выконваецца, што выконваюцца ўсе асноўныя заканадаўчыя палажэньні, якія ёсьць у Канстытуцыі. Нават калі Канстытуцыя дэкляруе шэраг правоў, свабодаў — гэтага няма, бо ўлада гэтага не выконвае.

Беларуская Канстытуцыя ня так доўга праіснавала ў тым выглядзе, у якім была прынятая ў 1994-м. Ужо ў 1995 годзе прэзыдэнцкая ўлада пачала замахвацца на Канстытуцыю, ім не хапала ўлады і паўнамоцтваў. У 1996-м унесьлі кардынальныя зьмены, потым у 2004-м, калі зьнялі абмежаваньне на колькасьць тэрмінаў прэзыдэнта, і гэтак далей. То бок зрабілі ўсё, што хацелі, з гэтай Канстытуцыі. З Канстытуцыі атрымаўся вінэгрэт, нейкая сумесь. Але сумесь, патрэбная ўладзе.

Цэлы шэраг краінаў ва ўсім сьвеце, дзе ёсьць моцныя прэзыдэнты, і краіны пасьпяхова разьвіваюцца

— У момант прыняцьця Канстытуцыі ў Вярхоўным Савеце ў 1994 годзе галоўныя дыскусіі якраз ішлі паміж прадстаўнікамі большасьці і апазыцыяй БНФ, якія выступала супраць інстытуту прэзыдэнцтва, бо ён можа прывесьці да сумных вынікаў. З гледзішча той гісторыі, якую прайшла Беларусь за гэтыя 25 гадоў, як бы вы зараз ацанілі — ці лепш было б без інстытуту прэзыдэнцтва?

— На дадзены момант я пагаджаюся з тым, што без прэзыдэнта было б лепш. Але на той час, калі Канстытуцыя прымалася, увядзеньне інстытуту моцнага прэзыдэнта было абмеркавана і было, на мой погляд, мэтазгодна. Давайце паглядзім — і пабачым цэлы шэраг краінаў ва ўсім сьвеце, дзе ёсьць моцныя прэзыдэнты, і краіны пасьпяхова разьвіваюцца. Усё залежыць ад людзей — як яны ставяцца да гэтай пасады, як яны выконваюць абавязкі, якія на іх ускладзеныя. Але часта бывае, што, ня выканаўшы сваіх абавязкаў, яны, наадварот, патрабуюць іх павялічыць.

— Тое, што адбылося ў 96-м, калі была зьмененая Канстытуцыя і быў зьнішчаны падзел уладаў на карысьць адной галіны, выканаўчай, прэзыдэнцкай улады — гэта было нейкім заканамерным працэсам, адлюстраваньнем стану грамадзтва, ці проста адлюстраваньнем асабістай палітычнай волі і рысаў характару Аляксандра Лукашэнкі?

— І тое, і тое. Але калі да ўлады прыходзяць людзі, якія мараць пра ўладу і бачаць усё сваё жыцьцё толькі ва ўладзе — тады гэта заканамерны шлях і вынік. Гэтым людзям чамусьці здавалася, што калі яны будуць асабіста кіраваць краінай, калі ў іх будзе магчымасьць апэратыўна прымаць любыя законы і распараджэньні, не абмяркоўваючы, не ўзгадняючы ні з кім — гэта будзе карысьць для дзяржавы. Гэтых імгненных рашэньняў, указаў і дэкрэтаў напрымалі, а вынік які?

Бо ўсё трэба прымаць узважана, абмяркоўваць калектыўным шляхам. А калі ліквідавалі фактычна падзел галінаў улады, дык маем тое, што маем.

Ня варта чакаць, што гэтая ўлада прапануе зьмены ў Канстытуцыю дзеля дэмакратызацыі грамадзтва

— Лукашэнка ўжо ня першы раз заяўляе, што рыхтуюцца нейкія зьмены ў Канстытуцыю. Аналізуючы эвалюцыю гэтай улады — ці можаце вы прадказаць, якіх зьменаў нам варта чакаць?

— Я разумею, што няма вечных Канстытуцыяў, усё павінна разьвівацца і ўдасканальвацца разам з жыцьцём. І гэтыя зьмены, на мой погляд, павінны былі б датычыць аднаўленьня падзелу ўладаў — на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Бяз гэтага ніякай дэмакратыі ня будзе. Па-другое, трэба абмежаваць паўнамоцтвы прэзыдэнта. Калі наагул не скасаваць гэтую пасаду, дык абмежаваць яе прадстаўнічымі функцыямі.

— Спадар Грыб, гэта тыя зьмены, якія вы хацелі б бачыць. Але я пытаюся, што, на вашую думку, рыхтуюць цяперашнія ўлады, якія зьмены?

— Я ня ведаю, я ніяк не магу зразумець, як улады падыходзяць да гэтых магчымых зьменаў, чым яны гэта матывуюць. Я магу толькі выказаць меркаваньне, што гэта можа быць павелічэньне тэрмінаў паўнамоцтваў прэзыдэнта. Таму што цяпер гэта модна на постсавецкай прасторы. Замест 5 гадоў — 6–7 гадоў.

Падчас «Вялікай размовы» 1 сакавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што рыхтуюцца пэўныя зьмены ў Канстытуцыю
Падчас «Вялікай размовы» 1 сакавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што рыхтуюцца пэўныя зьмены ў Канстытуцыю

Паколькі сёньняшні так званы парлямэнт цалкам кішэнны, то не выключаю, што яму можа быць перададзена права выбіраць прэзыдэнта не ўсеагульнымі выбарамі, а ў гэтым «парлямэнце». Магчыма, могуць быць уведзеныя некаторыя падыходы да прасоўваньня пераемнікаў сёньняшняга прэзыдэнта.

А чакаць, што гэтая ўлада прапануе зьмены дзеля дэмакратызацыі грамадзтва, не даводзіцца.

— Сапраўды, усе дэмакратычныя сілы Беларусі перакананыя, што цяперашняя Канстытуцыя не прапануе падзелу ўладаў, не забясьпечвае дэмакратычнага разьвіцьця краіны. Таму пасьля зьмены ўлады давядзецца альбо ствараць новую Канстытуцыю, альбо аднаўляць старую, 1994 году. Якая ваша думка наконт гэтага? Патрэбны краіне інстытут моцнага прэзыдэнта, ці Беларусі лепей быць парлямэнцкай рэспублікай?

— Я лічу, што Канстытуцыя ў рэдакцыі 1994 году павінна застацца фундамэнтам для любых новых праектаў Канстытуцый. Там вельмі шмат дэмакратычных падыходаў, свабодаў грамадзян.

Было б мэтазгодна, па-першае, падзяліць улады, вызначыць захады, якія давалі б гарантыю раўнапраўнага, самастойнага існаваньня розных галінаў улады. Па-другое, моцную прэзыдэнцкую ўладу адмяніць, яна нам не патрэбная. Частку паўнамоцтваў аддаць ураду, частку — парлямэнту. Двухпалатны парлямэнт Беларусі не патрэбны, падстаў для гэтага ніякіх няма. Увесьці зьмяшаную, мажарытарна-прапарцыйную сыстэму выбараў у парлямэнт.

І галоўнае — абмежаваць паўнамоцтвы прэзыдэнта чыста прадстаўнічымі функцыямі. Хопіць аднаму чалавеку займацца вырашэньнем усіх спраў, бо з гэтага нічога людзкага, нічога добрага.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG