Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін ня стане адказваць на ліст сына атручанай «Новичком» брытанкі


Загінулая Дон Стэрджэс
Загінулая Дон Стэрджэс

На пытаньне журналістаў, ці стане Ўладзімір Пуцін адказваць на ліст сына грамадзянкі Вялікай Брытаніі Дон Стэрджэс, атручанай нэрвова-паралітычным рэчывам «Новичок», адказаў прэс-сакратар кіраўніка Расеі Дзьмітрый Пяскоў.

«Гэта зусім неабавязкова, — перадае «Інтэрфакс» словы Дзьмітрыя Пяскова наконт адказу сыну загінулай ад імя Пуціна. — Рэч у тым, што амбасадар РФ прызначаецца прэзыдэнтам РФ. Уласна ён і ёсьць надзвычайным і паўнамоцным паслом і мае ўсе паўнамоцтвы гаварыць ад імя Расейскай Фэдэрацыі».

Эван Гоўп, 20-гадовы сын загінулай, накіраваў ліст Пуціну 2 сакавіка. Ён прасіў дамагчыся справядлівасьці ў справе аб сьмерці ягонай маці, у тым ліку даць брытанскім паліцыянтам магчымасьць дапытаць падазраваных.

44-гадовая Дон Стэрджэс атрымала сьмяротнае атручэньне 30 чэрвеня 2018 году пасьля таго, як распыліла з флякону з-пад парфумы, знойдзенага на вуліцы, вадкасьць сабе на запясьце. Сьледчыя мяркуюць, што флякон быў з рэчывам «Новичок» і што яго выкінулі ў сакавіку пасьля атручэньня былога расейскага выведніка Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі.

Маскву падазраюць у спрычыненасьці да гэтых атручэньняў. Брытанскія паліцыянты гатовыя выставіць абвінавачаньне двум расейцам, Аляксандру Пятрову і Руслану Башыраву (паводле расьсьледаваньня Bellingcat, іх сапраўдныя імёны — Анатолій Чапіга і Аляксандар Мішкін), якіх называюць агентамі расейскай выведкі і непасрэднымі выканаўцамі злачынства. Пуцін асабіста адмаўляў гэта.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG