Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Bellingcat: другі падазраваны ў атручэньні Скрыпаля — таксама Герой Расеі


Аляксандр «Пятроў»-Мішкін

Аляксандр Мішкін, які паводле групы журналісцкіх расьследаваньняў Bellingcat зьяўляецца вайсковым лекарам і супрацоўнікам вайсковай выведкі (Галоўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Міністэрства абароны Расеі), падазраваным ў атручэньні былога палкоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля ў Солсбэры, аказаўся яшчэ і Героем Расеі.

Пра гэта распавёў супрацоўнік групы Bellingcat Хрыста Гроздэў на прэс-канфэрэнцыі ў Лёндане. Паводле яго словаў, Мішкін атрымаў гэтую найвышэйшую расейскую дзяржаўную ўзнагароду ў 2014 годзе.

На прэс-канфэрэнцыі прадстаўнікі Bellingcat распавялі падрабязнасьці свайго расьсьледаваньня пра Аляксандра Мішкіна, апублікаванага пазьней на сайце групы. Мішкін, як сьцьвярджаецца, зьяўляецца тым чалавекам, якога пад імем «Аляксандра Пятрова» брытанская паліцыя абвінавачвае ў замаху на Сяргея Скрыпаля і яго дачку Юлію ў Солсбэры.

Галоўнай «зачэпкай» экспэртаў было імя Аляксандра Пятрова, пад якім ён прыехаў у Вялікабрытанію. Экспэрты вывучылі усіх Аляксандраў з адпаведнымі датамі нараджэньня ў базах дадзеных Масквы і Пецярбурга і знайшлі адпаведнага чалавека.

Фотаздымак пашпарта Мішкіна быў атрыманы ад крыніцы. Зь дзясятка людзей, якія зьвязаліся з Bellingcat, двое сказалі, што добра ведалі Мішкіна. Прадстаўнік групы таксама пабываў у роднай вёсцы Мішкіна. Сем яе жыхароў сказалі, што ведаюць яго як вядомага лекара і героя Расеі.

Адна з жыхарак роднай вёскі Мішкіна распавяла, што ў яе ёсьць фатаграфія, на якой прэзыдэнт Пуцін цісьне руку Мішкіну і ўручае яму ўзнагароду. Але жыхарка зьнікла зь вёскі незадоўга да прыезду туды сьледчых, сьцьвярджае прадстаўнік Bellingcat.

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Крэмль ня будзе камэнтаваць інфармацыі пра асобу Мішкіна.

Раней стала вядома, што званьнем героя Расеі быў узнагароджаны Анатоль Чапіга, падобны да іншага падазраванага ў атручэньні Сяргея і Юліі Скрыпалёў «Навічком» — «Руслана Башырава».

Тым часам група Conflict Intelligence Team сьцьвярджае, што ўстанавіла яшчэ адзін факт, які пацьвярджае сувязь паміж палкоўнікам Анатолем Чапігам і Аляксандрам Мішкіным. Паводле гэтай групы, на імя Анатоля Чапігі быў зарэгістраваны аўтамабіль Mercedes Benz, а ў траўні сёлета ён быў прададзены Аляксандру Мішкіну.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG