Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ультыматум Мядзьведзева» — 2


Дзьмітры Мядзьведзеў

Сьцісла:

  • Прэм’ер Расеі не ўспрыняў словы Лукашэнкі пра адзіную валюту з эмісійным цэнтрам у Пецярбургу як згоду на рэалістычную інтэграцыю
  • Масква прыняла тактыку Менску на зацягваньне перамоваў аб далейшай інтэграцыі
  • Мядзьведзеў канстатаваў, што ў двухбаковых адносінах бракуе даверу, які ў свой час ляжаў у падмурку стварэньня Эўразьвязу
  • Канстатацыя наконт паглыбленай інтэграцыі, што ў яе «сілком зацягнуць нікога немагчыма» — прызнаньне, можа быць, і неканчатковае, што несілком яна для Беларусі непрымальная

Прэмʼер РФ Дзьмітры Мядзьведзеў адрэагаваў на заявы Аляксандра Лукашэнкі наконт двухбаковых адносінаў, зробленыя падчас «вялікай размовы з прэзыдэнтам» і пасьля яе.

Варта нагадаць, што цяперашні крызіс у публічнай сфэры пачаўся з прапановы менавіта Мядзьведзева, якая прагучала летась у Берасьці 13 сьнежня — альбо паглыбленьне інтэграцыі, альбо скарачэньне расейскай дапамогі.

На гэты конт потым выказваліся многія, у тым ліку і расейскі прэмʼер, аднак цяпер ён у пэўным сэнсе падвёў вынікі амаль трохмесячнага дужаньня вакол яго берасьцейскага «ўльтыматуму».

Валютная інтэграцыя па Лукашэнку: ня ехаць, а шашачкі

Некаторыя СМІ, і ня толькі расейскія, успрынялі словы Лукашэнкі пра гатоўнасьць на адзіную валюту з эмісійным цэнтрам у Санкт-Пецярбургу як канчатковую згоду на расейскія прапановы, некаторыя — як капітуляцыю. Аднак гэтыя мэдыя не зьвярнулі ўвагі на дадатак — што агульная валюта павінная ўводзіцца на роўных, роўнапраўных умовах. Інакш кажучы, мы вам — палову Беларусі, а вы нам (мне) — палову Расеі.

Мядзьведзеў якраз сэнс «згоды» саюзьніка зразумеў. Радавацца посьпеху, перамозе сваёй лініі ён ня стаў — «Бессэнсоўна казаць пра тое, дзе будзе эмісійны цэнтар, як будзе называцца валюта, пакуль ня будзе праведзеная нудная праца па ўзгадненьні асноўных дакумэнтаў, на базе якіх гэты саюз павінен працаваць».

Бо посьпеху і няма. А «нудная праца» ня можа замяніць рашэньне на палітычным узроўні. А яно — і сапраўды не пра тое, дзе фізычна разьмесьціць эмісійны цэнтар. Ды хоць на Курылах можна, хоць у Берасьці ці Віцебску. Яно пра тое — чый кантроль. А ў гэтым пытаньні згоды Лукашэнкі няма. Ёсьць згода на «шашачкі».

Але ў сваю чаргу згода, агучаная Мядзьведзевым, на «нудную працу» — гэта фактычна згода на беларускую тактыку зацягваньня перамоваў. Менск ня можа наўпрост адмовіцца ад прапановаў саюзьніка і ня хоча на іх пагаджацца. Ён хацеў бы ўтапіць іх у бясконцым абмеркаваньні.

Калі судзіць па словах Мядзьведзева Масква, прынамсі пакуль, ня супраць гуляць па гэтых правілах.

Чаму саюзная дзяржава не Эўразьвяз?

Выпады Лукашэнкі, яго крытыка на адрас Расеі, выклікала цікавы камэнтар, асабліва пікантны з улікам умоваў — Мядзьведзеў казаў пра беларуска-расейскія адносіны пасьля перамоваў з калегам зь Люксэмбургу.

«Мне здаецца, што над гэтым трэба працаваць, а не проста казаць пра тое, што "відавочна Расея нічога ня хоча, гэта ўсё для прыкрыцьця". Калі б так разважалі бацькі-заснавальнікі Эўрапейскага Зьвязу, то ніякага Эўрапейскага Зьвязу не было б».

Напэўна, для спадара Мядзьведзева не сакрэт, што ад бацькоў-заснавальнікаў ЭЗ істотна адрозьніваецца ня толькі Лукашэнка, але і ён сам і ў цэлым расейская кіроўная эліта.

Расейскі прэмʼер слушна дадаў. «Увогуле любы саюз заснаваны на даверы, а не на камэнтарах пра тое, у чым мы кагосьці падазраём, што там прыбеглі і на вуха сказалі. Ня вельмі добры шлях».

«Прыбеглі і на вуха сказалі» — выглядае рэакцыяй на асабістую крытыку, на расповеды Лукашэнкі, як праз пазыцыю Мядзьведзева, калі той быў прэзыдэнтам РФ, Беларусь не прызнала незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.

А наконт даверу — дык і сапраўды, усялякія непажаданыя камэнтары сьведчаць пра тое, што яго няшмат.

«Сілком туды зацягнуць нікога немагчыма»

У сваіх адказах расейскі прэмʼер вярнуўся да свайго ўльтыматуму 13 сьнежня 2018 году, крыху па-іншаму расставіўшы акцэнты. Ён нагадаў, што і тады прапаноўваў два варыянты — «прасунуты», з паглыбленьнем інтэграцыі, і «кансэрватыўны». Сэнс апошняга ён паўтарыў і сёньня «мы можам застацца ў рамках дамовы і стварыць ня вельмі аб’ёмны саюз, але які дае пэўныя перавагі абодвум бакам аб’яднаньня».

«Пэўныя» — як можна зразумець, ня надта «абʼёмныя», не такія, на якія Беларусь спадзявалася.

А пра паглыбленьне інтэграцыі расейскі прэмʼер сказаў. «Гэта можа здарыцца, толькі калі будзе згода двух бакоў. Сілком туды зацягнуць нікога немагчыма».

Добра, што прынамсі на рытарычным узроўні канстатуецца, што сілком туды зацягнуць немагчыма.

Разьвіцьцё крызісу ў двухбаковых адносінах, рэакцыя Менску, сьведчыць пра тое, што менавіта добраахвотнай згоды беларускага боку ня будзе.

У сьнежні Крэмль вуснамі Мядзьведзева агучыў дылему для Менску, прапанаваў зрабіць выбар. Магчыма, сёньняшнія заявы прэмʼера Расеі — сьведчаньне таго, што ў Крамлі зразумелі, што Менск выбар зрабіў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG