Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь трапіла ў сьпіс небясьпечных краінаў для гей-падарожжаў


Ілюстрацыйнае фота. Гей-прайд у Кіеве, 2018 год
Ілюстрацыйнае фота. Гей-прайд у Кіеве, 2018 год

У рэйтынгу краінаў для гей-падарожжаў Index Gay Travel 2019 Беларусь заняла 137-е месца з 197 дзяржаваў і рэгіёнаў.

Кампанія Spartacus Travel склала чарговы рэйтынг стаўленьня насельніцтва розных краінаў да ЛГБТ-супольнасьці. Беларусь у ім заняла 137-е месца, што характарызуе краіну як небясьпечную для гей-падарожжаў. На аналягічнай пазыцыі ў рэйтынгу апынуліся такія краіны, як Бахрэйн, Бурундзі, Грэнада, Гвіяна, Кот-д’Івуар, Аман, Парагвай і Сьера-Леонэ.

Варта адзначыць, што яшчэ год таму ў рэйтынгу за 2018 год Беларусь займала 121-е месца.

Трыма найбольш прыязнымі да прадстаўнікоў ЛГБТ краінамі, паводле рэйтынгу, зьяўляюцца Канада, Партугалія і Швэцыя.

Найбольш небясьпечныя краіны для ЛГБТ-падарожжаў — Чачэнія (займае апошняе, 197-е месца ў рэйтынгу), а таксама Самалі, Саудаўская Арабія і Іран, дзе, як адзначаюць аўтары рэйтынгу, «гомасэксуалісты шырока перасьледуюцца і знаходзяцца пад пагрозай сьмерці».

Сярод постсавецкіх краін самымі небясьпечнымі краінамі для ЛГБТ-супольнасьці лічацца Туркмэністан (179-е месца), Узбэкістан і Расея (159-е месца).

Сярод краінаў-суседак Беларусі лепшыя месцы ў рэйтынгу занялі Літва (57-е месца) і Латвія (68-е). Украіна ў сьпісе заняла 95-ю пазыцыю, Польшча — 83-ю.

Рэйтынг складзены з выкарыстаньнем 14 крытэраў у 3 катэгорыях:

  • грамадзянскія правы (ці дазволена геям і лесьбіянкам браць шлюб і ўсынаўляць дзяцей, ці існуюць антыдыскрымінацыйныя законы, правы трансгендэраў, ці аднолькавы ўзрост згоды прымяняецца як да гетэрасэксуальных, так і да гомасэксуальных параў);
  • любыя віды дыскрымінацыі (рэлігійны ўплыў, абмежаваньні на паездкі для ВІЧ-інфікаваных, анты-гей-законы, крымінальная адказнасьць за гомасэксуалізм, забарона гей-прайдаў, варожасьць насельніцтва);
  • што пагражае прадстаўнікам ЛГБТ-супольнасьці (судовы перасьлед, забойствы і сьмяротныя прысуды).

МУС і сэкс: што адбывалася апошнім часам

  • 17 траўня 2018 году, у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, амбасады Вялікай Брытаніі і ЗША ў Менску вывесілі вясёлкавыя сьцягі.
  • 20 траўня 2018 Міністэрства ўнутраных спраў апублікавала заяву, дзе назвала аднаполыя адносіны падробкай.
  • 21 траўня кіраўнік МУС Ігар Шуневіч назваў вывешваньне міжнароднага сымбаля ЛГБТ-супольнасьці прапагандай «непрымальнага» ладу жыцьця.
  • 7 чэрвеня 2018 Шуневіч заявіў, што «ахова маральнасьці» — гэта функцыя МУС, хоць такой функцыі ў законе «Аб органах унутраных спраў» няма.
  • Улетку супрацоўнікі міліцыі неаднаразова ладзілі аблавы на закрытыя ЛГБТ- і сьвінг-вечарыны, удзельнікаў затрымлівалі.
  • У сьнежні 2018 году ў інтэрвію тэлеканалу АНТ Шуневіч назваў частку грамадзян Беларусі «дзіравымі». Некаторыя ўспрынялі гэтае выказваньне як адрасаванае ЛГБТК+ супольнасьці. Праваабарончы цэнтар «Вясна» назваў гэтае выказваньне гамафобным і патрабавала прыцягнуць Шуневіча да крымінальнай адказнасьці. Генпракуратура назвала выказваньне «асабістым меркаваньнем».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG