Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Украінцы гатовыя прагаласаваць за віртуальнага пэрсанажа»


Віталі Портнікаў
Віталі Портнікаў

Сабраўшы калегаў на эфір, прысьвечаны будучым прэзыдэнцкім выбарам ва Ўкраіне, я быў уражаны тым таму, наколькі хутка наша абмеркаваньне перайшло выключна да тэмы росту рэйтынгу шоўмэна Ўладзіміра Зяленскі і яго магчымых электаральных пэрспэктываў.

Традыцыйныя сюжэты — пра тое, якой можа быць барацьба паміж іншымі вядучымі прэтэндэнтамі на перамогу — дзеючым кіраўніком дзяржавы Пятром Парашэнкам і былым прэм’ер-міністрам Юліяй Цімашэнкай — адступілі на другі плян. І гэта нягледзячы на тое, што да выбараў яшчэ некалькі тыдняў, нічога ня вырашана і мы ня можам нават сказаць дакладна, хто патрапіць у другі, вырашальны тур галасаваньня.

Але цікавасьць журналістаў да постаці Зяленскага і да лёгікі сымпатыяў ягоных прыхільнікаў лёгка вытлумачальная. Ва ўкраінскім палітычным жыцьці было шмат чаго, але нічога, што хаця б крыху нагадвала посьпех Уладзіміра Зяленскага, не было ніколі.

Зрэшты, нічога падобнага не было і ў постсавецкай палітыцы. Калі Зяленскі сапраўды дабʼецца перамогі, калі ён хоць бы выйдзе ў другі тур, можна будзе сказаць, што ўкраінцы — як гэта ні парадаксальна прагучыць — адкрываюць новую частку палітыкі, палітыкі віртуальнай, максымальна аддаленай ад рэальнасьці. А можа быць, уся палітыка будучага будзе такой?

Могуць сказаць, што я перабольшваю навізну Ўладзіміра Зяленскага. Хіба не было ў палітыцы шоўмэнаў? Хіба Ўладзімір Жырыноўскі не зьяўляўся на эстрадзе? Хіба Дональд Трамп ня вёў тэлевізійныя шоў? Хіба яшчэ адзін зь вядомых кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны, Алег Ляшко, не выконвае ў сацыяльных сетках папулярныя песьні? Палітыкам сёньня наогул не чужы эпатаж, і чаму, калі палітык можа быць шоўмэнам, шоўмэн ня можа быць палітыкам?

Але ў тым і справа, што і Трамп, і Жырыноўскі, і Ляшко выкарыстоўвалі тэлевізійныя шоў для таго, каб адцяніць свае асабістыя якасьці, для таго, каб прадэманстраваць патэнцыйнаму электарату ці проста гледачам сябе, а ня выдуманых пэрсанажаў. Трамп на тэлевізійным экране граў Трампа, Жырыноўскі і на сцэне заставаўся Жырыноўскім, Ляшко — заўсёды Ляшко. Гэтыя людзі акторы роўна настолькі, наколькі артыстычны кожны з нас. І нават вядомыя прафэсійныя комікі, калі станавіліся палітыкамі, гралі на палітычнай сцэне выключна саміх сябе, а не сваіх герояў — і гэтым, толькі гэтым былі цікавыя свайму электарату.

Украінцы могуць стаць першым народам, гатовым прагаласаваць за віртуальны пэрсанаж — хай нават пакуль што з плоці і крыві, таму што ў будучыні, магчыма, мы будзем абыходзіцца звычайнымі галяграмамі. Бо Зяленскі перш за ўсё выконвае ролю — менавіта гэтым ён цікавы свайму электарату. Прычым «палітычная»папулярнасьць Зяленскага пачала расьці менавіта пасьля таго, як з выканаўцы скетчаў ён стаў выканаўцам ролі прэзыдэнта-выпадковасьці Галабародзькі ў тэлесэрыяле «Слуга народу».

Галабародзька, просты чалавек, які ніколі не займаўся палітыкай і не разумее, што такое кіраваньне дзяржавай, эфэктна расстрэльвае парлямэнт на вачах спрактыкаванай публікі — прыкладна як у Ерэване ў 1999 годзе, толькі назнарок. І менавіта гэтыя кадры, варʼяцкія паводле сваёй жорсткасьці, бессэнсоўнасьці і глупства, сталі вызначальнымі ў палітычнай карʼеры Ўладзіміра Зяленскага, а дакладней, ягонага тэлевізійнага пэрсанажа, які зьяўляецца лідарам сёньня ў перадвыбарчых рэйтынгах.

Таму што прыхільнікі Зяленскага ў масе сваёй рыхтуюцца прагаласаваць не за яго. Яны рыхтуюцца прагаласаваць менавіта за Галабародзьку. І чарговы сэзон сэрыялу «Слуга народу» павінен стаць галоўным козырам удачлівага прэтэндэнта.

Сам жа Зяленскі застаецца практычна невядомым ні сваім прыхільнікам, ні сваім апанэнтам. Пасьля першага ж вялікага тэлевізійнага інтэрвію, якое прадэманстравала, наоклькі далёкі кандыдат ад разуменьня нават не надзённых праблем кіраваньня краінай, але самой сутнасьці мастацтва дзяржаўнага кіраваньня, Зяленскі стараецца радзей зьяўляцца на тэлеэкранах «па-за вобразам» — і, між іншым, слушна робіць.

«Жывы», сапраўдны Зяленскі патрэбны толькі ягоным сапернікам, прыхільнікам ён зусім не цікавы. Калі запытацца ў прыхільніка пра самога Зяленскага, ён скажа ў адказ некалькі дзяжурных фраз — пра тое, што ў ягонага выбраньніка юрыдычная адукацыя, і пра тое, што ён стварыў свой бізнэс (маецца на ўвазе Студыя «95 квартал», якая вырасла з адной з камандаў украінскага КВЗ).

Але прыкладна тое ж самае заўсёды кажуць аб любым чалавеку, які зьяўляецца на ўкраінскай палітычнай сцэне. Дыплём і бізнэс — гэта якраз доказ таго, што Зяленскі ня проста актор, што ён такі ж патэнцыйны кіраўнік, як і ўсе астатнія. Але важна ў ім зусім ня гэта, а тое, што ён робіць у сваім сэрыяле. Прыхільнікам патрэбны Галабародзька, і толькі ён.

Таму тое, што кажа «сапраўдны» Зяленскі, успрымаецца ўсурʼёз толькі тады, калі ўпісваецца ў сцэнар тэлевізійнага сэрыялу. Але калі ня ўпісваецца, то проста не заўважаецца, як быццам і няма гэтага.

Галабародзька езьдзіць ў сэрыяле на ровары, а Зяленскі разьяжджае на раскошнай машыне з аховай, прадстаўленай фірмай алігарха Ігара Каламойскага. Але ў сьвядомасьці гледача, які стаў выбаршчыкам, застаецца толькі ровар. Менавіта на гэтым ровары Ўладзімір Зяленскі і можа ўехаць у рэзыдэнцыю ўкраінскага прэзыдэнта. Ягоны выбаршчык не заўважыць кавалькаду дарагіх аўтамабіляў, алігархаў з усьмешкамі і хітра прыжмураных чыноўнікаў, якія ўжо рыхтуюцца заняць свае месцы ва ўладзе ў выпадку магчымай перамогі «народнага кандыдата».

Не заўважыць менавіта таму, што ў сэрыяле побач з Галабародзькам іх не было.

Затое быў ровар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG