Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гуайдо паабяцаў вярнуцца ў Вэнэсуэлу, нягледзячы на пагрозу арышту


Хуан Гуайдо, архіўнае фота
Хуан Гуайдо, архіўнае фота

Лідэр вэнэсуэльскай апазыцыі Хуан Гуайдо, які абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам, паабяцаў вярнуцца ў родную краіну пасьля «забароненага туру» па Лацінскай Амэрыцы, расказвае Reuters.

Хуан Гуайдо заклікаў прыхільнікаў выйсьці на вуліцы зранку 4 сакавіка (11 гадзінаў па вэнэсуэльскім часе — 18 у Беларусі), калі ён плянуе вярнуцца ў Вэнэсуэлу. Дома адносна яго правозіцца расьсьледаваньне ў сувязі з парушэньнем забароны пакідаць краіну.

Забарону абвясьціў Вярхоўны суд, які падтрымлівае дзейнага кіраўніка дзяржавы Нікаляса Мадура (сам Мадура ўсклаў рашэньне пра арышт Гуайдо на гэты суд). Нягледзячы на забарону, Гуайдо паехаў у Калюмбію, адкуль спрабаваў накіраваць на радзіму канвоі гуманітарнай дапамогі, а затым паехаў па іншых краінах Лацінскай Амэрыкі, у тым ліку сустрэўся зь віцэ-прэзыдэнтам Злучаных Штатаў Амэрыкі Майкам Пэнсам.

У пятніцу ЗША ўзмацнілі ціск на Вэнэсуэлу, увёўшы санкцыі супраць шасьці высокапастаўленых чыноўнікаў у структурах бясьпекі гэтай краіны і адклікаўшы візы ў дзясяткаў іншых важных афіцыйных асобаў. Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША заявіла, што санкцыі ёсьць адказам вэнэсуэльскім вайсковым чыноўнікам, якія на заблякавалі намаганьні апазыцыі даставіць у краіну гуманітарную дапамогу.

Цяпер памочнік прэзыдэнта ЗША Джон Болтан паабяцаў: на любыя пагрозы або дзеяньні адносна бясьпечнага вяртаньня Гуайдо дамоў будзе «моцны і значны адказ ад ЗША і міжнароднай супольнасьці».

Што трэба ведаць пра крызіс у Вэнэсуэле

  • 23 студзеня 2019 году на фоне канстытуцыйнага і эканамічнага крызісу ў Вэнэсуэле старшыня парлямэнту Хуан Гуайдо абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам і прынёс прысягу на мітынгу апазыцыі ў Каракасе. Апазыцыя не прызнала вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2018 году, на якіх афіцыйна перамог дзейны прэзыдэнт Нікаляс Мадура.

Хто такі Хуан Гуайдо — новы лідэр апазыцыі Вэнэсуэлы, які абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам

  • Гуайдо прызналі законным прэзыдэнтам амаль усе краіны Лацінскай Амэрыкі (акрамя Балівіі і Кубы), ЗША, Аўстралія, Канада і Ізраіль. 31 студзеня «адзіным і законным часовым прэзыдэнтам» Вэнэсуэлы Гуайдо прызнаў Эўрапарлямэнт. Дзейнага прэзыдэнта Нікаляса Мадура лічаць легітымным Расея, Кітай, Куба і Мэксыка.
  • Беларускія ўлады заявілі, што «вэнэсуэльскі народ можа самастойна справіцца зь цяжкасьцямі, якія ўзьніклі, без ўмяшаньня звонку».
  • 26 сьнежня 2019 году легітымным прэзыдэнтам краіны Гуайдо прызнаў вайсковы аташэ Вэнэсуэлы ў Вашынгтоне палкоўнік Хасэ Луіс Сілва. Ён стаў першым высокапастаўленым вайскоўцам і дыпляматам рэспублікі, якія пайшлі на такі крок. Большая частка высокапастаўленых чыноўнікаў і вайскоўцаў захавалі ляяльнасьць Мадура. ​
  • 28 студзеня 2019 году ЗША ўвялі санкцыі супраць вэнэсуэльскай дзяржаўнай нафтавай кампаніі, каб узмацніць ціск на ўрад Мадура. Гуайдо заявіў, што бярэ кантроль над замежнымі актывамі Вэнэсуэлы, каб ня даць Мадура магчымасьці «спустошыць скарбонку».
  • У адказ Вярхоўны суд Вэнэсуэлы пачаў у дачыненьні да Гуайдо расьследваньне ў сувязі з «актамі гвалту, якія адбыліся ў краіне». Яму забаранілі выезд з Вэнэсуэлы і заблякавалі доступ да банкаўскіх рахункаў.
  • 29 студзеня Мадура заявіў у інтэрвію расейскім СМІ, што «гатовы сесьці за стол перамоваў з апазыцыяй». Аднак перамовы паміж ўрадам Вэнэсуэлы і апазыцыяй пачаліся толькі ў жніўні 2021 году, у Мэксыцы.
  • Эканамічны крызіс у Вэнэсуэле цягнецца з 2013 году, калі да ўлады прыйшоў Мадура. Па эканоміцы краіны моцна ўдарыла падзеньне цэнаў на нафту, але ўлады вінавацяць у праблемах ЗША. За першы прэзыдэнцкі тэрмін Мадура інфляцыя склала больш як 2 000 000 000% (перад дэнамінацыяй цэны вымяраліся ў мільёнах), валавы ўнутраны прадукт зьменшыўся на 45%, з краіны эмігравала 10% насельніцтва — каля 3 млн чалавек. Сярэдняя вага вэнэсуэльца праз праблемы з харчаваньнем зьменшылася на 11 кг.
  • Вэнэсуэльцы рэгулярна выходзілі на акцыі пратэсту, у якіх бралі ўдзел дзясяткі тысячаў, а часам і сотні тысячаў чалавек. Праходзілі ня толькі палітычныя пратэсты, але і галодныя бунты. У сутыкненьнях гінулі людзі, самым крывавым стаў 2017 год, калі былі зафіксаваныя сьмерці 164 чалавек.
  • У 2016 годзе парлямэнт запусьціў працэдуру імпічмэнту Мадура, але імпічмэнт заблякаваў Вярхоўны суд, які пазьней фармальна пазбавіў улады Нацыянальную асамблею. У 2017 годзе Мадура склікаў Канстытуцыйную асамблею як замену парлямэнту, але яе не прызнала вэнэсуэльская апазыцыя і большасьць краінаў сьвету.
  • У 2018 годзе Мадура афіцыйна перамог на датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах, інаўгурацыя на другі 6-гадовы тэрмін прайшла 10 студзеня. Вынікі не прызнала апазыцыя, якая байкатавала выбары і абвясьціла «маральную перамогу». Таксама вынікі выбараў не прызналі ЗША, Канада, Аўстралія і шэраг краінаў Лацінскай Амэрыкі.

Падрабязьней >>>

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG