Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне за месяц да выбараў успыхнуў карупцыйны скандал, апазыцыя хоча імпічмэнту Парашэнкі


Ілюстрацыйнае фота. Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка выступае ва ўкраінскім парлямэнце. Кіеў, 19 лютага 2019 году
Ілюстрацыйнае фота. Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка выступае ва ўкраінскім парлямэнце. Кіеў, 19 лютага 2019 году

Журналісты абвінавацілі атачэньне прэзыдэнта Пятра Парашэнкі ў раскраданьні абароннага бюджэту. Скандал падхапілі апазыцыйныя кандыдаты на выбарах прэзыдэнта Ўкраіны 31 сакавіка.

Журналісты праграмы «Нашы грошы» абнародавалі схему раскраданьня бюджэтных сродкаў, прызначаных для абароннай прамысловасьці. Паводле журналісцкага расьсьледаваньня, яе арганізатарам стаў сын першага намесьніка сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Алега Гладкоўскага Ігар.

Алег Гладкоўскі — адзін з найбліжэйшых бізнэс-партнэраў прэзыдэнта Пятра Парашэнкі, саўладальнік холдынгу «Укрпрамінвэст», які аб’ядноўваў актывы кандытарскіх фабрык, банкаўскіх устаноў і аўтарамонтных заводаў.

Паводле журналістаў, сын Алега Гладкоўскага Ігар разам са сваімі калегамі ў 2015 годзе пачалі пастаўляць запчасткі на абаронныя заводы Ўкраіны з нацэнкай у 200-400%, прычым яны набываліся або ў Расеі і кантрабандай увозіліся на ўкраінскую тэрыторыю, або непасрэдна на складах украінскага войска на падставе кантрактаў між гэтак званымі «кампаніямі-пракладкамі» і абароннымі прадпрыемствамі канцэрну «Укроборонпром». Атрыманыя сродкі праводзіліся праз канвэртацыйныя цэнтры, а частка прыбытку ішла на «адкаты» дырэктарам заводаў і праваахоўнікам.

Журналісты сьцьвярджаюць, што некаторыя апэрацыі праводзіліся нават праз завод «Кузьня на Рыбальскім», які раней належаў прэзыдэнту Пятру Парашэнку і ягоным партнэрам. У лістападзе 2018-га гэты завод выкупіў Сяргей Цігіпка — віцэ-прэм’ер-міністар і міністар сацыяльнай палітыкі ва ўрадзе Міколы Азарава (2010-2012 гг.).

Чаму расьсьледаваньне зьявілася перад выбарамі

Аўтары расьсьледаваньня заяўляюць, што выхад праграмы не прывязаны да выбараў — яны вывучалі тэму выкарыстаньня сродкаў «абаронкі» з 2017 году. Увосень 2018-га яны атрымалі ананімны ліст з архівам ліставаньня Ігара Гладкоўскага з партнэрамі, дзякуючы якому змаглі супаставіць факты з рэальнымі закупкамі і кантрактамі абаронных прадпрыемстваў. Паводле іх, арганізатары схемы маглі зарабіць на іх ня менш як 250 мільёнаў грыўняў (10 мільёнаў даляраў).

Адметна, што некаторыя факты, абнародаваныя журналістамі, вывучаліся праваахоўнымі органамі яшчэ з 2015 году.

Рэакцыя ў Парашэнкі: перадвыбарчыя маніпуляцыі

Асабіста Пятро Парашэнка не адрэагаваў на журналісцкае расьсьледаваньне. Пра ягоную пазыцыю паведаміў прэсавы сакратар Сьвятаслаў Цаголка: прэзыдэнт падтрымлівае адхіленьне Алега Гладкоўскага ад выкананьня абавязкаў першага намесьніка сакратара РНБА на час правядзеньня расьсьледаваньня і патрабуе ад праваахоўных органаў тэрміновай праверкі вынікаў журналісцкага расьсьледаваньня.

Алег Гладкоўскі сам напісаў заяву аб прыпыненьні сваіх паўнамоцтваў і зьвярнуўся да Галоўнай вайсковай пракуратуры і Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро з просьбай тэрмінова праверыць інфармацыю журналістаў.

Алег Мядзьведзеў
Алег Мядзьведзеў

Сьпікер выбарчага штабу Парашэнкі Алег Мядзьведзеў перакананы, што расьсьледаваньне журналістаў інсьпіравана апанэнтамі Пятра Парашэнкі:

«У дадзеным выпадку гэта стоадсоткавая перадвыбарная тэхналёгія, таму што да выбараў застаецца месяц. Безумоўна, такія рэчы закліканы ня столькі высьветліць нейкія факты і даведацца праўду, як паўплываць на расстаноўку выбарчых сіл».

Імпічмэнт, які немагчымы

Галоўны апанэнт Пятра Парашэнкі на выбарах лідэрка партыі «Бацькаўшчына» Юлія Цімашэнка адразу пачала патрабаваць імпічмэнту. Але за месяц да выбараў гэтую працэдуру завершыць немагчыма — некаторыя яе элемэнты ня толькі не ўнармаваныя заканадаўствам, але патрабуюць як мінімум паўгода. І для гэтага недастаткова сабраць подпісы ў парлямэнце — у працэс мае быць уключаны Канстытуцыйны суд і Вярхоўны суд Украіны.

Што трэба ведаць пра прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне

  • Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбыліся ў два туры 31 сакавіка і 21 красавіка 2019 году.
  • Па выніках першага туру найбольш галасоў набралі шоўмэн Уладзімір Зяленскі (за яго прагаласавалі 30,24% выбарнікаў) і дзейны кіраўнік краіны Пятро Парашэнка (15,95%). На трэцім месцы па выніках галасаваньня апынулася Юлія Цімашэнка — 13,40%, далей ідуць Юры Бойка (11,67%) і Анатоль Грыцэнка (6,91%).
  • У другім туры перамог Зяленскі. Паводле папярэдніх вынікаў, ён набраў звыш 73% галасоў, Парашэнка атрымаў каля 24,5%.
  • Прэзыдэнт Украіны выбіраецца на ўсенародных выбарах на пяць гадоў. На гэтую пасаду, як і ў Беларусі, можа прэтэндаваць любы грамадзянін, якому споўнілася 35 гадоў. Заканадаўства абмяжоўвае магчымасьць балятавацца больш чым на два тэрміны.
  • Ва Ўкраіне парлямэнцка-прэзыдэнцкая форма праўленьня. Як вынік, прэзыдэнт мае абмежаваныя паўнамоцтвы: ён прызначае кіраўнікоў сілавых структураў (Службы бясьпекі, Міністэрства абароны, генэральнага пракурора), мясцовых дзяржаўных адміністрацый. Склад ураду і прэмʼер-міністра выбірае парлямэнт, але кандыдатуру на разгляд Вярхоўнай Рады ўносіць прэзыдэнт на падставе прапановы ўрадавай кааліцыі, сфармаванай у Вярхоўнай Радзе пасьля парлямэнцкіх выбараў.
Ілюстрацыйнае фота. Выбары ва Ўкраіне
Ілюстрацыйнае фота. Выбары ва Ўкраіне
  • Прэзыдэнт Украіны не адказвае за эканамічную палітыку, але практычна ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты ў часе выбарчай кампаніі маніпулююць выбарнікамі, абяцаючы зьніжэньне тарыфаў, цэнаў, а таксама павелічэньне заробкаў і пэнсій. У той жа час кіраўнік дзяржавы мае права накладваць вэта на законы, ухваленыя парлямэнтам, і пастановы ўраду ў выпадку іх неадпаведнасьці Канстытуцыі.
  • Прэзыдэнт Украіны вызначае замежную палітыку і, адпаведна, прызначае міністра замежных спраў.
  • Адначасова прэзыдэнт Украіны зьяўляецца галоўнакамандуючым Узброеных сілаў і старшынёй Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, склад якой таксама вызначае кіраўнік дзяржавы.
  • Сёлетнія выбары былі найбольш канкурэнтнымі за ўсю гісторыю незалежнасьці Ўкраіны — для рэгістрацыі кандыдатам у Цэнтральную выбарчую камісію зьвярнуліся амаль 90 грамадзян, былі зарэгістраваныя 44 кандыдаты. Гэта найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта за ўсе гады незалежнасьці краіны: у 1999 годзе ў выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ўдзельнічалі 13 кандыдатаў, у 2004-м — 24, у 2010-м — 18, у 2014-м — 21.
Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG