ЗША рыхтуюцца да дадатковага ціску на рэжым Мадура, — дзяржсакратар Майк Пампэо

Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо
Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо

Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо ў інтэрвію тэлеканалу CNN заявіў, што ЗША прыменяць далейшыя захады для ціску на афіцыйнага прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаляса Мадура, пасьля таго як некалькі чалавек загінулі ў сутыкненьнях з вайскоўцамі, што блякуюць пастаўкі гуманітарнай дапамогі ў краіну, паведамляе «Голас Амэрыкі».

ЗША і шэраг іншых краін не прызналі аднаўленьня Нікаляса Мадура на пасадзе прэзыдэнта падчас апошніх выбараў і падтрымалі лідэра апазыцыі Хуана Гуайдо, які абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам краіны.

«Павінна быць больш санкцый. Я думаю, што мы можам даць больш гуманітарнай дапамогі», — заявіў Майк Пампэо ў інтэрвію Джэйку Тэпэру ў праграме «Стан дзяржавы» ў нядзелю.

Напярэдадні дзяржаўны сакратар апублікаваў заяву, у якой асудзіў напады на мірных жыхароў Вэнэсуэлы, якія прывялі да сьмерці і траўмаў. «Мы выказваем глыбокія спачуваньні сем’ям загінулых у выніку гэтых злачынных дзеяньняў і далучаемся да патрабаваньняў да правасудзьдзя», — гаворыцца ў заяве.

Крывавымі сутыкненьнямі завяршыліся спробы вэнэсуэльскіх актывістаў даставіць гуманітарны груз з суседніх Калюмбіі і Бразыліі. Пацьверджаная сьмерць сама меней двух чалавек, больш за 300 атрымалі раненьні. Урадавыя войскі прэзыдэнта Мадура заблякавалі масты і дарогі, стралялі з траўматычнай зброі і распылялі сьлезацечны газ, каб спыніць спробы перасячэньня межаў.

​
XS
SM
MD
LG