У Чыкага паліцыя затрымала вядомага сьпевака і музычнага прадусара Ар Кэлі. Яго абвінавачваюць у дзесяці эпізодах сэксуальнага гвалту, у тым ліку і над непаўналетнімі. BBC паведамляе, што артыст здаўся паліцыі, але вінаватым сябе ня лічыць. Яго зьмясьцілі пад арышт.
Ар Кэлі абвінавачваюць у злачынствах сэксуальнага характару, як мяркуецца, учыненыя ў пэрыяд з 1998 па 2010 гады.
- За гэты час некалькі жанчын абвінавацілі сьпевака ў згвалтаваньнях, а ў 2008 годзе Ар Кэлі судзілі па справе аб вырабе дзіцячай парнаграфіі, але апраўдалі.
Як адзначае BBC, новыя абвінавачваньні ўдалося выставіць пасьля таго, як пракурор штату Ілінойс Кім Фокс заклікала жанчын, пацярпелых ад дзеяньняў сьпевака, заявіць пра гэта ў судзе. Адной з падставаў для звароту пракурора стаў выхад у студзені 6-сэрыйнага дакумэнтальнага фільма «Перажыць Ар Кэлі», у якім прыводзяцца падрабязнасьці сэксуальных злачынстваў.
- Раней адвакат Майкл Авенаці, які прадстаўляе шэсьць ахвяраў гвалту, заявіў, што перадаў у пракуратуру відэазапіс, на якой Ар Кэлі займаецца сэксам з чатырнаццацігадовай дзяўчынай.
- Сам артыст неаднаразова абвяргаў абвінавачваньні на свой адрас і прысьвяціў гэтаму песьню, якая, аднак, называецца I Admit (я прызнаю). У ёй Ар Кэлі прызнаецца, што не хадзіў у царкву і што яго выгналі з школы, але не прызнае сябе вінаватым у пэдафіліі, хатнім гвалце і стварэньні «сэксуальнага культу».
- У 2018 годзе найбуйнейшыя сэрвісы для лічбавага распаўсюджваньня музыкі iTunes і Spotify абвясьцілі Ар Кэлі байкот пасьля чарговай сэрыі абвінавачваньняў на яго адрас.